Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Белага дому пры Трампе будзе самая маладая прэсавая сакратарка


Кэралайн Лівіт
Кэралайн Лівіт

Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што прызначыць прэс-сакратаркай Белага дома 27-гадовую Кэралайн Лівіт, а міністрам унутраных спраў — мільярдэра Дугласа Бэргама.

Кэралайн Лівіт была прэс-сакратаркай перадвыбарнай кампаніі Трампа і памочніцай прэс-сакратара ў ягонай першай адміністрацыі. Цяпер яна стане самай маладой прадстаўніцай Белага дома ў гісторыі ЗША. Да гэтага дасягненьне належала Рону Зіглеру, які заняў пасаду прэс-сакратара Белага дома ў 29 гадоў пры Рычардзе Ніксане.

«Кэралайн разумная, цьвёрдая і зарэкамэндавала сябе як высокаэфэктыўны камунікатар. Я абсалютна ўпэўнены, што яна выдатна выявіць сябе на трыбуне і дапаможа данесьці да амэрыканскага народа наша пасланьне», — цытуе заяву Трампа USA Today.

Намінаваны на пасаду міністра ўнутраных спраў ЗША Дуглас Бэргам цяпер працуе губэрнатарам Паўночнай Дакоты, а ў 2023 годзе плянаваў змагацца за намінацыю на пасаду прэзыдэнта ЗША ад Рэспубліканскай партыі. Таксама Бэргам стане старшынёй «сьвежасфармаванай і вельмі важнай» Нацыянальнай рады па энэргетыцы, гаворыцца ў заяве Трампа ў сацыяльнай сетцы Truth Social. Паводле задумы Трампа, рада аб’яднае ўсе ведамствы, зьвязаныя са здабычай і рэалізацыяй энэргарэсурсаў.

Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША прайшлі 5 лістапада. Іх пераможцам стаў кандыдат ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп, які набраў 312 галасоў выбарнікаў пры неабходных 270. Інаўгурацыя абранага прэзыдэнта заплянавана на 20 студзеня 2025 году.

Пасьля перамогі Дональд Трамп намінаваў

  • сэнатара ад Флорыды Марка Рубіё на пасаду дзяржаўнага сакратара ЗША,
  • вядоўцу тэлеканала Fox News Піта Гэгсэта на пасаду міністра абароны ЗША,
  • Джона Рэткліфа, былога дырэктара Нацыянальнай выведкі, на пасаду кіраўніка Цэнтральнага выведвальнага ўпраўленьня,
  • былога афіцэра спэцназу кангрэсмэна Майка Ўолца на ролю дарадцы ў нацыянальнай бясьпецы,
  • Робэрта Кенэдзі-малодшага на пасаду кіраўніка Міністэрства аховы здароўя і сацыяльных службаў,
  • мільярдэр Ілан Маск і бізнэсовец і былы кандыдат у прэзыдэнты ад рэспубліканцаў Вівэк Рамасвамі ўзначаляць нядаўна створанае дэпартамэнт павышэньня эфэктыўнасьці дзяржаўнага кіраваньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG