Днямі Свабода апублікавала зьвесткі з рэпрэзэнтатыўнага апытаньня Беларускай аналітычнай майстэрні наконт палітычных і геапалітычных схільнасьцяў гарадзкога і вясковага насельніцтва Беларусі.
Паводле гэтых зьвестак, погляды вясковага насельніцтва значна больш прарасейскія і прасавецкія, чым у гараджанаў. Адно з тлумачэньняў гэтага — адрозьненьні сацыяльна-дэмаграфічных характарыстык жыхароў гораду і вёскі.
Графікі, якія ніжэй, зробленыя на падставе дадзеных Белстату аб выніках перапісу 2019 году.
Разьмеркаваньне паводле ўзросту гарадзкога і вясковага насельніцтва Беларусі, у %
Адрозьненьні відавочныя. Гарадзкое насельніцтва разьмеркаванае прыкладна раўнамерна па ўзроставых групах, крыху больш за іншыя групы дзяцей і падлеткаў. Разьмеркаваньне вясковага насельніцтва ссунутае ў бок старэйшых узроставых групаў. Доля асобаў самага сталага веку сярод вяскоўцаў на чвэрць большая, чым доля найстарэйшых сярод гараджанаў — 20,3% і 14% адпаведна. А доля дзяцей і моладзі ў вёсцы (23,2%) заўважна меншая, чым у горадзе (27,5%). У 2019 годзе, калі праводзіўся перапіс, сярэдні ўзрост беларускага вяскоўца складаў 44 гады, сярэдні ўзрост гараджаніна Беларусі – 39 гадоў.
Падобныя і нават больш выразныя адрозьненьні — у адукацыі.
Разьмеркаваньне паводле ўзроўняў адукацыі гарадзкога і вясковага насельніцтва Беларусі, у %
Сярод вяскоўцаў асобаў з найніжэйшым узроўнем адукацыі — базавай і пачатковай — удвая болей, чым сярод гараджанаў: 22,7% і 11,1% адпаведна. А ў вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі прапорцыя адваротная: доля гараджанаў з такой адукацыяй амаль удвая большая, чым доля вяскоўцаў.
І жыцьцёвы досьвед, і шматлікія сацыялягічныя апытаньні дэманструюць даволі шчыльную сувязь стаўленьня да Расеі з узростам і адукацыяй — маладзейшыя ўзроставыя групы і групы з больш высокай адукацыяй менш схільныя да прарасейскіх поглядаў і пачуцьцяў у пытаньнях, зьвязаных з Расеяй. У сацыялягічных апытаньнях сувязь, як правіла, блізкая да лінейнай — чым маладзейшая і чым больш адукаваная група рэспандэнтаў, тым больш прахалоднае яе стаўленьне да Расеі.
Графікі, прыведзеныя вышэй, паказваюць, што сярод вяскоўцаў значна больш, чым сярод гараджанаў, людзей сталага веку і зь нізкай адукацыяй. У гэтым, прынамсі часткова, — тлумачэньне дадзеных Беларускай аналітычнай майстэрні наконт большай схільнасьці вяскоўцаў да прарасейскіх поглядаў.
Варта прывесьці таксама дадзеныя перапісу 2019 году ў моўных пытаньнях.
Разьмеркаваньне паводле роднай мовы гарадзкога і вясковага насельніцтва, у %
Сумы лічбаў у слупках меншыя за 100%, бо частка насельніцтва пазначала ў якасьці роднай трэцюю мову — не беларускую і не расейскую. Відавочная перавага беларускай як роднай мовы сярод вяскоўцаў; сярод гараджанаў падзел амаль пароўну зь невялікаю перавагаю беларускай.
У перапісе 2019 году колькасьць тых, хто паведаміў, што дома звычайна гаворыць па-беларуску, сярод гараджанаў пераўзышла колькасьць такіх сярод вяскоўцаў. Падчас апошняга перапісу сваёю размоўнаю моваю назвалі беларускую ў гарадох 1557476 чалавек, у вёсках — 890288. Аднак у вёсках жыве і менш насельніцтва. Прапорцыі ў наступным графіку.
Разьмеркаваньне паводле размоўнай мовы гарадзкога і вясковага насельніцтва, у %
У перапісе 2009 году большасьць вясковага насельніцтва пазначала сваёй размоўнай мовай беларускую. У перапісе 2019 году і ў вёсцы перавагу ў якасьці размоўнай атрымала расейская. А ў горадзе яе перавага над беларускай больш чым трохразовая.
Паводле згаданых дадзеных Беларускай аналітычнай майстэрні, якраз у пытаньнях стаўленьня да беларускай мовы гараджане і вяскоўцы адрозьніваюцца ня надта.
Ці згодны вы з выказваньнем «Беларускай мовы павінна быць больш у нашым жыцьці»?
Ці згодны вы з выказваньнем «Я ня быў бы засмучаны, калі б беларуская мова цалкам зьнікла з жыцьця беларусаў»?
Можна прапанаваць наступнае тлумачэньне гэтага фэномэну. Вяскоўцы больш схільныя да прарасейскага сантымэнту і гэты фактар узьдзейнічае на іх у бок больш стрыманага, прахалоднага стаўленьня да беларускай мовы. Аднак іхная ідэнтычнасьць, вызначаная праз родную мову, і іхныя моўныя практыкі схіляюць іх да больш станоўчага стаўленьня да іхнай роднай і размоўнай беларускай. У выніку раўнадзейная гэтых двух рознаскіраваных фактараў дае такое ж стаўленьне да беларускай мовы, як у менш прарасейскіх гараджанаў, якія пры гэтым менш ангажаваныя ў беларускую мову.