Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцай тэлеканалу «Белсат» прызначылі Аліну Коўшык. Яны сыходзіць з Каардынацыйнай рады і АПК

абноўлена

Аліна Коўшык
Аліна Коўшык

Раней, пасьля звальненьня дырэктаркі тэлеканалу Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, пасаду кіраўніка «Белсату» займаў Аляксей Дзікавіцкі.

Аліну Коўшык прызначылі галоўнай рэдактаркай тэлеканалу «Белсат», таму яна пакідае Аб’яднаны пераходны кабінэт, паведамілі ў АПК, а таксама крыніцы Свабоды.

Прадстаўніцтва ў нацыянальным адраджэньні АПК працягне працу. Выконваць абавязкі прадстаўніка будзе намесьнік Аліны Коўшык Павал Баркоўскі, пакуль не прызначылі новага прадстаўніка ці прадстаўніцу.

Таксама Аліна Коўшык добраахвотна адмовілася ад мандату сябра Каардынацыйнай рады, патлумачыўшы гэта тым, што ня зможа «далей сумяшчаць сяброўства ў Каардынацыйнай радзе з выкананьнем абавязкаў на новай пасадзе». Лідэрства ў фракцыі «Эўрапейскі выбар» перадаецца Валерыю Мацкевічу.

Сьвятлана Ціханоўская ўжо прывітала прызначэньне Аліны Коўшык на новую пасаду:

«Я шчыра віншую Аліну Коўшык з новым прызначэньнем. Упэўненая, што яе праца на новай пасадзе ўзмоцніць „Белсат“ і прынясе карысьць нашай агульнай справе. „Белсат“ мае вялізнае значэньне для Беларусі і дэмакратычнага руху, дае беларусам ня толькі аб’ектыўную інфармацыю і пляцоўку для дыскусій, але і ўмацоўвае нашу нацыянальную ідэнтычнасьць. З грамадзкім і палітычным досьведам, атрыманым за апошнія гады, Аліна вяртаецца да каманды, якую трэба захаваць і ўзмацніць у няпросты пэрыяд трансфармацыі тэлеканалу».

Першай дырэктаркай тэлеканалу была Агнешка Рамашэўская-Гузы — сузаснавальніца і першая дырэктарка «Белсату». Узначальвала канал ад моманту стварэньня да сакавіка 2024 году, агулам — больш за 18 гадоў.

У сакавіку 2024 году Рамашэўскую-Гузы звольнілі з пасады дырэктара «Белсату».

Выканаўцам абавязкаў дырэктара «Белсату» стаў Аляксей Дзікавіцкі. 15 лістапада стала вядома, што на яго месца прызначылі Аліну Коўшык — прадстаўніцу Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) у нацыянальным адраджэньні, якая раней была журналісткай.

Раней стала вядома, што паводле плянаў МЗС Польшчы «Белсат» неўзабаве мае стаць часткай новай структуры ўнутры польскай тэлевізіі. Тэлеканал аб’яднаецца зь міжнародным каналам TVP World. Вяшчаньне там, апрача ангельскай, будзе па-беларуску, нямецку, расейску і ўкраінску. Расейскамоўнае вяшчаньне «Белсату» аддзеліцца ад «Белсату». Адбыцца гэта мае ўвесну наступнага году.

«„Белсат“ застанецца выключна па-беларуску. Расейскі кантэнт аддзеліцца. Гаворка ідзе пра 6–8 гадзінаў, якія будуць паўтарацца. Але канкрэтыкі пакуль няма. Ад спадарожніка мы таксама не адмаўляемся, на шчасьце. Людзі, якія не да канца ведалі сытуацыю там, куды мы вяшчаем, мелі такія пляны. Але іх удалося пераканаць», — расказваў раней Дзікавіцкі.

Нядаўна Аляксей Дзікавіцкі атрымаў ліст ад Сьледчага камітэту Беларусі, дзе гаворыцца, што на ягоны дом на радзіме наклалі арышт.

Як растлумачыў «Белсату» юрыст, арышт на дом быў накладзены пастановаю сьледчага. Інфармацыю пра гэта таксама ўнесьлі ў рэестар нерухомай маёмасьці і зямельны кадастар Рэспублікі Беларусь. На практыцы гэта значыць, што пакуль дом пад арыштам, зь ім нельга нічога зрабіць: ні прадаць, ні падарыць, ні абмяняць.

Хто такая Аліна Коўшык

Аліна Коўшык нарадзілася ў Горадні. Скончыла гістарычны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы, магістратуру Варшаўскага ўнівэрсытэту па паліталёгіі і гісторыі.

Коўшык — беларуская журналістка і тэлевядоўца, 15 гадоў працавала на «Белсаце». Яна сузаснавальніца Цэнтру беларускай салідарнасьці ў Варшаве і «ІнБелКульт 2.0».

Зь верасьня 2022 году Коўшык была прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) у нацыянальным адраджэньні. Аднак пасьля прызначэньня на пасаду кіраўніцы «Белсату» стала вядома, што Аліна Коўшык пакідае АПК.

«Я пакідаю каманду з распрацаванай Стратэгіяй, з шэрагам пасьпяховых кейсаў і канкрэтным плянам на найбліжэйшую будучыню. Мы не разьвітваемся, я ўпэўненая, што беларускі дэмакратычны рух і „Белсат“ непадзельныя. Нас чакае шмат выклікаў на ніве антыпрапаганды, стратэгічных камунікацый і папулярызацыі нацыянальнай культуры», — заявіла Аліна Коўшык.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG