Відэа будзе даступнае толькі тры дні: 22, 23 і 24 сьнежня.
Сусьветная прэм’ера спэктакля Беларускага свабоднага тэатру «Дзікае паляваньне караля Стаха» паводле аднайменнага раману Ўладзімера Караткевіча прайшла сёлета 16 верасьня ў прэстыжным лёнданскім тэатры «Барбікан».
Кампазытарка — Вольга Падгайская, дырыгент — Віталь Алексяёнак, аўтар лібрэта — Андрэй Хадановіч, рэжысэры — Натальля Каляда і Мікалай Халезін.
У опэры граюць акторы, опэрныя выканаўцы і музыканты зь Беларусі і Ўкраіны, а сама пастаноўка ідзе на беларускай мове з ангельскімі субтытрамі.
Culture Whisper унёс опэру «Дзікае паляваньне караля Стаха» ў сьпіс найлепшых спэктакляў верасьня 2023 году ў Лёндане.
У чэрвені 2023 году заснавальнікі беларускага «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін і Натальля Каляда атрымалі ўзнагароды караля Вялікай Брытаніі. Ім далі званьні членаў Ордэна Брытанскай імпэрыі (MBE) за заслугі перад тэатрам.