Леся-Стэфанія Міхалевіч разам са сваім хлопцам Алегам апынуліся ва Ўкраіне з прычыны перасьледу на радзіме. У кастрычніку 2020-га Алега пасадзілі на «суткі» за пратэсты. Падчас допытаў супрацоўнік КДБ сказаў, што можна «прысесьці» на некалькі гадоў, і пералічыў, што яны могуць дзеля гэтага прыдумаць.
«Мы прынялі рашэньне ехаць з краіны, бо на той момант (як і на сёньняшні дзень) пэрспэктыва „сшытай“ справы выглядала больш чым рэальна. У хуткім часе майму каханаму прапанавалі працу ў Кіеве, акурат па яго спэцыяльнасьці. Да Ўкраіны мы абое заўжды мелі самыя цёплыя пачуцьці, ён з задавальненьнем пагадзіўся. Уся мая вучоба праходзіла ў рэжыме онлайн праз ковідныя абмежаваньні, таму я скарысталася магчымасьцю і паехала зь ім. Адразу ўладкавалася на працу ў кавярню, адпрацавала там восем месяцаў. Неўзабаве да нашай маленькай сям’і далучылася хаскі Лея», — кажа Леся-Стэфанія.
24 лютага, у першы дзень вайны, Леся прачнулася каля сёмай раніцы ад размовы суседзяў па кватэры.
«У кватэры, якую мы наймалі ў Кіеве, быў вольны пакой, і мы пэрыядычна запрашалі да сябе беларусаў, якія мелі патрэбу ў жытле на першы час у эміграцыі. Я пачула, як яны сказалі: „Пуцін напаў на Ўкраіну“. Перш за ўсё я раззлавалася на сябе, што ўжо даўно хацела чыпаваць сабаку для магчымага выезду за мяжу, але дагэтуль не зрабіла. У сацсетках было некалькі аднолькавых паведамленьняў ад розных знаёмых: „Леся, як вы?“ і „Пачалося“. Дома ўсе сутаргава гарталі навіны і спрабавалі прыдумаць плян дзеяньняў. Цягам некалькіх гадзін абаіх нашых суседзяў у кватэры ўжо не было — адзін зь іх паехаў у Польшчу, другі — да сям’і ў Беларусь. Мы з Алегам ведалі, што выяжджаць з Украіны ў бліжэйшыя дні ня будзем».
Нават на выезьдзе з двара, дзе жылі Леся з Алегам, утварыўся вялізны затор, таму пара вырашыла, што спрабаваць выехаць з Кіева ў першы дзень няма сэнсу.
«Мы скаапэраваліся з суседам, зь якім разам выгульвалі сабак, зьезьдзілі ў вялікі гіпэрмаркет і адну зь нямногіх аптэк, што яшчэ працавалі. Закупляліся, я б сказала, без асаблівага фанатызму, асабліва харчамі. Чамусьці здавалася, што хутка ўсё павінна скончыцца».
«Рэсурсы гораду вычарпаныя»
Ужо на наступную ноч Леся пачула выбухі на вышыні 14-га паверха і зразумела, што ў Кіеве заставацца небясьпечна.
«Раніцай мы нейкім цудам выклікалі таксоўку па максымальным тарыфе, схапілі валізку з дакумэнтамі, лекамі і кормам для сабакі і паехалі на лецішча да сяброў. Атрымалася, што мы выехалі за гадзіну да першай паветранай трывогі ў Кіеве. Саміх сяброў у вёсцы не было, бо на той момант гэтая сям’я з дваімі дзецьмі ўжо рушыла ў Івана-Франкоўск. Мы спыніліся ў іхных сваякоў у вёсцы Піліпавічы, што ў Барадзянскім раёне. Вось цяпер мы тут зь цешчай нашага сябра і ейнай сяброўкай. Акрамя нашага сабакі, у цудоўных бабуль, што нас прытулілі, тут яшчэ два сабакі, два каты і хамячок».
Сытуацыя ў Піліпавічах вельмі цяжкая, кажа Леся. Тут ёсьць сем’і, у якіх скончылася ежа.
«Шмат уцекачоў затрымаліся тут. Мясцовыя аказваюць усю магчымую падтрымку адно аднаму, але з кожным днём сытуацыя ўсё горшая. Барадзянка, наш райцэнтар, зьнішчаная. Расейскія войскі, ці то са злосьці, ці то са страху, суткі абстрэльвалі жылыя дамы. У горадзе катастрофа. У многіх навакольных мястэчках стаяць расейцы. Да нас даходзяць толькі чуткі, змрочныя чуткі. У Макараве, іншым блізкім райцэнтры, ідуць баі. Горад пераходзіць з рук у рукі. Сёньня ён, як мне вядома, акупаваны. Клаўдзіева, найбліжэйшы да нас горад, вольны. Аднак рэсурсы гораду вычарпаныя, усе, хто мог зьехаць, паехалі і працягваюць выяжджаць».
У Піліпавічах зусім няма ні электрыкі, ні ацяпленьня. Неўзабаве ўзьнікнуць складанасьці зь пітной вадой, кажа Леся.
«На шчасьце, мы ў вёсцы, і ваду для побытавых патрэб можна набраць з калодзежа. Каб падтрымліваць хоць якую сувязь з вонкавым сьветам, некаторыя людзі карыстаюцца генэратарамі. Дзякуючы генэратару, які ўключаецца на гадзіну ці паўтары, мы маем магчымасьць зарадзіць тэлефоны і набраць пітной вады ў суседзяў, якім гэты генэратар і належыць. Але паліва павінна днямі скончыцца, і мы застанёмся зусім бяз сувязі і безь пітной вады».
Хлеба на ўсіх не хапае. Лекаў няма
Леся кажа, што фізычна яна пакуль у парадку, хоць ночы без ацяпленьня, калі тэмпэратура даходзіць да мінус 10 градусаў, даюць сябе знаць.
«Маральна зьнясіленая спробамі знайсьці магчымасьць выехаць зь Піліпавічаў, дзе становіцца ўсё больш небясьпечна. Стомленая ад вайны, ад выбухаў і няпэўнасьці. Зранку гатовая рабіць усё, што трэба, каб пазбавіцца думак пра падзеі: гатую, прыбіраю, чытаю кніжкі, па магчымасьці камунікую з блізкімі. Увечары заўжды складана і вельмі хочацца дамоў».
Харчы ў Лесі з хлопцам і сям’і, дзе яны жывуць, пакуль ёсьць, але хутка могуць скончыцца.
«Дзякуй бабулям, якія мелі запасы крупаў, мукі, яек і якія ўсё ж такі з году ў год робяць хатнія нарыхтоўкі — гэтым у асноўным і сілкуемся. У самой вёсцы сытуацыя з харчамі складаная: паліцы ў крамах зусім пустыя, хлеб у якасьці гуманітарнай дапамогі прывозілі адзін раз, і на ўсіх яго, відавочна, не хапіла».
Лекаў у Піліпавічах няма.
«Пажылым людзям складана: ціск, сэрца, хранічныя захворваньні. На пачатку тыдня суседка хадзіла пешкі ў суседнюю вёску, каб хоць нешта купіць там, але аптэка была зачыненая. Як і ўсе крамы, бо прадаваць, пэўна, ужо няма чаго. Ці будзе пітная вада, цалкам залежыць ад працы генэратара, паліва для якога амаль не засталося».
Леся кажа, што ў вёсцы вельмі дапамагаюць суседзі.
«З намі дзеляцца ежай: бульбай, тым самым хлебам, што аднойчы прывозілі, мэдыкамэнтамі, калі ёсьць такая магчымасьць. Хацелася б самім дапамагаць таксама, і мы стараемся: мой хлопец уступіў у тэрытарыяльную абарону вёскі, развозіў лекі параненым, стараўся знаходзіць у хаце ўсё, у чым у жыхароў была патрэба. Я прапаноўвала дапамогу ў мясцовай краме на момант, калі там яшчэ былі нейкія прадукты. Але паколькі мы грамадзяне краіны-агрэсара, нават калі да нас ставяцца прыхільна, усё адно адчуваецца насьцярожанасьць. І жыхары так ці інакш трымаюць дыстанцыю».
«Нам неабходная эвакуацыя»
Пара ня можа эвакуавацца зь Піліпавічаў, бо гэты пункт у любы момант можа стаць эпіцэнтрам падзей, у віры якіх усе населеныя пункты навокал.
«Калі расейскае войска разьбіваюць, салдаты ўцякаюць у навакольныя лясы, адкуль пасьля страляюць па машынах мірных жыхароў. Гэта адна з прычын, чаму да нас у пэўны момант не даехала нават гуманітарная дапамога і чаму мы нават тэарэтычна ня можам пешкі дайсьці да трасы і сесьці ў эвакуацыйны аўтобус, што едзе з Кіева: і мы маем усе шанцы не дайсьці, і аўтобусы такім маршрутам цяпер ня езьдзяць. Мы прапаноўвалі грошы, каб нас адвезьлі хаця б да суседняй вёскі, адкуль у нас ёсьць тэарэтычная магчымасьць неяк выбрацца, але людзі нічога ня могуць за гэтыя грошы прапанаваць — проста няма паліва, а потым, пры ўсім жаданьні, нічога ня змогуць за іх купіць».
Учора Леся з Алегам даведаліся, што людзі з суседняй вёскі зьбіраюць свае машыны ў калёны штук па 10, каб выехаць з акупаванай тэрыторыі.
«Па дарозе расейцы ў іх забіраюць і разьбіваюць тэлефоны, ноўтбукі, але праехаць, у тэорыі, можна. І мы ўчора зьбіраліся неяк заплянаваць, каб сёньня ранкам паехаць. Праблема ў тым, што гэтая калёна выяжджае а 7-й раніцы, максымум а 8-й. Але даехаць да калёны мы ня можам — няма паліва, нават за грошы нас не дакінуць. І пешкі пайсьці ня можам, бо камэнданцкая гадзіна да 7 раніцы, а ісьці туды больш за гадзіну. Адпаведна, мы выходзім, калі камэнданцкая гадзіна яшчэ дзейнічае, і тады нас нават свае могуць прыстрэліць, а пасьля ніхто нават разьбірацца ня будзе, якой халеры мы выйшлі ў такі час. І вось атрымліваецца, што варыянт такі быццам ёсьць, але рэалізаваць яго немагчыма».
Леся кажа, што сытуацыя цяпер вельмі цяжкая.
«У Барадзянскім раёне гуманітарная катастрофа. Калі б дапамога хаця б у выглядзе лекаў, ежы, вады і паліва паступала ў Барадзянку і населеныя пункты навокал, мы б таксама маглі ёю скарыстацца. У ідэале, безумоўна, нам неабходная эвакуацыя — тое, у чым большасьць з нас мае найбольшую патрэбу на дадзены момант. Тут шмат сем’яў, якія таксама меркавалі, што ў вёсцы будзе больш бясьпечна, чым у Кіеве, а цяпер, назіраючы за ходам ваенных дзеяньняў, проста ня маюць магчымасьці вярнуцца дамоў».
Калі вы валодаеце інфармацыяй, якая можа дапамагчы ўратаваць Лесю з Алегам, а таксама іншых жыхароў Піліпавічаў, калі ласка, напішыце нам у бот.
«Сваё хочацца бараніць»
Большасьць беларусаў, зь якімі Леся пазнаёмілася ва Ўкраіне, засталіся.
«Нехта выбраўся на захад, нехта застаўся ў Кіеве. Пасьля эміграцыі з аднаго дому немагчыма дараваць сабе спробы пакінуць месца, якое таксама стала домам. І жаданьня такога ўжо няма, сваё хочацца бараніць. Украінцы, зь якімі я сябрую, таксама ў большасьці сваёй застаюцца. На дадзены момант выехала толькі адна знаёмая з дачушкай сямі гадоў, бо дзіця хворае на эпілепсію».
Леся дадае, што ёй вельмі страшна за сяброў.
«Перажываю за сваякоў, якія пішуць з-за мяжы і кожная сэкунда без адказу лічыцца як гадзіна. Чацьвёртага сакавіка я даведалася ад сястры, што яе лепшая сяброўка, кіяўлянка, не выходзіць на сувязь зь вечара 28 лютага. Той дзень стаў кульмінацыяй маёй злосьці на падзеі, празь якія сястра кожны вечар рыдала ў падушку, абяцаючы ў аднабаковай перапісцы, што абавязкова знойдзе сяброўку, бо безь яе вельмі балюча. Дзяўчынка не адказвала на мае званкі ўжо з украінскага нумара цягам некалькіх гадзін, але празь некаторы час даслала паведамленьне, што жывая, але мае праблемы з сувязьзю».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.