Паводле зьвестак «РИА Новости», Хасбулатава пахаваюць на радзіме ў Чачні. Дата пахаваньня не ўдакладняецца.
Руслан Хасбулатаў нарадзіўся ў 1942 годзе ў Грозным. У 1965 годзе скончыў юрыдычны факультэт МДУ. У 1980 годзе абараніў дысэртацыю на ступень доктара эканамічных навук.
У пачатку 1990 году Хасбулатава абралі народным дэпутатам РСФСР. У кастрычніку 1991 году ён стаў 11-м і апошнім па ліку старшынём Вярхоўнага савета РСФСР.
Хасбулатаў быў адной з ключавых фігур, якія выступілі супраць путчу ў жніўні 1991 году. Тады палітык напісаў заклік «Да грамадзян Расеі», у якім асудзіў ГКЧП.
У 1993 годзе Хасбулатаў стаў актыўным супернікам тагачаснага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына.
Тагачасны прэм'ер Беларусі Вячаслаў Кебіч у сваіх памкненьнях да інтэграцыі з Расеяй у 1993 рабіў стаўку на парлямэнцкага сьпікера Хасбулатава – тады лідэра кааліцыі камуністычных ды нацыяналістычных партыяў, што ўтварылася на Зьезьдзе народных дэпутатаў, пісаў палітоляг Віталь Сіліцкі. У сакавіку 1993-га, калі Ельцын абвясьціў пра сваё рашэньне распусьціць Зьезд, Хасбулатаў акурат быў у Менску на перамовах з Кебічам. У Менску ён і заявіў пра пачатую супраць Ельцына працэдуру імпічмэнту, якая ў канчатковым выніку правалілася.
Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Сяргей Навумчык у сваёй кнізе «94-ы» ўзгадвае, што ў жніўні 1993-га тагачасны дэпутат Аляксандар Лукашэнка «разам з прарасейскімі дэпутатамі Вярхоўнага Савету паехаў у Маскву, дзе сустрэўся з кіраўніком расейскага парлямэнту Русланам Хасбулатавым. У той час вакол Хасбулатава аб’ядналіся сілы, якія прагнулі камуністычнага рэваншу. Маскоўская газэта «Правда» надрукавала інтэрвію з Лукашэнкам, у якім свае адносіны да рэстаўрацыі «саюзу Беларусі і Расеі» ён выказаў ужо ў загалоўку – «Да возродится!»
Супрацьстаяньне Хасбулатава зь Ельцыным прывяло да канстытуцыйнага крызісу, які выліўся ва ўзброеныя сутыкненьні ў Маскве. Пасьля расстрэлу Белага дому ў 1993 Хасбулатаў разам зь іншымі дзеячамі тагачаснай антыельцынаўскай апазыцыі быў арыштаваны і зьняволены, але неўзабаве выйшаў па амністыі.
З 1994 году Хасбулатаў узначальваў катэдру сусьветнай эканомікі ва Ўнівэрсытэце імя Пляханава.