Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: Расея і Кітай «зьневажаюць» ЗША пры Байдэну


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Былы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у суботу сабраў першы вялікі мітынг сваіх прыхільнікаў пасьля сыходу зь Белага дому. У мітынгу ў штаце Агаё прынялі ўдзел тысячы людзей.

Большую частку выступу Трамп, які рэдка зьяўляецца на публіцы і акаўнты якога ў большасьці сацыяльных сетак замарожаныя або выдаленыя, прысьвяціў крытыцы адміністрацыі Джо Байдэна.

Былы прэзыдэнт зноў заявіў, што, на яго думку, выбары ў лістападзе летась былі праведзеныя несумленна і яго пазбавілі перамогі (суды не пацьвердзілі якіх-небудзь значных парушэньняў на выбарах, аднак многія прыхільнікі Трампа перакананыя, што вынікі галасаваньня сфальсыфікавалі).

Трамп таксама заклікаў на будучых выбарах у Кангрэс галасаваць за сваіх прыхільнікаў і адмовіць у падтрымцы тым рэспубліканцам, хто падтрымаў яго імпічмэнт у студзені.

Былы прэзыдэнт закрануў і тэму Расеі. Паводле Трампа, Расея, Кітай і Іран цяпер «зьневажаюць» Злучаныя Штаты, чаго не было пры ім. Ён абвінаваціў адміністрацыю Байдэна ў тым, што яна дазволіла дабудаваць газаправод «Паўночны паток — 2» з Расеі ў Нямеччыну, заявіўшы, што пры яго адміністрацыі ЗША дамагліся прыпыненьня будаўніцтва. Байдэн пры гэтым раней заяўляў, што менавіта адміністрацыя Трампа дазволіла Расеі пабудаваць газаправод на 90 адсоткаў.

Трамп наўпрост не казаў пра свае пляны балятавацца ў прэзыдэнты ў 2024 годзе, аднак заявіў, што рэспубліканцам неабходна змагацца за Белы дом. У бліжэйшыя дні былы прэзыдэнт правядзе яшчэ два масавыя захады — каля мяжы ЗША з Мэксыкай і ў штаце Флорыда, дзе ён цяпер жыве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG