Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскага журналіста Івана Сафронава асудзілі на 22 гады калёніі


Іван Сафронаў у Маскоўскім гарадзкім судзе
Іван Сафронаў у Маскоўскім гарадзкім судзе

Расейскі журналіст Іван Сафронаў прызнаны вінаватым у дзяржаўнай здрадзе і асуджаны на 22 гады пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму.

Прысуд быў абвешчаны ў панядзелак, 5 верасьня, у Маскоўскім гарадзкім судзе.

Сафронаву таксама прызначаны штраф 500 тысяч расейскіх рублёў (прыкладна 8 тысяч даляраў) і 2 гады абмежаваньня волі пасьля вызваленьня.

На працягу 10 дзён можа быць пададзена апэляцыя. Адвакаты ўжо паведамілі, што пададуць яе.

Суд абвясьціў толькі ўступную і рэзалюцыйную часткі прысуду, не зачытваючы абгрунтаваньня. На абвяшчэньне прысуду прыйшлі дзясяткі чалавек: калегі, родныя і блізкія Сафронава. Пасьля абвяшчэньня прысуду яны пачалі скандаваць: «Свабоду!».

Абвінавачаньне запрошвала для Сафронава 24 гады калёніі. Максымальнае пакараньне паводле артыкула аб дзяржаўнай здрадзе — 20 гадоў пазбаўленьня волі. Сафронава прызналі вінаватым у двух эпізодах гэтага злачынства, што дазволіла шляхам частковага складаньня тэрмінаў павялічыць канчатковы прысуд.

Сафронава прызналі вінаватым у перадачы зьвестак, якія адносяцца да дзяржаўнай таямніцы, супрацоўнікам выведкі краінаў NATO. Віну былы карэспандэнт «Коммерсанта» і «Ведомостей», які перад арыштам працаваў дарадцам кіраўніка «Роскосмоса», не прызнае. Ён быў затрыманы ў ліпені 2020 году і больш як два гады знаходзіцца ў СІЗА «Лефортово».

На мінулым тыдні выданьне «Проект» абнародавала абвінаваўчае заключэньне па ягонай справе. Зь яго вынікае, што сакрэтныя зьвесткі ён нібыта перадаваў чэскаму журналісту Марціну Ларышу і нямецкаму палітолягу Дзьмітрыю Вароніну, якіх ФСБ лічыць супрацоўнікамі выведак замежных краін. Яны гэта адмаўляюць.

Як піша «Проект», нават калі Ларыш і Варонін сапраўды працавалі на замежныя спэцслужбы, доказаў таго, што журналіст Сафронаў пра гэта ведаў, у абвінаваўчым заключэньні няма. Сьледчыя не знайшлі ніводнага чыноўніка, які перадаваў бы Сафронаву сакрэтныя дадзеныя.

Усю інфармацыю, якая ў абвінаваўчым заключэньні названая сакрэтнай, журналістам удалося знайсьці ў адкрытых крыніцах. Сам Сафронаў таксама настойвае на гэтым.

Іван Сафронаў быў аўтарам шэрагу рэзанансных публікацый у СМІ пра расейскае войска, касьмічную і вайсковую прамысловасьць.

Расейскія незалежныя журналісты ў панядзелак, яшчэ да абвяшчэньня прысуду, запатрабавалі неадкладнага вызваленьня Івана Сафронава з-пад варты; перагляду справы; адводу складу суду, які даказаў справай сваю перадузятасьць і ангажаванасьць, і расьсьледаваньня ў дачыненьні да службовых асобаў, якія дапусьцілі парушэньні падчас сьледзтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG