«У Марыюпалі акупанты зьнесьлі палову Драматычнага тэатра. Проста знеслі дашчэнту. Так ужо праз два дні ад яго не застанецца нават фізычнага ўспаміну», — напісаў ён.
Марыюпальскі драмтэаатар расейцы бамбавалі 16 сакавіка 2022 году. Падзеньне бомбаў прывяло да моцнага выбуху, у выніку якога абваліўся дах і большая частка асноўных сьценаў. У час атакі ўзброеных сіл Расеі ўнутры тэатра і побач з ім знаходзіліся сотні мірных жыхароў. Марыюпальская гарадзская рада заяўляла, што ў выніку бамбаваньня тэатра загінулі амаль 300 мірных жыхароў.
Раней прарасейскія ўлады закрылі разбураны будынак тэатра банэрамі з выявамі расейскіх пісьменьнікаў.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International у сваёй справаздачы напісала, што, хутчэй за ўсё, на будынак скінулі дзьве 500-кілаграмовыя бомбы, якія ўзарваліся адначасова. Таксама аўтары расьсьледаваньня прыйшлі да высновы, што ўдар па тэатры нанесьлі, як мяркуецца, расейскія баявыя самалёты тыпу Су-25, Су-30 або Су-34, якія базуюцца на бліжэйшых расейскіх аэрадромах.
У Мінабароны РФ адмаўлялі дачыненьне да авіяўдару па Драмтэатры, пры гэтым вайскоўцы сьцьвярджалі, што ў будынку тэатра маглі знаходзіцца байцы ўльтраправага батальёна «Азоў». «Кіраўнік» МУС так званай «ЛНР» Віталь Кісялёў заявіў, што выбух у Драмтэатры адбыўся «знутры» будынка: нібыта «валянтэры і вайскоўцы УСУ зацягвалі скрыні, у якіх маглі знаходзіцца выбуховыя прылады і боепрыпасы» і, «калі яны рабілі закладку выбуховага рэчыва, нешта ў іх пайшло не так, таму ў тэатры гэта і адбылося».
У красавіку Андрушчанка пісаў, што акупацыйныя ўлады працягваюць «зачыстку» у цэнтры Марыюпаля. «Цяпер ідзе зачыстка завалаў драматычнага тэатра. У працэсе акупанты пакуюць знойдзеныя целы загінулых у плястыкавыя мяшкі, трактарамі і грузавікамі перамяшчаюць у напаўняльнік у прамысловай зоне ў раёне Мікольскай шашы. Затым, па напаўненьні, вывозяць у в. Мангуш, дзе насыпам звальваюць у мэтровую траншэю», — расказаў ён.