Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрылася, але праз тры дні прыпыніла працу выстава ў гонар юбілею найвядомейшай карціны Малевіча


На адкрыцьці выставы
На адкрыцьці выставы

Выстава прысьвечаная 110-годзьдзю «Чорнага квадрата» мастака-супрэматыста Казімера Малевіча. Яна павінна была працягвацца да 1 красавіка.

Выставу ўрачыста адкрылі 30 студзеня ў сталічнай галерэі «Ракурс». Выстава ў Менску называецца «1,10 квадрата». Адзін з арганізатараў — аб’яднаньне «Беларускі саюз мастакоў».

«Чорны квадрат» Казімера Малевіча
«Чорны квадрат» Казімера Малевіча

Аднак ужо 3 лютага Палац мастацтва паведаміў, што выстава часова прыпыніла працу «з тэхнічных прычынаў». У чым палягаюць гэныя «тэхнічныя прычыны», пакуль ніхто не патлумачыў.

На часова зачыненай выставе прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, шкло, кераміка, мэтал, фатаграфія, арт-аб’екты. У праекце прымаюць удзел сябры Беларускага саюзу мастакоў зь Менску і ўсіх рэгіёнаў Беларусі, дызайнэры, творчая моладзь, зацікаўленыя тэмай творцы.

Гэта адна з экспазыцый агульнага праекту, які цягам 2024 году пакажуць на некалькіх выставачных пляцоўках Беларусі.

«Чорны квадрат» — самы знакаміты твор Казімера Малевіча. Яго назва стала мэтафарай радыкальнасьці мастацкага мысьленьня, калі беспрадметнае ўзводзіцца ў найвышэйшую ступень.

Квадрат увасобіў з максымальным ляканізмам ідэю «абсалютнага нуля», пачатку і канца ўсіх формаў, зьяў, сьветаў, напісаў Палац мастацтваў у прадмове да выставы. Квадрат у сваім філязофскім значэньні заставаўся не да канца разгаданай загадкай і для свайго стваральніка. Малевіч бачыў у ім таямніцу, падобную космасу, неспасьціжны «вобраз Бога», які немагчыма перапісаць, зьмяніць ці перасягнуць, але можна, падобна іконе, паўтарыць, ён называў яго сваім галоўным творам, зьмясьціў на вокладку ўласнай кнігі аб супрэматызьме ў 1916 годзе, падпісваў ім, як манаграмай, свае лісты і позьнія фігуратыўныя карціны.

Упершыню «Чорны квадрат» паказалі на «Апошняй футурыстычнай выставе карцін «0,10» у Петраградзе ў сьнежні 1915 году. Аднак Малевіч заўсёды сьцьвярджаў, што годам яго стварэньня зьяўляецца 1913-ты. Тады ён разам з мастаком Мацюшыным і паэтам Кручоных удзельнічаў у пастаноўцы футурыстычнай опэры «Перамога над сонцам».

Падчас афармленьня спэктаклю і затым пры ілюстраваньні выданьня лібрэта опэры Малевіч упершыню намаляваў на белым пустым полі чорны квадрат, назваўшы яго «зародкам усіх магчымасьцяў». Праз два гады з плёну гэтай «інтуітыўнай знаходкі» вырас супрэматызм — першы напрамак беспрадметнага мастацтва ў расейскім авангардзе. Паколькі для Малевіча важней было зафіксаваць нараджэньне ідэі квадрату, а ня час яго ўвасабленьня на палатне, то ўсе рэплікі квадрату мастак датаваў 1913 годам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG