Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Расеі выдала здымкі з вучэбнай часткі ў Белгарадзе за кадры з поля бою ва Ўкраіне


Міністэрства абароны РФ апублікавала прапагандысцкі ролік аб працы рамонтных падразьдзяленьняў «падчас ваеннай апэрацыі», але забылася выдаліць мэтададзеныя з файлу.

Вывучыўшы іх, журналісты «Настоящего времени» здолелі вызначыць, дзе папраўдзе праходзілі здымкі.

«Прыяжджаем на поле бою, забіраем пашкоджаную, зламаную тэхніку», —апавядае ананімны расейскі вайсковец у касцы і балаклаве. На фоне — браняваная эвакуацыйная машына, над кабінай лунае трыкалёр. Пад гераічную музыку каліфарнійскага кампазытара Кевіна Рыкса машына буксіруе па бездарожжы танк зь літарай Z, затым проста ў полі пара вайскоўцаў з замазанымі тварамі мяняюць яму рухавік. «У розных выпадках даводзілася выцягваць проста з поля бою, пад абстрэлам», — камэнтуе вайсковец у балаклаве.

Паўтарахвілінны ролік «Праца рамонтных падразьдзяленьняў у часе спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» зьявіўся ў тэлеграм-канале Мінабароны Расеі 1 траўня. Месца здымак — зусім ня Кіеўская вобласьць, дзе ішлі напружаныя баі з выкарыстаньнем танкаў, а 357-ы навучальны цэнтар Ваенна-касьмічных сілаў РФ, разьмешчаны на захадзе Белгараду, за 25 хвілін язды ад цэнтру гораду.

«Настоящее время» выявіла гэта па мэтададзеных (схаваных характарыстыках файла) — яны зьмяшчаюць дакладныя геаграфічныя каардынаты месца здымкі: 50 градусаў 39 хвілін 14 сэкунаў паўночнай шыраты і 36 градусаў 31 хвіліна 17,4 сэкунды заходняй даўгаты. А таксама псэўданім аўтара: dimk-6.

Аналіз самога відэа пацьвярджае: буксіроўка «пашкоджанага» танка адбываецца ў раёне вучэбнай часткі і суседняга садовага таварыства «Фазэнда», дамы якога таксама відаць на кадрах Мінабароны.

Мэтададзеныя не ўпершыню падводзяць расейскіх вайскоўцаў: 18 лютага журналіст Bellingcat Арык Толер апублікаваў мэтададзеныя відэазваротаў кіраўнікоў так званых «ЛНР» і «ДНР». Мяркуючы па публікацыі, абодва ролікі былі створаныя 16 лютага, на два дні раней за афіцыйныя аб’явы аб эвакуацыі насельніцтва рэспублік, якія прагучалі 18 лютага.

Менавіта 16 лютага заходнія выведкі называлі датай уварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG