Паводле расейскага заканадаўства, любы чалавек або арганізацыя, што атрымлівае падтрымку з-за мяжы або знаходзіцца пад замежным уплывам, абавязаны зарэгістравацца як «іншаземны агент». Гэты ярлык, які нагадвае савецкія часы, цягне за сабой шматлікія бюракратычныя патрабаваньні, піша Reuters.
Расея сьцьвярджае, што яе закон менш строгі за закон ЗША «Аб рэгістрацыі іншаземных агентаў» 1938 году, хоць расейскі закон прымяняецца практычна да ўсіх лідэраў разьяднанай апазыцыі. Некаторыя дысыдэнты маюць яго за знак гонару.
Сьпікер ніжняй палаты расейскага парлямэнту Вячаслаў Валодзін заявіў, што Дзяржаўная Дума працуе над узмацненьнем жорсткасьці правілаў па аўтарскіх і інтэлектуальных правах для замежных агентаў, абавязваючы іх выкарыстоўваць адмысловыя рублёвыя рахункі для такіх выплат.
Правілы будуць ахопліваць усе даходы ад інтэлектуальнай дзейнасьці і брэндаў, у тым ліку ад працы ў навуцы, літаратуры і мастацтве, выступаў, трансьляцыяў і гандлёвых марак.
«Тыя, хто разбураюць Расею, абражаючы яе грамадзян, удзельнікаў спэцыяльнай ваеннай апэрацыі, не павінны ўзбагачацца за кошт нашай краіны», — напісаў у сваім Telegram-канале Валодзін, які часта прапануе ініцыятывы, якія падтрымліваюцца Крамлём.
Афіцыйна Расея прадстаўляе вайну ва Ўкраіне як «спэцыяльную ваенную апэрацыю», хоць многія расейскія афіцыйныя асобы, уключаючы прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, часта называюць яе таксама вайной.
Валодзін дадаў, што Расея працуе над мерамі па ўзмацненьні правілаў у дачыненьні да даходаў тых людзей, якія не зьяўляюцца замежнымі агентамі, але пакінулі Расею і нэгатыўна выказваюцца пра яе.
Усяго Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла ў сьпіс замежных агентаў 881 асобу і арганізацыю, у тым ліку былога мільярдэра Міхаіла Хадаркоўскага, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Дзьмітрыя Муратава і вядомага блогера і журналіста Юрыя Дудзя.
Прыхільнікі Пуціна заяўляюць, што закон аб іншаземных агентах неабходны для процідзеяньня заходнім спробам умяшацца ва ўнутраныя справы Расеі на фоне таго, што Пуцін характарызуе як проксі-вайну ва Ўкраіне паміж Расеяй і Захадам.
Расейскія чыноўнікі заяўляюць, што празаходняя культурная эліта, якая вырасла пасьля падзеньня СССР у 1991 годзе, ачышчаецца і замяняецца патрыятычнымі сьпевакамі, пісьменьнікамі і мастакамі, якія захаваюць сувэрэнітэт Расеі.
Апанэнты Пуціна сьцьвярджаюць, што гэты закон — частка сыстэмы рэпрэсій, якая ператварыла Расею ў хісткую аўтарытарную дзяржаву, у якой расейская мастацкая і навуковая творчасьць душыцца.
Форум