Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада ЗША ў Кіеве закрылася празь інфармацыю аб ракетнай атацы Расеі. Спынілі працу і іншыя дыпляматы


Амбасада ЗША ў Кіеве
Амбасада ЗША ў Кіеве

Папярэджаньне зьявілася на наступны дзень пасьля таго, як расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін зацьвердзіў сваім указаў новую ядзерную дактрыну.

Амбасада ЗША ва Ўкраіне паведаміла аб атрыманьні «канкрэтнай інфармацыі» аб магчымай моцнай паветранай атацы 20 лістапада.

«Праз значную небясьпеку амбасада будзе закрытая. [...] Амбасада ЗША рэкамэндуе грамадзянам ЗША быць гатовымі неадкладна схавацца ў выпадку абвяшчэньня паветранай трывогі», — адзначаецца ў паведамленьні амбасады ЗША.

Дыпляматы таксама заклікалі сваіх грамадзян, якія знаходзяцца ў Кіеве, вызначыць найбліжэйшае бомбасховішча, у якім можна схавацца, і пры неабходнасьці выконваць указаньні ўкраінскіх уладаў і службаў хуткага рэагаваньня ў выпадку надзвычайнай сытуацыі.

Ніякіх іншых дэталяў у амэрыканскай амбасадзе не паведамілі.

Пазьней дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Гішпаніі EFE паведаміла аб закрыцьці на дзень і гішпанскай амбасады ў Кіеве празь імаверную моцную атакі Расеі на ўкраінскую сталіцу. Праз пэўны час аб спыненьні працы паведамілі дыпляматычныя прадстаўніцтвы Італіі і Грэцыі.

Пазьней сытуацыю пракамэнтаваў прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Украіны Георгі Ціхі: «У гэты 1001-ы дзень поўнамаштабнага ўварваньня пагроза расейскага абстрэлу такая ж актуальная, як і за папярэднюю тысячу дзён. Мы лічым, што было б карэктна, калі б партнэры ў 1001-ы дзень адрэагавалі гэтак жа, як і ў папярэднюю тысячу дзён, без дадатковага інфармацыйнага нагнятаньня».

19 кастрычніка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін зацьвердзіў сваім указам асновы дзяржаўнай палітыкі Расеі ў галіне ядзернага стрыманьня. Дакумэнт прадугледжвае, што Расея пакідае за сабой права выкарыстаць ядзерную зброю ў выпадку прымяненьня гэтай або іншай зброі супраць Расеі або яе хаўрусьніцы Беларусі.

Апроч таго, Расея зможа прымяніць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Расеі ці Беларусі як удзельнікаў саюзнай дзяржавы з выкарыстаньнем звычайнай зброі, якая створыць пагрозу сувэрэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасьці краін.

Рашэньне аб выкарыстаньні ядзернай зброі ўхвальвае прэзыдэнт Расеі.

17 лістапада выданьні The New York Times, Associated Press і Reuters, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG