Паводле яго, Беларусь зьяўляецца адной з чатырох самых мілітарызаваных краінаў Эўропы і 19-й — у сьвеце, паведамляе «Зеркало».
Дзяржавы з пазыцыямі з 1-й па 30-ю складальнікі рэйтынгу адносяць да групы «вельмі моцна мілітарызаваных» — адпаведна, трапіла ў гэтую катэгорыю і Беларусь, знаходзячыся на 19-ай пазыцыі.
Аўтары рэйтынгу сьцьвярджаюць, што мілітарызацыя Беларусі стала вынікам імкненьня рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да вайсковага саюзу з Расеяй. У выніку краіна мілітарызавалася разам з РФ — і адначасова нарасьціла колькасьць сілавікоў для захаваньня цяперашняга палітычнага рэжыму.
Таксама экспэрты называюць Расею (разам з Кітаем) галоўным пастаўшчыком зброі ў Беларусь.
Аўтары рэйтынгу зьвяртаюць увагу на тое, што ў 2021 годзе Беларусь прыняла супольную з Расеяй ваенную дактрыну «саюзнай дзяржавы», у адпаведнасьці зь якой краіна ператварылася ў заходні флянг беларуска-расейскай групоўкі, накіраваны супраць NATO.
У якасьці іншай крыніцы высокага ўзроўню мілітарызацыі Беларусі экспэрты вызначаюць багатую ваенную спадчыну СССР, ад якой краіна атрымала шмат цяжкай баявой тэхнікі. Акрамя таго, як адзначаюць складальнікі рэйтынгу, у апошняе дзесяцігодзьдзе Менск пачаў нарошчваць закупкі новых узбраеньняў і ваеннай тэхнікі ў Расеі.
Цяпер жа першая дзясятка самых мілітарызаваных краінаў сьвету, паводле рэйтынгу, выглядае наступным чынам:
- Украіна (19-е месца летась)
- Ізраіль (1-е месца ў мінулым годзе)
- Армэнія (3-е месца летась)
- Катар (6-е месца летась)
- Бахрэйн (2-е месца летась)
- Саудаўская Аравія (5-е месца летась)
- Грэцыя (9-е месца летась)
- Сынгапур (7-е месца летась)
- Азэрбайджан (13-е месца летась)
- Расея (11-е месца летась).