Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Хроніка перасьледу 2 сьнежня: 7 гадоў калёніі за «зьліў зьвестак» былому сьледчаму Старажэнку; у Магілёве ГУБАЗіК затрымаў экс-сьледчага

Хроніка перасьледу 2 сьнежня: 7 гадоў калёніі за «зьліў зьвестак» былому сьледчаму Старажэнку; у Магілёве ГУБАЗіК затрымаў экс-сьледчага


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі працягваюць перасьледаваць грамадзян за іх палітычную пазыцыю і пратэсты.

Міліцыя ў Магілёве затрымала былога сілавіка. Яго брала група захопу ГУБАЗіКу ў поўнай амуніцыі, сілавікі выцягнулі мужчыну з машыны, паведаміла Nashaniva.com.

Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, нібыта «ў камэнтарах затрыманы былы сьледчы абражаў усю праваахоўную сыстэму і найвышэйшых службовых асобаў Беларусі, а таксама ўступіў у экстрэмісцкае фармаваньне», піша Zerkalo.io.

На відэа затрыманы заявіў, што з 2007 па 2012 год ён вучыўся ў Акадэміі МУС Беларусі, а з 2012 па 2015 год працаваў у Сьледчым камітэце Магілёва:

«У 2020 годзе ў сувязі зь нязгодай з вынікамі выбараў прэзыдэнта падпісаўся на шмат каналаў, якія пазьней былі прызнаны экстрэмісцкімі, дзе пакідаў камэнтары абразьлівага характару аб кіраўніцтве краіны, а таксама супрацоўніках праваахоўных органаў», — сказаў ён.

Палітвязьню прысудзілі 2,5 года калёніі за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»

У Магілёўскім абласным судзе асудзілі палітзьняволенага Віктара Дзіброва паводле ч. 1 арт. 361-4 («спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці») Крымінальнага кодэксу. Судзьдзя Ігар Зямцоў прызначыў Віктару 2 гады і 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Судовае пасяджэньне праходзіла ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасьцяў справы няма. Пра Віктара вядома, што ён сірата.

7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «зьліў зьвестак» прызначылі былому сьледчаму Мікіту Старажэнку

У Менскім гарадзкім судзе агучылі прысуд 29-гадоваму палітзьняволенаму, былому сьледчаму Мікіту Старажэнку — сем гадоў калёніі узмоцненага рэжыму, паведамляе «Вясна». Судзьдзя — Анжэла Касьцюкевіч.

З словаў былога сукамэрніка палітвязьня, менавіта Старажэнка быў прызначаны ў 2020 годзе весьці справу супраць 16-гадовага пабітага сілавікамі хлопца (імаверна, ідзецца пра Цімура Міцкевіча) — тады Мікіта звольніўся са сьледчых органаў. З 2017 году ён працаваў сьледчым у Партызанскім раённым аддзеле.

Мікіту Старажэнку абвінавацілі ў «зьліве» кантактаў сілавікоў «пратэставым каналам» — праўдападобна, яго судзілі ў сумнавядомай «справе „Чорнай кнігі Беларусі“», удакладняюць праваабаронцы.

Былы сукамэрнік Старажэнкі ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна расказаў «Вясьне», што былога сьледчага даставілі туды моцна пабітым:

«Ён быў увесь сіні: ад канца хрыбта і амаль да пятак... Мікіта расказваў, што білі нагамі, дубінкамі, намотвалі анучу на галаву, надзявалі вядро для сьмецьця на галаву і білі па вядры, каб сьлядоў пабіцьця не заставалася».

Нядаўна стала вядома, што зьвесткі ад 8,5 да 10 тысяч чалавек, якія накіравалі інфармацыю ў «Чорную кнігу Беларусі» зь 1 верасьня 2020 па 23 траўня 2021 году, могуць трапіць у рукі сілавікоў.

У Слоніме затрымалі інжынэра-праграміста

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, быў затрыманы інжынэр-праграміст Слонімскай камвольнай фабрыкі Аляксандр Лагута.

Паводле ГУБАЗіКу, 40-гадовы мужчына ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а таксама даслаў у тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі» зьвесткі слонімскіх сілавікоў.

Дзьвюх маладых мянчанак зьмясьцілі да суду пад варту за сарваны дзяржаўны сьцяг

Пракуратура Савецкага раёну Менску санкцыянавала меру стрыманьня ў выглядзе зьняволеньня дзьвюм затрыманых 22 лістапада дзяўчатам, якім інкрымінавалі зьдзек зь дзяржаўнай сымболікі (арт. 370 КК), паведамляе «Вясна».

Згодна з матэрыяламі справы, падазраваныя, якім 18 і 19 гадоў, сарвалі з фасаду інтэрнату КГУП «Менскі Камароўскі рынак» дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусі. Убачыўшы міліцыянтаў, падазраваныя кінулі палотнішча на зямлю.

Улады пачалі прызнаваць «экстрэмісцкімі» чаты дыяспараў

Суд Ленінскага раёну Горадні 30 лістапада прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» тэлеграм-чат «Беларусы Вроцлава ЧАТ». Падобна, гэта першы чат беларускай дыяспары, які ўлады прызналі «экстрэмісцкім», адзначаюць праваабаронцы.

Таксама ўлады знайшлі новае «экстрэмісцкае фармаваньне» — ім прызналі Telegram-канал і чат «Чижовка Семь Чижей». Адпаведнае рашэньне МУС прыняло 2 сьнежня.

У «сьпіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 58 чалавек. Цяпер у ім 2117 чалавек

2 сьнежня МУС чарговы раз абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

У сьпіс, сярод іншых, трапілі служнік менскай царквы Хрысьціянаў веры эвангельскай «Гефсіманія» Максім Стасілевіч, 18-гадовы Максім Шатохін, TikTok-блогер Андрэй Бяляўскі, 19-гадовы палітвязень Ільля Верамееў, якога асудзілі на 6,5 года калёніі за заклікі дзейнічаць супраць вайны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG