Сёлета ў Форуме грамадзянскай супольнасьці праекту ў Вене ўдзельнічае беларуская дэлегацыя, хоць фармальна Беларусь выйшла з праграмы Эўразьвязу па сувязях з краінамі Ўсходняй Эўропы.
Сярод удзельнікаў форуму Ўладзімер Астапенка (прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінэта па міжнародным і эўрапейскім супрацоўніцтве), Франак Вячорка (галоўны дарадца Ціханоўскай), Натальля Гарбуз (нацыянальны каардынатар PPD (Public Private Dialogue) Network Consortium), Юлія Міцкевіч (экспэрт Форума партнэрства), Юліяна Шаметавец (спікер ананімнай апазыцыйнай хакерскай групы "Кібэрпартызаны"), а таксама дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская, якая выступіла зь вітальным словам:
«Сёньня я стаю тут як прадстаўніца Беларусі — тых, хто супраціўляецца і будуе будучыню, нават знаходзячыся ў выгнаньні ці ў падпольлі. Многія гады „Ўсходняе партнэрства“ было мостам. Яно збліжала нас, умацоўвала мару беларусаў пра эўрапейскую будучыню.
Для нас Эўрапэйскі Зьвяз — гэта больш чым альянс. Гэта адзіная жыцьцяздольная альтэрнатыва „русскому миру“. Толькі ў складзе Эўразьвязу мы зможам сапраўды квітнець як нацыя», — заявіла яна.
Ціханоўская прапанавала, што можна зрабіць цяпер, у межах „Усходняга партнэрства“:
- Разьвіваць існыя праекты і супрацоўніцтва:
падтрымку грамадзянскай супольнасьці, беларускіх НДА, незалежных мэдыя і культурных праектаў, як у выгнаньні, так і ў Беларусі, з выкарыстаньнем рэсурсаў, недаступных пры рэжыме Лукашэнкі.
- Умацоўваць сувязі паміж людзьмі:
паляпшаць мабільнасьць, візавыя пытаньні і абмены, каб паказаць, што дзьверы Эўропы адчыненыя для Беларусі.
- Узмацніць рэгіянальнае супрацоўніцтва:
арганізоўваць сумесныя мерапрыемствы для беларусаў, украінцаў, малдаванаў, армянаў і прадэмакратычных азэрбайджанцаў у межах „Ўсходняга партнэрства“.
- Падтрымаць кампанію за вызваленьне палітвязьняў:
асаблівая ўвага — на сытуацыю з ізаляцыяй многіх вязьняў.
«Хоць дыктатар выйшаў з „Усходняга партнэрства“, мы, беларусы, ня выйшлі. Давайце спынім практыку „пустога крэсла“ і запросім прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі на саміт „Усходняга партнэрства“. Так, гэта нестандартны падыход, але ў нестандартныя часы ён неабходны», — падкрэсьліла Сьвятлана Ціханоўская.
Таксама ў Вене Ціханоўская далучылася да мерапрыемства Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, якое сабрала амбасадараў і дыпляматаў краін-чальцоў АБСЭ, а таксама сяброў групаў «За дэмакратычную Беларусь». Ціханоўская ўзняла актуальныя пытаньні ў дачыненьні да Беларусі, якія АБСЭ важна трымаць на парадку дня. Сярод іншага яна адзначыла ролю Беларусі ў рэгіянальнай бяспецы, а таксама згадала будучыя выбары ў Беларусі і падкрэсьліла неабходнасьць падтрымкі АБСЭ ў працяг барацьбы беларусаў за дэмакратычныя перамены ў краіне.
«Без дэмакратычнай Беларусі ў рэгіёне ня будзе трывалага міру. Калі б рэжым Лукашэнкі скончыўся ў 2020 годзе, поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, магчыма, і не пачалося б. Такім чынам барацьба за перамены ў Беларусі не зьяўляецца ўнутраным пытаньнем», — заявіла Ціханоўская.
Што такое «Усходняе партнэрства»
- «Усходняе партнэрства» — праект ЭЗ, які мае на мэце разьвіцьцё інтэграцыйных сувязяў з постсавецкімі краінамі: Азэрбайджанам, Армэніяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай.
- Беларускія ўлады прыпынілі ўдзел ва «Ўсходнім партнэрстве» ў чэрвені 2021 году ў адказ на новыя заходнія санкцыі, уведзеныя пасьля вымушанай пасадкі ў Менску самалёта ірляндзкай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню, і арышту на той момант апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі, грамадзянкі Расеі Соф’і Сапегі.
Форум