Дата дня
7 верасьня 1957 году нарадзіўся беларускі палітык Віктар Ганчар. 16 верасьня 1999 году Ганчар разам са сваім сябрам, бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім, прапалі бязь зьвестак. Пазьней на месцы, дзе, як мяркуецца, адбылося выкраданьне, знайшлі аскепкі шкла аўтамабіля і сьляды крыві.
Таксама ў гэты дзень
1581 — пачалася аблога Пскова войскамі Рэчы Паспалітай на чале са Стэфанам Баторыем у часе Інфлянцкай вайны.
1667 — беларускі асьветнік Сімяон Полацкі быў афіцыйна абвешчаны настаўнікам 13-гадовага расейскага царэвіча Аляксея.
1764 — Станіслаў Аўгуст Панятоўскі выбраны каралём Польскім і вялікім князем Літоўскім.
1812 — падчас вайны паміж Расеяй і Францыяй адбылася Барадзінская бітва.
2020 — Кіраўніцу штабу Віктара Бабарыкі на выбарах 2020 году Марыю Калесьнікаву схапілі сілавікі 7 верасьня 2020 году, спрабавалі прымусова яе вывезьці ва Ўкраіну. Аднак Калесьнікава на мяжы парвала свой пашпарт, вылезла праз вакно з аўтамабіля і вярнулася на тэрыторыю Беларусі. Там яе адразу затрымалі. Калесьнікаву судзілі ў закрытым рэжыме разам зь юрыстам Максімам Знакам. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і 6 верасьня 2021 году яе асудзілі на 11 гадоў калёніі.
У гэты дзень нарадзіліся
1714 — Міхал Карыцкі, вялікалітоўскі паэт-лацініст эпохі Асьветніцтва, манах-езуіт, пэдагог, доктар філязофіі.
1832 — Людвік Нарбут, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі і Літве.
1885 — Палута Бадунова, беларускі палітык, адзін зь лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, сябра Рады і Народнага сакратарыяту Беларускай Народнай Рэспублікі.
1919 — Алесь Асіпенка, беларускі пісьменьнік, сцэнарыст, заслужаны работнік культуры БССР (1979).
1935 — Станіслаў Астапчык, беларускі вучоны ў галіне матэрыялазнаўства і фізыкі мэталаў.
1939 — Уладзімер Халіп, беларускі і савецкі сцэнарыст, літаратар.
У памяці
1954 — у Мюнхэне пры загадкавых абставінах памёр Леанід Карась, журналіст беларускай службы Радыё Вызваленьне.
2004 — памёр беларускі пісьменьнік і перакладчык Алесь Асташонак.