Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ухваліў пастаўку супрацьпяхотных мінаў Украіне, паведаміў прадстаўнік ЗША агенцтву Reuters на ўмовах ананімнасьці. Па словах суразмоўцы агенцтва, гэты крок можа дапамагчы запаволіць прасоўваньне Расеі на ўсходзе Ўкраіны.
Злучаныя Штаты чакаюць, што Ўкраіна будзе выкарыстоўваць міны на сваёй тэрыторыі, яна абавязалася не прымяняць іх у раёнах, дзе пражываюць мірныя грамадзяне. Аб гэтым паведаміла газета The Washington Post.
Офіс прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, Міністэрства абароны Ўкраіны, Міністэрства абароны Расеі і Крэмль пакуль не адказалі на просьбы Reuters пракамэнтаваць сытуацыю.
Злучаныя Штаты пастаўлялі Ўкраіне супрацьтанкавыя міны на працягу ўсяго пэрыяду поўнамаштабнай расейскай агрэсіі, пры гэтым пастаўкі супрацьпяхотных мінаў накіраваны менавіта на спробы запаволіць прасоўваньне расейскіх сухапутных войскаў, прыводзіць словы чыноўніка Reuters.
Як адрэагавалі ў Менску і Маскве
Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл — першы намесьнік міністра абароны Беларусі Павал Муравейка назваў рашэньне ЗША «чарговым парушэньнем балянсу сілаў».
«На сёньня існавала ў сьвеце сыстэма стрыманьня і процівагі. Яна ўключала забарону выкарыстаньня супрацьпяхотных мінаў у сучасных канфліктах. Рашэньне аб пастаўцы такіх мінаў ва Ўкраіну — гэта парушэньне чарговага балянсу сіл, эскаляцыя сродкаў паражэньня, якія могуць быць выкарыстаныя. Мы павінны гэта ўлічваць, таму што ніхто не дае гарантыі, што супраць нас таксама ня будзе выкарыстоўвацца такая зброя», — працытавала Паўла Муравейку прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі.
Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта, расцаніў рашэньне Джо Байдэна як крок, накіраваны на «прадаўжэньне вайны ва Ўкраіне».
«Цяжка сказаць, наколькі зьвесткі аб ухваленьні Байдэнам паставак супрацьпяхотных мінаў ва Ўкраіну адпавядаюць рэчаіснасьці. [...] Адміністрацыя ЗША, якая сыходзіць, робіць усё магчымае для прадоўжаньня вайны ва Ўкраіне», — працытавала праграма «Вести» Дзьмітрыя Пяскова.
Кіраўніцтва Расеі і Міністэрства абароны краіны пакуль не камэнтавалі рашэньня ЗША аб выдзяленьні Ўкраіне супрацьпяхотных мін.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум