«Трэба памятаць, што пратэсты 2020 году адбываліся, калі яшчэ Трамп быў прэзыдэнтам. І тады амбасадаркай у Беларусі была прызначаная Джулі Фішэр, якая потым стала спэцпасланьніцай. Тады і намесьнік дзяржсакратара ЗША Стыў Бігэн прыяжджаў у Вільню наведаць Сьвятлану Ціханоўскую. Ён быў адным з самых першых замежных палітыкаў, якія гэта зрабілі.
І вельмі вялікая частка чыноўнікаў, якія працуюць па Беларусі, не памяняюцца з прыходам новай адміністрацыі, яны працягнуць працаваць па нашай тэме. Таму вялікага развароту або забыцьця Беларусі ня будзе. Тыя, хто працаваў і займаўся Беларусьсю, хутчэй за ўсё, будуць ёю займацца далей.
Дзе, магчыма, нам не хапае ў дастатковай меры кантактаў, гэта сярод той асноўнай групы, якая зойме ключавыя пасады. Мы ня ведаем, хто гэта будзе, ці будуць гэта нашы знаёмыя, ці людзі, якія ніколі не займаліся нашым рэгіёнам. Таму ў найбліжэйшыя месяцы вельмі важна будзе выйсьці на сувязь, сустрэцца, патлумачыць, што адбываецца ў Беларусі, і выпрацаваць палітыку.
Мы б хацелі, каб працягвалася і ўмацоўвалася тая палітыка ў дачыненьні да Беларусі: з аднаго боку ціск на рэжым, а з другога — падтрымка беларусаў, і каб тэма палітвязьняў гучала, і тэма падтрымкі незалежных СМІ была на парадку дня. Усё гэта патрабуе тлумачэньня. Ёсьць верагоднасьць, што многія людзі, якія будуць прызначаныя на палітычныя пасады, ніколі з нашым прафайлам і нашым рэгіёнам не працавалі. І тут ужо ад нас — палітычных сілаў і дыяспары — будзе залежаць, каб распавесьці ім больш пра гэта».
Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году
- За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
- Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
- Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
- Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
- Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
- Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
- Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
- Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
- У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
- Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
- Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
- Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.
Хто такая Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.
- Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
- 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
- Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
- Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
- Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
- З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
- Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
- 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
- 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
- Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
- Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
- Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
- За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
- Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
- У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
- У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
- Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
- У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
- У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам
Форум