Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кітаі мітынгі супраць антыковідных абмежаваньняў. Некаторыя выступаюць за адстаўку Сі Цзіньпіна


Пратэсты ў Шанхаі
Пратэсты ў Шанхаі

Тысячы пратэстоўцаў выйшлі на мітынгі ў гарадах па ўсім Кітаю супраць палітыкі «нулявой цярпімасьці» да каранавіруснай інфэкцыі, якую праводзіць кітайскі ўрад. Гучаць лёзунгі і супраць лідэра краіны Сі Цзіньпіна ды кіроўнай Камуністычнай партыі Кітаю.

Аб пратэстах паведамляюць CNN і BBC. Пачынаючы з 26 лістапада акцыі пратэсту праходзяць у тым ліку ў сталіцы краіны Пэкіне і найбуйнейшых гарадах, такіх як Шанхай і Гуаньчжоў. Незадаволенасьць узрасла пасьля таго, як у горадзе Урумчы ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне на паўночным захадзе Кітая пры пажары загінулі 10 чалавек.

Урумчы знаходзіцца ў локдаўне ўжо больш за тры месяцы. У ім жыве каля 4 мільёнаў чалавек. Праз абмежаваньні многія зь іх ужо каля 100 дзён ня могуць выходзіць з дому. 24 лістапада ў адным са шматпавярховых дамоў успыхнуў пажар і, як мяркуецца, з-за зачыненых на лакдаўн дзьвярэй многія жыхары не змаглі выбрацца з будынка і выратавацца. Улады Кітая адмаўляюць абвінавачаньні і заяўляюць, што людзі няправільна зразумелі правілы тэхнікі бясьпекі.

Увечары ў суботу сотні жыхароў Шанхая сабраліся на пікет са сьвечкамі, каб ушанаваць памяць ахвяр пажару ў Сіньцзяне.

Яны стварылі імправізаваны мэмарыял са сьвечак, кветак і плякатаў. Як паведамляе CNN, людзі трымалі чыстыя аркушы белай паперы, што сымбалічна азначае выступ супраць цэнзуры, і скандавалі: «Патрэбны правы чалавека, патрэбна свабода».

У выніку ў Шанхаі паліцыя затрымала некалькіх удзельнікаў акцыі пратэсту, пры гэтым дзейнічаючы жорстка, адціскаючы і штурхаючы мітынгоўцаў. Журналісты адзначаюць, што на некаторых відэа паказаныя хаатычныя сцэны, калі паліцыя штурхае, цягне і б'е пратэстоўцаў. CNN паведамляе, што некаторыя мітынгоўцы выкрыквалі патрабаваньні лідэру Кітая і Камуністычнай партыі «пайсьці ў адстаўку», а таксама сьпявалі нацыянальны гімн Кітая і «Інтэрнацыянал».

Да вечара нядзелі масавыя акцыі пратэсту распаўсюдзіліся на Пэкін, Чэнду, Гуанчжоў і Ўхань — горад, дзе ўпершыню была зафіксаваная ўспышка каранавіруснай інфэкцыі. Тысячы жыхароў заклікалі ня толькі да зьняцьця антыковідных абмежаваньняў, але і да палітычных свабод, а таксама выказалі падтрымку затрыманым пратэстоўцаў у Шанхаі.

Пратэсты прайшлі і ў кампусах кітайскіх унівэрсытэтаў.

Ва ўнівэрсытэце Цінхуа, элітным унівэрсытэце ў Пэкіне, сотні студэнтаў сабраліся на плошчы зь белымі аркушамі паперы і крычалі: «Дэмакратыя і вяршэнства закону! Свабода выказваньня!».

Заходнія СМІ адзначаюць, што ў Кітаі падобныя агульнанацыянальныя пратэсты — надзвычай рэдкая зьява.

Улады пакуль афіцыйна не камэнтавалі акцыі пратэсту.

З пачатку пандэміі каранавіруск Кітай прытрымліваецца максымальна жорсткіх мер, каб стрымліваць распаўсюджваньне інфэкцыі. Кітайскія ўлады па-ранейшаму аб’яўляюць строгія локдаўны, як толькі выяўляюць новыя выпадкі заражэньня; закрываюць цэлыя раёны, забараняючы іх жыхарам тыднямі і месяцамі выходзіць на вуліцу.

Нягледзячы на строгія меры, колькасьць выпадкаў захворваньня ў Кітаі на мінулым тыдні дасягнула рэкордаў з пачатку пандэміі — 23 лістапада было зарэгістравана 31527 выпадкаў захворваньня ў параўнаньні з красавіцкім пікам у 28 тысяч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG