Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэст украінцаў, якія жывуць у Лібане, супраць расейскай агрэсіі, разьвязанай супраць іх радзімы. Бэйрут, побач з амбасадай Расеі, 9 сакавіка 2022
Пратэст украінцаў, якія жывуць у Лібане, супраць расейскай агрэсіі, разьвязанай супраць іх радзімы. Бэйрут, побач з амбасадай Расеі, 9 сакавіка 2022

Уночы бамбавалі Ахтырку; аднавіліся абстрэлы Марыюпалю. Як пачаўся трэці тыдзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Кіеў пакуль беспасьпяхова заклікае NATO закрыць неба над Украінай, у бамбаваньнях штодня гінуць людзі. Расея працягвае зьнішчаць інфраструктуру краіны, загінулі некалькі дзясяткаў дзяцей. Свабода сочыць за падзеямі вайны.

  • Белы дом папярэдзіў, што Расея рыхтуецца выкарыстаць хімічную або біялягічную зброю ў вайне.
  • 9 сакавіка ў Марыюпалі расейскія войскі разбамбілі мясцовую дзіцячую лякарню. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім звароце назваў гэта доказам генацыду ўкраінцаў.
  • За некалькі гадзін да бамбаваньня прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава згадала пра Марыюпальскую дзіцячую лякарню ў такім кантэксьце, што ў ёй нібыта заселі «ўкраінскія нацбаты».
  • Мінабароны Расеі прызнала ўдзел салдат тэрміновай службы ў вайне ва Ўкраіне. Раней Пуцін гэта адмаўляў.
  • Ва Ўкраіне створаць электронную базу разбуранай маёмасьці.
  • Супрацоўнікі Чарнобыльскай АЭС ужо 13 дзён заблякаваныя на станцыі. Украінскія энэргетыкі назвалі правакацыяй словы беларускіх пра гатоўнасьць дапамагаць.
  • Расея выкарыстоўвае супраць Украіны забароненыя «вакуўмныя» бомбы. Зьявіліся доказы.
  • Эўразьвяз узмацніў санкцыі супраць расейскіх алігархаў.
  • Працяг эвакуацыі з Сумаў, новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі. 14-ы дзень расейскай вайны ва Ўкраіне​
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
13:43 10.3.2022

Украінскія энэргетыкі назвалі правакацыяй заяву беларускага боку аб гатоўнасьці дапамагчы на ЧАЭС

«Укренерго» адказала на прапанову беларускага боку, заявіўшы, што ня мае патрэбы ў дапамозе пры рамонце пашкоджанай расейскімі абстрэламі высакавольтнай лініі, якая сілкавала Чарнобыльскую АЭС.

«Патрэбна спыненьне агню і вызваленьне нашых рамонтных брыгад, якія з учорашняга дня чакалі ўзгадненьня на рамонт. Мы гатовыя неадкладна адрамантаваць лініі і аднавіць электразабесьпячэньне Чарнобыльскай АЭС, якая больш за суткі без электрычнасьці. Проста спыніце страляніну і ўпусьціце нашы рамонтныя брыгады!»

Таксама «Укренерго» падкрэсьліла, што «ўсе паведамленьні расейскіх і беларускіх СМІ аб сілкаваньні ЧАЭС зь Беларусі зьяўляюцца правакацыяй, накіраванай на абвастрэньне сытуацыі».

23:34 10.3.2022

Віцэ-прэмʼер ураду Ўкраіны Ірына Верашчук падсумавала першыя вынікі працы гуманітарных калідораў.

Паводле яе зьвестак, за два дні ўдалося вывезьці 60 тысяч чалавек з Сумаў, Трасьцянца і Краснапольля ў напрамку Палтавы. Горад Ізюм у Харкаўскай вобласьці пакінулі тры тысячы жыхароў. З гарадоў Кіеўскай вобласьці 9 сакавіка былі эвакуаваныя каля 20 тыс. чалавек.

Акрамя таго, у Энэргадар і Ізюм было дастаўлена 200 тон гуманітарнай дапамогі.

У Марыюпалі тым часам, па словах Верашчук, насьпявае гуманітарная катастрофа. Даставіць прадукты і лекі сюды не ўдалося, пакінуць горад у жыхароў таксама не атрымоўваецца. Праблемы з арганізацыяй гуманітарнага калідору таксама ўзьніклі ў пасёлку гарадзкога тыпу Ворзель Кіеўскай вобласьці.

22:19 10.3.2022

Кіеў: Украіна чакала расейскага нападу, але не з тэрыторыі Беларусі

Украіна пачала рыхтавацца да расейскага ўварваньня ў лістападзе 2021 году, але не чакала нападу з тэрыторыі Беларусі, заявіў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў.

«Мы не маглі грамадзтву сказаць, што будзе вайна. Гэта было недапушчальна, таму што гэта была адна з тактык Расейскай Фэдэрацыі, каб тут пачаўся хаос», — сказаў Данілаў у эфіры «Свабода Live». Ён дадаў, што ўлады дакладна разумелі, што ўварваньне расейскіх войскаў адбудзецца, але зусім не былі гатовыя да таго, што гэта будзе зьдзейсьнена з боку Беларусі.

21:50 10.3.2022

Расею западозрылі ва ўжываньні забароненай зброі ў Чарнігаве

Расейскае войска магло выкарыстоўваць запальныя бомбы пры нападзе на Чарнігаў, парушыўшы тым самым міжнародную канвэнцыю. Такую выснову зрабіла дасьледчая група Conflict Intelligence Team, якая вывучыла фота- і відэазапісы ўкраінскай Дзяржаўнай службы па надзвычайных сытуацыях.

На іх дасьледчыкі выявілі фрагмэнты аскепкава-фугасна-запальнай авіябомбы расейскай вытворчасьці ОФЗАБ-500 і адну неразарваную бомбу такога ж тыпу.

Прымяненьне запальнай зброі побач з жылымі зонамі забаронена дадатковым пратаколам да Канвэнцыі аб забароне або абмежаваньні прымяненьня канкрэтных відаў звычайнай зброі.

Парушэньне канвэнцыі можна расцаніць як ваеннае злачынства. Акрамя таго, прымяненьне забароненых сродкаў вайны забаронена расейскім Крымінальным кодэксам.

18:47 10.3.2022

Мэр Кіева Клічко: «З Кіева зьехаў кожны другі жыхар, але сталіца – як крэпасьць»

«Па апошніх падліках, кожны другі кіяўлянін пакінуў горад, крыху менш за два мільёны жыхароў цяпер знаходзяцца ў Кіеве. Тым ня менш, Кіеў цяпер ператварыўся ў крэпасьць», – цытуе словы мэра Кіева Віталя Клічко «Ўкраінская праўда».

18:02 10.3.2022

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Камала Гарыс заявіла, што неабходна расьсьледаваць мэтады вядзеньня вайны Расеяй

Паводле словаў віцэ-прэзыдэнта ЗША, расейскае войска дзейнічае ва Ўкраіне зь неверагоднай жорсткасьцю.

Гарыс асудзіла «зьверствы неверагодных маштабаў», якія расейскія вайскоўцы, як яна падкрэсьліла, зьдзяйсьняюць ва Ўкраіне.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, удзельнічаючы ў сумеснай прэс-канфэрэнцыі з Камалай Гарыс, канстатаваў, што разбуральныя ракетна-бомбавыя ўдары, якія расейскія войскі наносяць па лякарнях і жылых кварталах гарадоў Украіны, — гэта дэманстрацыя барбарства, якая нагадвае генацыд.

17:58 10.3.2022

Украінскія энэргетыкі адрамантавалі электралінію для аднаўленьня забесьпячэньня электраэнэргіяй ЧАЭС

Рамонтная брыгада кампаніі «Укренерго» атрымала калідор для выезду спэцыялістаў для рамонту пашкоджанай у выніку абстрэлаў лініі электраперадач, якая забясьпечвала энэргіяй ядзерныя аб’екты Чарнобыльскай АЭС, зоны адчужэньня і гораду Славуціча.
Пра гэта паведамляе інфармацыйная кампанія InfoAtom са спасылкай на крыніцы ў «Укренерго».

17:42 10.3.2022

Сэрвіс грашовых пераводаў Western Union спыняе працу ў Расеі і Беларусі

17:34 10.3.2022

Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (САЗ) заявіла, што з пачатку вайны зафіксавала 24 пацьверджаныя выпадкі нападаў на мэдустановы ва Ўкраіне

«У выніку гэтых атак па меншай меры 12 чалавек загінулі і 17 атрымалі раненьні. Як мінімум 8 параненых і 2 забітых былі апазнаныя як мэдыцынскія работнікі», — паведаміла САЗ у электронным лісьце CNN.

Таксама 10 сакавіка міністар аховы здароўя Ўкраіны Віктар Ляшко адзначыў, што з пачатку вайны расейцы абстралялі 63 украінскія бальніцы. У выніку пяць мэдычных работнікаў загінулі і больш за 10 атрымалі раненьні.

17:21 10.3.2022

Міністэрства энэргетыкі Беларусі паведаміла аб падачы напружаньня на лініі электраперадачы Мазыр – Чарнобыльская АЭС.

16:40 10.3.2022

Пры абстрэле гораду Корасценя на Жытоміршчыне загінулі два беларусы-дальнабойнікі

Пра гэта паведаміў кіраўнік гораду Ўладзімір Маскаленка. Па ягоных словах, горад бамбілі расейскія самалёты, якія вылецелі зь беларускіх аэрадромаў.

16:31 10.3.2022

Зяленскі падпісаў закон аб нацыяналізацыі расейскіх актываў

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў закон аб прымусовым адабраньні аб’ектаў, уладальнікамі якіх зьяўляюцца Расейская Фэдэрацыя і яе рэзыдэнты, «на карысьць дзяржавы Ўкраіна».

Пра гэта паведамляе Вярхоўная Рада.

Цяпер дзяржава можа канфіскоўваць рухомую і нерухомую маёмасьць, сродкі, уклады ў банках, каштоўныя паперы, карпаратыўныя правы, іншую маёмасьць (актывы), якія ёсьць (зарэгістраваныя) на тэрыторыі Ўкраіны.

16:20 10.3.2022

Колькасьць уцекачоў з Украіны з пачатку вайны перавысіла адзнаку ў 2 мільёны 316 тысяч чалавек.

Пра гэта паведамляе агенцтва ААН па справах бежанцаў. Большасьць зь іх накіравалася ў Польшчу, іх колькасьць перавысіла 1,4 мільёна чалавек.

16:12 10.3.2022

Фінская, швэдзкая і дацкая газэты будуць публікаваць артыкулы пра вайну ва Ўкраіне па-расейску з прычыны ўвядзеньня ў Расеі ваеннай цэнзуры і зьнікненьня свабодных СМІ

«Грамадзяне Расеі таксама павінны мець права на незалежную інфармацыю. Тое, што адбываецца зараз ва Ўкраіне, — гэта трагедыя, якую нельга падаваць расейцам праз прызму расейскай прапаганды», — гаворыцца ў паведамленьні выданьняў.

У акцыі ўдзельнічаюць тры газэты: фінская Helsingin Sanomat, швэдзкая Dagens Nyheter і дацкая Politiken. Пра гэта яны напісалі на расейскай мове на сваіх сайтах.

15:46 10.3.2022

На захопленых расейскім войскам тэрыторыях поўдня Ўкраіны, прылеглых да Крыму, пачаліся арышты і ператрусы

Ёсьць інфармацыя, што першай арыштаванай ФСБ Расеі стала Лэйла Ібрагімава, дырэктарка Мелітопальскага гістарычнага музэю. У прыватнасьці, пра гэта паведамляе ўкраінскі пісьменьнік, выкладчык і сцэнарыст Андрэй Куркоў.

15:44 10.3.2022

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Камала Гарыс: ЗША ахвяруюць 50 мільярдаў даляраў на гуманітарную дапамогу для Ўкраіны ў рамках харчовай праграмы

Акрамя таго, паводле слоў Гарыс, амэрыканскі кангрэс паабяцаў ахвяраваць 13,5 мільярда даляраў гуманітарнай дапамогі, якая будзе разьмеркаваная паміж Украінай і астатнім сэктарам Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы для гуманітарнай падтрымкі ахвярам расейскай агрэсіі.

15:04 10.3.2022

Сярод беларусаў, якія далучыліся да абароны Ўкраіны, яшчэ адзін паранены

Беларускія добраахвотнікі, якія далучыліся да абароны Ўкраіны, паведамілі, што ў іх яшчэ адзін паранены.

Раней стала вядома, што ў баях пад Бучай Кіеўскай вобласьці загінуў беларус Ільля «Літвін» Хрэнаў. Разам зь ім у баі ўдзельнічалі яшчэ некалькі беларускіх добраахвотнікаў, адзін зь іх атрымаў раненьне, яму ампутавалі нагу.

14:51 10.3.2022

Офіс прэзыдэнта Ўкраіны: Расея пераходзіць на «сырыйскі сцэнар» зьнішчэньня ўкраінскіх гарадоў

Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч заявіў аб тым, што Расея зьмяняе тактыку вайсковых дзеяньняў і пераходзіць на «сырыйскі сцэнар» бамбаваньня Ўкраіны.

«Стала зразумела, што вораг канчаткова зьмяніў тактыку і, будучы няздольны нанесьці паражэньне нашым узброеным сілам і іншым сілам абароны на полі бою, перайшоў да так званага сырыйскага варыянту — аблога і тэрор вялікіх і малых гарадоў, каб найбольш цярпела цывільнае насельніцтва», — сказаў Аляксей Арастовіч 10 сакавіка на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яго, цяпер «зносяць» Марыюпаль, каб потым паказваць і пытацца: «Вы хочаце так, як у Марыюпалі?!»

«Таксама цярпяць Харкаў, Ахтырка і цяпер Мікалаеў».

14:50 10.3.2022

Яшчэ 14 вайскоўцаў Узброеных сіл Украіны атрымалі званьне Героя Ўкраіны. Шэсьць зь іх — пасьмяротна

Прэзыдэнт Зяленскі прысвоіў званьне Героя Ўкраіны 14 вайскоўцам, у тым ліку шасьці — пасьмяротна.

14:20 10.3.2022

Расея адразу пасьля перамоў з Украінай у Турэччыне аднавіла абстрэлы заблякаванага Марыюпалю

Марыюпальская гарадзкая рада паведаміла аб пачатку Расеяй новых авіяўдараў па Марыюпалі, якія аднавіліся адразу пасьля ўкраінска-расейскіх перамоў у Турэччыне.

«Бомбы трапляюць у жылыя будынкі. Пацэлілі таксама ў корпус Прыазоўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту ў цэнтры гораду. Таксама зафіксавана бамбардаваньне ў раёне драматычнага тэатру», — паведаміла Марыюпальская гарадзкая рада.

13:43 10.3.2022

Украінскія энэргетыкі назвалі правакацыяй заяву беларускага боку аб гатоўнасьці дапамагчы на ЧАЭС

«Укренерго» адказала на прапанову беларускага боку, заявіўшы, што ня мае патрэбы ў дапамозе пры рамонце пашкоджанай расейскімі абстрэламі высакавольтнай лініі, якая сілкавала Чарнобыльскую АЭС.

«Патрэбна спыненьне агню і вызваленьне нашых рамонтных брыгад, якія з учорашняга дня чакалі ўзгадненьня на рамонт. Мы гатовыя неадкладна адрамантаваць лініі і аднавіць электразабесьпячэньне Чарнобыльскай АЭС, якая больш за суткі без электрычнасьці. Проста спыніце страляніну і ўпусьціце нашы рамонтныя брыгады!»

Таксама «Укренерго» падкрэсьліла, што «ўсе паведамленьні расейскіх і беларускіх СМІ аб сілкаваньні ЧАЭС зь Беларусі зьяўляюцца правакацыяй, накіраванай на абвастрэньне сытуацыі».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG