«Барацьба з беспакаранасьцю за злачынствы, учыненыя ва Украіне пасьля агрэсіі Расеі, зьяўляецца прыярытэтам для Францыі. Мы мабілізавалі сілы ў падтрымку як украінскай сыстэмы правасудзьдзя, так і Міжнароднага крымінальнага суда, якія кампэтэнтныя праводзіць бесстароннія і незалежныя расьсьледаваньні, каб забясьпечыць прыцягненьне да адказнасьці вінаватых у гэтых злачынствах», — гаворыцца ў паведамленьні.
Францускае зьнешнепалітычнае ведамства прыводзіць словы кіраўніка Эўракамісіі Урсулі фон дэр Ляен, якая днём раней заявіла аб прапанове стварыць спэцтрыбунал пад эгідай ААН для расьсьледаваньня і судовага перасьледу дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. «Мы гатовы пачаць работу зь міжнароднай супольнасьцю, каб заручыцца максымальна шырокай падтрымкай гэтага спэцыялізаванага суда», — сказала яна. Паводле яе слоў, Расея павінна заплаціць «за свае жудасныя злачынствы, у тым ліку за злачынства агрэсіі супраць сувэрэннай дзяржавы».
Пастаянны прадстаўнік Расеі пры жэнэўскай штаб-кватэры ААН Генадзь Гацілаў заявіў, што стварэньне любога мэханізма, а тым больш міжнароднага трыбунала пад эгідай ААН патрабуе санкцыі з боку Рады Бясьпекі ААН. «Трэба разумець, што рашэньне Рады па гэтым пытаньні наўрад ці будзе прынятае», — сказаў ён.