З 25 лютага прагаласаваць датэрмінова могуць жыхары аддаленых і цяжкадаступных мясьцовасьцяў. На Камчатцы прагаласаваць датэрмінова змогуць каля 30 тысяч чалавек, на Калыме — каля 15 тысяч, у Якуціі — 12,9 тысячы, у Амурскай вобласьці — больш за 5 тысяч, у Прымор’і — 4,4 тысячы, на Чукотцы — больш за 4 тысячы, піша ТАСС.
Пры гэтым ЦВК Расеі прыняла рашэньне, што датэрміновае галасаваньне будзе праведзена і на акупаваных тэрыторыях Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай абласьцей Украіны.
У верасьні 2023 году на акупаваных тэрыторыях таксама праводзілася датэрміновае галасаваньне – на выбарах у расейскія рэгіянальныя парлямэнты.
З 1 сакавіка галасаваць датэрмінова змогуць выбарнікі, якія знаходзяцца за мяжой.
Асноўнае галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі пройдзе 15, 16 і 17 сакавіка.
- Выбары ў Расеі незалежныя назіральнікі і экспэрты ацэньваюць як несвабодныя і несумленныя.
- Улады ўмешваюцца ў выбарчы працэс, ствараюць перавагі праўладным кандыдатам, а ў шэрагу выпадкаў вядзецца аб простай фальсыфікацыі.
- Адзінага патэнцыйнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Расеі Барыса Надзеждзіна, які займаў антываенную пазыцыю і выступаў супраць палітыкі цяперашняга прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, не зарэгістравалі. Яго кампанія прыцягнула ўвагу пасьля таго, як каля яго штабоў пачалі выстройвацца вялікія чэргі ахвочых паставіць подпісы.
- У штабе Надзеждзіна сьцьвярджаюць, што сабралі больш за 200 тысяч, у ЦВК падалі, як прадугледжана законам, крыху больш за 100 тысяч подпісаў. 8 лютага ЦВК адмовіла Надзеждзіну ў рэгістрацыі, знайшоўшы ў яго подпісах больш за 15% бракаваных подпісаў пры дапушчальных 5%. Вярхоўны суд Расеі прызнаў законнай адмову ў рэгістрацыі Надзеждзіна.
- ЦВК Расеі зарэгістраваў 4 кандыдатаў: дзейнага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, дзя якога гэт, Уладзіслава Даванкова ад «Новых людзей», Мікалая Харытонава ад КПРФ і Леаніда Слуцкага ад ЛДПР. Іх партыі прадстаўленыя ў Дзярждуме, таму зьбіраць подпісы ім ня трэба.
- Пасьля таго як Савет фэдэрацыі РФ прызначыў дату выбараў прэзыдэнта, Фонд барацьбы з карупцыяй, створаны нядаўна памерлым у няволі лідэрам расейскай апазыцыі Аляксеем навальным, заявіў аб запуску кампаніі «Расея бяз Пуціна» з заклікам галасаваць за любога кандыдата, акрамя Пуціна.
- Пуцін знаходзіцца ва ўладзе з 2000 году. Ён двойчы абіраўся прэзыдэнтам у 2000-я гады: у 2000 і 2004 гадах. Тады прэзыдэнцкі тэрмін складаў 4 гады. У 2008 годзе Пуцін і тагачасны кіраўнік урада правялі ракіроўку: прэзыдэнтам стаў Дзьмітры Мядзьведзеў, а Пуцін заняў пасаду кіраўніка ўраду. У 2012 годзе Пуцін пайшоў на трэці тэрмін, і ў тым самым годзе тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў быў павялічаны з 4 да 6 гадоў. У 2018 годзе ён стаў прэзыдэнтам чацьвёрты раз. Летам 2020 году ў Расеі былі прынятыя папраўкі да Канстытуцыі, якія дазволяць Пуціну зноў двойчы балятавацца на пасаду кіраўніка дзяржавы і заставацца ва ўладзе да 2036 году.