Амбасада ЗША ў Беларусі апублікавала ў Твітэры (цяпер Х) відэа, на якім чацьвёра амэрыканцаў спрабуюць вымавіць беларускія словы, у якіх шмат шыпячых. Гэта ім даецца зь цяжкасьцю.
Сярод словаў, якія выбралі для трэніроўкі вымаўленьня, — «Шчучыншчына», «ашчаджаць», «паляўнічы», «шчырасьць».
«Беларуская мова, безумоўна, цудоўная і прыгожая, але трэба больш практыкі», — так пракамэнтавалі героі вясёлага відэа свае спробы.
- Некаторыя з амбасадараў і супрацоўнікаў дыпмісіяў, якія ў розныя часы працавалі ў Беларусі, вывучылі беларускую мову. Сярод іх колішні кіраўнік дыпмісіі Швэцыі Стэфан Эрыксан, часовы павераны ў справах амбасады Славацкай Рэспублікі Любамір Рэгак, дарадца амбасады Чэхіі Гержман Хромы, іншыя дыпляматы. Многія бралі ўдзел у агульнабеларускіх дыктоўках, флэшмобах з чытаньнем вершаў па-беларуску.