Пра стварэньне мультсэрыялу заявілі ў інстаграме oblakostudio і Кірыл Шамардзін.
«Наша каманда на працягу 6 месяцаў працавала над стварэньнем дзіцячага мультсэрыялу на беларускай мове для плятформы Vokatv. Намі было створана 4 сэрыі, агульным хранамэтражам каля 21 хвіліны».
Мультсэрыял, зазначаюць яго стваральнікі, апавядае пра неймаверныя прыгоды вясёлай беларускай дзяўчынкі Марылі, у гераіні «вельмі багатая фантазія».
За аснову сюжэту ўзялі беларускую народную казку, сюжэт якой у працэсе перапрацавалі на 90%.
«Вывучана вялізная колькасьць казачнай, гістарычнай і міталягічнай літаратуры Беларусі, каб беражліва інтэрпрэтаваць легенды і ўнесьці ў нашу распрацоўку. Створана каля 300 унікальных фонаў без выкарыстаньня нэўрасетак. Намалявана 1304 сэкунды пакадравай анімацыі. Колькасьць кадраў раскадроўкі адной сэрыі даходзіла да 400», — прывялі лічбы ў студыі.
Назва мультсэрыялу — «Марыля. У пошуках дзіўнікаў». Яго можна паглядзець на афіцыйным сайце Voka абсалютна бясплатна пасьля рэгістрацыі на плятформе.
«Невялікая просьба: выбраць у наладах беларускую мову для прагляду», — дадалі ў студыі.