Адпаведную інфармацыю апублікаваў Цэнтар Разумкова (Кіеў, Украіна) па выніках апытаньня ўкраінскіх уцекачоў на пунктах пропуску ў Закарпацкай вобласьці.
Згодна з вынікамі апытаньня,
- 55% рэспандэнтаў выяжджалі з населеных пунктаў, дзе адбываліся баявыя дзеяньні,
- 13% — з тых населеных пунктаў, побач зь якімі адбываліся баявыя дзеяньні,
- 10% — з тых гарадоў і паселішчаў, якія абстрэльваліся,
- 14% — з тых населеных пунктаў, побач зь якімі абстрэльваліся іншыя гарады
- і толькі 8 % адзначылі, што выехалі з тых населеных пунктаў, якія не абстрэльваліся і ў якіх не было баявых дзеяньняў.
- Сярод уцекачоў большасьць жанчын (83%).
- Па ўзросьце найбольшую групу (37%) складаюць грамадзяне ад 30 да 39 гадоў,
- 26% — ад 40 да 49 гадоў, 19% — ад 16 да 29 гадоў, 11% — 60 і больш гадоў, 8% — ад 50 да 59 гадоў.
- 76% рэспандэнтаў-уцекачоў маюць вышэйшую або незакончаную вышэйшую адукацыю, 18% — сярэднюю спэцыяльную і толькі 6% — агульную сярэднюю адукацыю.
- Найбольш сярод апытаных — высокакваліфікаваных спэцыялістаў (26%), прадпрыемцаў (20%) і кваліфікаваных супрацоўнікаў (17%).
- Больш за палову тых, хто выяжджае за мяжу праз вайну — жыхары ўсходу і поўдня (51,5%), найбольш з Харкаўскай вобласьці (19%). Сярод уцекачоў 45% жыхароў цэнтральных абласьцей (у тым ліку 31% — жыхары Кіева і Кіеўскай вобласьці), і толькі 4% — жыхары заходніх абласьцей.
- 63% уцекачоў адказалі, што дома размаўляюць пераважна па-расейску, 31% — па-ўкраінску, 3% — на іншай мове. Аднак, 65% апытаных лічаць роднай украінскую мову, 22% — расейскую, 4% — іншую мову.
Паводле сацыёлягаў, 89% апытаных вераць у тое, што Ўкраіна пераможа ў гэтай вайне, толькі 1% далі нэгатыўны адказ, 10% — вагаліся з адказам. 79% апытаных плянуюць вярнуцца ва Ўкраіну пасьля заканчэньня вайны, 10% — не плянуюць, 11% — не змаглі даць канкрэтны адказ.
Дзеяньні дзяржаўнага кіраўніцтва Ўкраіны ў часе расейскай агрэсіі 78% рэспандэнтаў ацэньваюць пазытыўна, 2% — нэгатыўна, 20% не змаглі адказаць на пытаньне.
Паводле ААН, ад вайны з Украіны выехалі 4 215 047 грамадзян.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.