«Зеркало» зьвярнула ўвагу на адпаведную пастанову, якая была апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Цяпер пры прыёме пра працу будуць правяраць, ці прыцягваліся людзі ня толькі да крымінальнай, але і да адміністрацыйнай адказнасьці. Акрамя таго, будуць правяраць, ці зьвяртаўся кандыдат за атрыманьнем якога-небудзь «замежнага» дакумэнта — напрыклад, «карты паляка».
Каго будуць правяраць
- Работнікаў, якія ажыцьцяўляюць забесьпячэньне дзейнасьці і тэхнічнае абслугоўваньне Апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня, абласных, Менскага гарадзкога выканаўчых камітэтаў, гарадзкіх раённых выканаўчых камітэтаў, мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах;
- работнікаў апаратаў арганізацый, падпарадкаваных ураду;
- работнікаў апарата Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцей;
- кіраўнікоў і намесьнікаў кіраўнікоў, кіраўнікоў кадравых службаў арганізацый, маёмасьць якіх знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасьці, гаспадарчых таварыстваў, больш за 50 працэнтаў акцый (долей у статутным фондзе) якіх знаходзіцца ва ўласнасьці Беларусі, якія ўваходзяць у склад арганізацый, падпарадкаваных ураду;
- старшынь і намесьнікаў старшынь праўленьня абласных саюзаў спажывецкіх таварыстваў, абласных спажывецкіх таварыстваў.
Што будуць правяраць
Пры правядзеньні праверкі зьвестак аб кандыдаце на пасаду «вывучэньню і аналізу падлягаюць наступныя абставіны»:
- Дакладнасць прадстаўленых кандыдатам на пасаду зьвестак;
- наяўнасьць у кандыдата на пасаду судзімасьці (у тым ліку зьнятай або пагашанай ва ўстаноўленым парадку) або прыцягненьне яго ў якасьці абвінавачанага (падазронага) па крымінальнай справе, якая не разглядаецца судом, а таксама іншыя зьвесткі аб правапарушэньнях, якія захоўваюцца ў адзіным дзяржаўным банку даных аб правапарушэньнях, у дачыненьні да кандыдата;
- зьдзяйсьненьне кандыдатам на пасаду дзеяньняў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы Беларусі;
- інфармацыя аб невыкананьні кандыдатам на пасаду абмежаваньняў, устаноўленых заканадаўствам аб барацьбе з карупцыяй, учыненьні ім правапарушэньня, якое стварае ўмовы для карупцыі, або карупцыйнага правапарушэньня;
- звальненьне кандыдата з пасады па падставах, якія прызнаюцца ў адпаведнасьці з заканадаўствам дыскрэдытуючымі абставінамі звальненьня;
- парушэньне кандыдатам на пасаду абмежаваньняў, зьвязаных з дзяржаўнай грамадзянскай службай, ваеннай службай, службай у ваенізаваных арганізацыях;
- парушэньне кандыдатам на пасаду заканадаўства аб дзяржаўных сакрэтах;
- зварот кандыдата на пасаду ў падразьдзяленьні па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў па пытаньні аб выезьдзе за мяжу на пастаяннае месца жыхарства або ў кампэтэнтныя органы замежных дзяржаў за атрыманьнем грамадзянства, а таксама дакумэнтаў, якія даюць правы на льготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі ці нацыянальнай прыналежнасьцю (напрыклад, «картай паляка»);
- ажыцьцяўленьне кандыдатам на пасаду ў парушэньне заканадаўства выезду з Беларусі (уезду ў Беларусь).
Хто будзе праводзіць такую праверку і ў які тэрмін
Праверку будуць праводзіць органы дзяржбясьпекі і ўнутраных спраў.
Указана, што праверка не павінна займаць больш за месяц, а «тэрмін прыдатнасьці» такога заключэньня — 6 месяцаў.
Рашэньне аб прыёме на працу будзе прымацца зыходзячы з вынікаў праверкі.
Пастанова ўступае ў сілу пасьля яе афіцыйнага апублікаваньня.
Раней для сілавікоў і асобных дзяржслужачых увялі абмежаваньні па выезьдзе за мяжу.
- Варта адзначыць, што праверкі пры прыёме працу масава праводзіліся і без прынятай цяпер пастановы. Былі выпадкі, калі на працу немагчыма было ўладкавацца нават санітаркай на нізкааплатную працу праз адміністрацыйны арышт у 2020 годзе.