У брытанскай выведцы зьвярнулі ўвагу на тое, што Расея 14 студзеня аднавіла ўдары па ўкраінскай інфраструктуры толькі праз 15 дзён пасьля апошняга абстрэлу.
«Вялікая супрацькарабельная ракета AS-4 KITCHEN, запушчаная зь сярэдняга бамбавіка Ту-22М3 BACKFIRE, хутчэй за ўсё, трапіла ў жылы дом у Дніпры, што прывяло да гібелі сама меней 40 грамадзян», — паведаміла выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі.
У NATO ракетай AS-4 KITCHEN клясыфікуюць расейскія ракеты, вядомыя як Х22. У Паветраных сілах Украіны таксама пацьвердзілі, што Расея пры абстрэле Дніпра выкарыстоўвала менавіта гэтую зброю.
Брытанскія выведнікі нагадалі, што раней гэтымі ж ракетамі летась 27 чэрвеня Расея абстраляла гандлёвы цэнтар у Крэменчуку.
«Расея лжыва намякнула, што адказнасьць нясе ўкраінская супрацьпаветраная абарона. Ракеты AS-4 KITCHEN, як вядома, зьяўляюцца недакладнымі пры выкарыстаньні па наземных цэлях, бо іх радыёлякацыйная сыстэма навядзеньня дрэнна адрозьнівае цэлі ў гарадзкіх раёнах», — адзначылі ў выведцы Вялікай Брытаніі.
Паводле іх, выкарыстаньне недакладных ракет для абстрэлаў падкрэсьлівае адсутнасьць у Расеі магчымасьцяў наносіць удары. «Імаверна, ім цяжка дынамічна ідэнтыфікаваць цэлі і атрымліваць доступ да хуткай і дакладнай ацэнкі баявой шкоды», — патлумачылі ў брытанскай выведцы.
У Дніпры працягваюць разьбіраць завалы
Паводле гарадзкіх уладаў Дніпра, колькасьць загінулых мірных жыхароў павялічылася — завалы працягваюць разьбіраць, але шанцы знайсьці жывых мізэрныя.
На раніцу 17 студзеня загінулымі лічаць 44 грамадзяніна, у тым ліку чацьвярых дзяцей. Сярод знойдзеных целаў 16 ня могуць ідэнтыфікаваць. Пошукавыя працы скончылі апоўдні 17 студзеня.
Ратавальнікі працягваюць шукаць пад заваламі яшчэ 25 жыхароў.
У лякарнях горада знаходзяцца 30 пацярпелых ад ракетнага ўдару грамадзян.
У ААН асудзілі ўдар Расеі па жылым раёне Дніпра
Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш асудзіў ракетны ўдар па жылым доме ў Дніпры 14 студзеня.
«Генэральны сакратар асудзіў гэты напад і заявіўшы, што гэта яшчэ адзін прыклад парушэньня законаў вайны», — сказала Стэфані Трэмбле, прадстаўніца Офісу генэральнага сакратара ААН.
Паводле яе, каардынатар ААН у гуманітарных пытаньнях ва Ўкраіне Дэніз Браўн заклікала да належнага расьсьледаваньня ваенных злачынстваў і судовага перасьледу падазраваных.
Расея вывела ў Чорнае мора рэкордную колькасьць караблёў-ракетаносьбітаў
Кіраўніца Аб’яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтру Сіл абароны поўдня Натальля Гумянюк заявіла, што Расея каторы дзень трымае ў Чорным моры на баявым дзяжурстве шэсьць караблёў, якія маюць на ўзбраеньні ракеты «Калібар».
«Сёньня агульны залп на ўсіх 6 ракетаносьбітах, якія стаяць на баявым дзяжурстве ў Чорным моры, мы ацэньваем у 44 ракеты. Мы гаворым, што ракетная пагроза і такая колькасьць — усё гэта можа сьведчыць аб працягу ракетных удараў», — паведаміла Натальля Гумянюк у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UРазом.
Паводле яе, 44 ракеты — гэта максымальна магчымы залп для шасьці ракетаносьбітаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.