Для онлайн-удзелу ў дыктоўцы ня трэба было рэгістравацца, а на вочную форму — напісаньне непасрэдна ў Варшаўскім унівэрсытэце — прыехалі 24 чалавекі, хаця зарэгістраваліся 60 асоб. Прычына ў візыце ў Варшаву ў гэтыя дні прэзыдэнта ЗША. Частка дарог у цэнтры, акурат на пад’ездах да ўнівэрсытэту, была перакрытая, таму частка ўдзельнікаў спазьнілася, а хтосьці ехаць не рызыкнуў.
Адна з арганізатарак «Беларускай дыктоўкі», кандыдат філялягічных навук, аўтар курсу тэорыі і практыкі перакладу Вольга Трацяк сказала Свабодзе, што адметнасьцю сёлетняга конкурсу стала «гібрыдная» формула яго правядзеньня — вочная і завочная.
«Адметным сёлета было тое, што 99% удзельнікаў былі беларусы. У папярэднія гады было зусім іначай, прыкладна 50 на 50».
Што спрычынілася да такіх зьменаў?
«Вялікая колькасьць новых эмігрантаў зь Беларусі і шырокая рэкляма нашага конкурсу суарганізатарамі: Беларускім моладзевым хабам і Беларускім домам. Думаю, што мэдыяпатранат і рэкляма ў беларускіх СМІ таксама прычынілася да гэтага», — кажа Вольга Трацяк.
Дыктоўку пісалі акадэмічным правапісам. Тэкст чытала прафэсарка Варшаўскага ўнівэрсытэту і колішняя кіраўніца Катэдры беларусістыкі Ніна Баршчэўская.
Дыктоўка ў лічбах і фактах:
- сярэдняя колькасьць памылак у адной працы — 11;
- розьніца паміж самай вялікай колькасьцю памылак і самай малой — 25;
- самая распаўсюджаная артаграфічная памылка — у перадачы яканьня на пісьме. Прыкладам, гаворым «ня буду», а пішам «не буду» (у тарашкевіцы ж якраз пішам «ня буду». — заўв. РС);
- самая частая пунктуацыйная памылка зьвязана з правіламі пастаноўкі двукроп’я і працяжніка ў складаным сказе;
- акрамя гэтага, часта сустракаліся памылкі ў форме творнага склону імя «Алесь»: правільна пішам «Алесем», не «Алесям».
Тэкстам дыктоўкі быў фрагмэнт з «Каласоў пад сярпом тваім» Уладзімера Караткевіча. Лепш за ўсіх дыктоўку напісала Тацяна Малашчанка, якая здолела перастроіцца на акадэмічны правапіс, хоць звычайна ў жыцьці піша тарашкевіцай. Другое месца занялі Ніна Ваніцкая і Эмі Бялінская, а трэцяе — Андрэй Залескі. Адмысловую ўзнагароду ў катэгорыі «студэнт» атрымала Аляксандра Дойніч.