Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Insider расказаў аб скаргах у пракуратуру, якія паказваюць рэальную сытуацыю ў войску Расеі


Выданьню Bellingcat удалося пацьвердзіць сапраўднасьць лістоў, якія цытуе The Insider.

У зваротах размова ідзе аб тым, што салдатаў тэрміновай службы шляхам падману і прымусу адпраўляюць на вайну, не забясьпечваюць ім нармальнае харчаваньне і мэдычную дапамогу, кантрактнікі спэцыяльна парушаюць правілы статуту, каб іх адхілілі ад службы, а бацькі ня могуць атрымаць інфармацыю аб сваіх дзецях.

У асноўным скаргі, паводле зьвестак выданьня, адпраўляюць сваякі вайскоўцаў ці самі вайскоўцы, але лісты пачалі паступаць і ад расейцаў, сваякі якіх пацярпелі ад гвалту і марадэрства на акупаваных тэрыторыях.

Так, у адным са зваротаў аўтар піша, што яны разам з бацькамі з 2014 года жывуць на тэрыторыі «ДНР» і зьяўляюцца грамадзянамі Расеі. 9 красавіка ў сяло зайшлі расейскія вайскоўцы і сталі базавацца недалёка ад іх дома. Падчас абстрэлу 8 красавіка яны зьехалі ў суседняе сяло, аднак калі вярнуліся на наступны дзень, яны ўбачылі «зьверствы» расейскіх вайскоўцаў.

«Вялікі танк выбіў нашы вароты, зьнёс плот зь вялізнай пліты, зьнёс унутр вароты вялізныя ангарныя ў гаражы, якія ў далейшым упалі на машыны, якія стаялі ў гаражы, — гаворыцца ў лісьце. — Выкралі запчастак і інструмэнтаў на 200 тысяч рублёў, аж да таго, што яны скралі дробязь з машыны і прэзэрватыў, з брата машыны, скажыце, гэта людзі? І калі мама прыехала, падышла туды і спытала, што ж яны нарабілі, бо выбіўшы вароты яны заехалі танкам у гараж, пры чым цалкам нават не заехалі, гэта вайсковец грубай форме паслаў яе і сказаў у канцы „ідзі туды, адкуль прыйшла“… Паўтараю, мае бацькі жылі 8 гадоў, на тэрыторыі ДНР, такога зьверства не бачылі».

У іншым лісьце Юлія Пунтус расказвае, што пасьля 8 сакавіка «банда марадэраў, якая прадставілася афіцэрамі і салдатамі «ЛНР», зайшла ў сяло Баранікаўкі і «абрабавала школу, дзіцячы сад, аптэку, тры крамы, фэрмэраў і, узламаўшы замкі, заняла два дамы». «Банда налічвала каля 20 чалавек. Жылі яны ў маёй хаце два тыдні, а затым вывезьлі ўсю маёмасьць, нават цацкі і ношаныя рэчы. У гэты час яны рабавалі ўвесь раён. 15 машын нарабаванага вывозілася ў невядомым напрамку. Гэтая банда была з аўтаматамі на ваеннай машыне „Урал“ з літарай V на борце і надпісам „ФОКС“. Відаць было, што гэта былі прафэсійныя марадэры, таму што ня грэбавалі нічым», — напісала яна.

Бацька Аляксандра Сяргеева напісаў, што яго сына, прызванага на тэрміновую вайсковую службу ў кастрычніку 2021 году, увялі ў зман і адправілі на вайну ва Ўкраіне. «Па інфармацыі некаторых бацькоў, якія зьвязаліся з сынамі, камандаваньне адмаўляецца выводзіць салдатаў тэрміновай службы, прымушаючы заключыць кантракты, тлумачачы ім — „вас усё роўна адсюль ня выведуць. А заключыўшы кантракт хоць грошы атрымаеце“, — гаворыцца ў яго лісьце. — Я лічу, што парушаюцца правы вайскоўцаў праз прымус іх да заключэньня кантрактаў падманным шляхам».

Многія скаргі былі зьвязаныя з тым, што салдаты аказаліся кінутыя там без усялякага забесьпячэньня і мэдычнай дапамогі. У адным зь лістоў гаворыцца, што кантрактніка 137-га гвардзейскага парашутна-дэсантнага полку 24 лютага адправілі ў Беларусь на вучэньні, пасьля чаго адправілі на вайну ва Ўкраіну.

У канцы сакавіка вайсковец выйшаў на сувязь са сваімі роднымі. «Мы даведаліся, што іх не забясьпечвалі ежай, вадой, сухімі пайкамі (адзін на 4-х у суткі), ваду здабывалі са сьнегу, пакуль ён быў. Нам камандаваньне паведамляла, што іх кормяць (трохразовае харчаваньне ў дзень у палявой кухні), вада ёсьць, іх водзяць у лазьню, яны мыюцца, але ні пра якое мыцьцё і гаворкі насамрэч не было. Людзі ня мыліся тыднямі, калі ня ўвесь месяц. Пасьля размовы зь зяцем было высьветлена, што ён перанёс кантузію (па апісаньні ім сымптомаў — кантузію сярэдняй цяжкасьці), а таксама атрымаў абмарожаньне канечнасьцяў, рук і вушэй. Належная мэддапамога з прычыны кантузіі не была аказана. Адказ быў: „Тут усе такія, ідзі далей“. У шматлікіх салдат абмарожаньні і апёкі. Форма прыйшла ў поўную непрыдатнасьць», — гаворыцца ў лісьце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG