Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зайшлі нашы хлопцы. Апранутыя, чыстыя, у берцах. А расейцы хадзілі ў віетнамках і ў галёшах». Рэпартаж з вызваленай Сьнегіроўкі


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

У Мікалаеўскай вобласьці на поўдні Ўкраіны ў вызваленай Сьнегіроўцы падчас разьмінаваньня падарваўся сапэр. Мястэчка на гэты момант лічыцца адным з самых замінаваных на дэакупаваных тэрыторыях.

Мясцовая ўлада просіць не сьпяшацца туды вяртацца. Каб праверыць усё, патрэбныя месяцы. Нягледзячы на гэта, людзі ўсё роўна едуць дадому. Рэпартаж «Настоящего времени».

Свае зьніклыя дыван і пасьцельную бялізну Яўгенія знайшла ў падвале, дзе жылі падчас акупацыі расейскія вайскоўцы. Адкуль прынесьлі ложак і хто яе гаспадар, мясцовым яшчэ трэба будзе высьветліць. У родны двор Яўгенія прыехала ўпершыню за паўгода. Увесь гэты час Сьнегіроўка была пад акупацыяй.

З дому прапала бытавая тэхніка: «Кацёл, бойлера ў ванным пакоі няма, тэлевізараў няма. Пазабіралі відэльцы, лыжкі. Пуста было ўсё». Спальню, мяркуючы па колькасьці знойдзеных валасоў, акупанты выкарыстоўвалі як цырульню. Яўгенія кажа, што была вымушаная паехаць з дому, калі яе раён стаў перадавой пазыцыяй расейскага войска.

Усё лета і восень Сьнегіроўка фігуравала ў вайсковых зводках. Украінскія вайскоўцы ня раз казалі, што менавіта ў гэтым мястэчку супернік сабраў велізарныя сілы. Мясцовыя расказваюць: акупацыйная ўлада не тэрарызавала вяскоўцаў. Нават адзін час спрабавала наладзіць зь імі кантакт: «Першыя, якія зайшлі, былі ляяльнымі. Яны сябе культурна паводзілі. Нават віталіся. А потым, калі пачалася ратацыя, пайшоў зброд. Самы сапраўдны зброд. Яны хадзілі па хатах, забіралі машыны. У мястэчку спрабавалі ўвесьці рубель. Ня вельмі пасьпяхова. Заходзілі з аўтаматам і прыстрашвалі».

Яшчэ расейскія вайскоўцы рыхтаваліся да зімоўкі. Аб гэтым усім казалі. Але не атрымалася. «Калі пачалі страляць, яны пачалі бегаць, як пацукі. Выяжджае адзін „КамАЗ“, другі „КамАЗ“, і яны па пэрымэтры ў гэты „КамАЗ“ заскокваюць. Яны зрабілі дымавую заслону. Мы адзін аднаго ня бачылі. Бачым: ідуць вайскоўцы. Я вам не перадам! Зайшлі нашы хлопцы. Апранутыя, чыстыя, у берцах. А яны хадзілі ў віетнамках і ў галёшах. Другое войска сьвету!» — расказваюць мясцовыя.

Сьнегіроўка была адным з ключавых населеных пунктаў для вызваленьня Херсона. Яна ашаламляльна адрозьніваецца ад тых населеных пунктаў, якія знаходзіліся па другі бок перадавой. Напрыклад, ад Першамайскага. Яго расейская артылерыя проста зраўнавала зь зямлёй. А Сьнегіроўка, за выключэньнем некалькіх раёнаў, выглядае дастаткова цэлым мястэчкам.

Мясцовыя цяпер успамінаюць: украінскае войска біла даволі дакладна. Таму, напрыклад, для аднаўленьня электрычнасьці не патрэбны месяцы. У горадзе працуюць крамы, камунальныя службы. Але мясцовая ўлада просіць не сьпяшацца вяртацца ў свае дамы тым, хто выехаў. У сапэраў яшчэ занадта шмат працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG