Як вярнуць у Беларусь дэмакратыю? Ультыматум ці канстытуцыйная рэформа прывядуць да гэтага?
Над гэтымі тэмамі ў «Праскім акцэнце» разважаюць заснавальнік і ўласьнік рэсурсу «Сильные новости» Пётар Кузьняцоў, галоўны рэдактар сайту «Наше мнение», доктар філязофіі Анатоль Панькоўскі і палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман.
Шрайбман:
- Я даю параду, што трэба памятаць пра першасныя рэчы — гэта сумленныя выбары. Гэта трэба для таго, каб апазыцыя перастала быць апазыцыяй, а стала ўладай.
- Я ня ўпэўнены, што за «круглым сталом», да якога мы некалі прыйдзем, будуць Ціханоўская і Лукашэнка.
- Сілавікі могуць прымусіць Лукашэнку сысьці, і ён перадасьць уладу пераемніку, якога будзе спадзявацца кантраляваць.
- А апазыцыя яшчэ 10 разоў перафарматуецца.
- Ёсьць некалькі варыянтаў разьвіцьця падзеяў. Адзін — гэта эскаляцыя, я б яго не выключаў, нягледзячы на адносную мяккасьць дзеяньняў сілавікоў у апошнія выходныя.
- Чыньнікі гэтага — фармаваньне праўладных дружынаў, размовы пра перакрываньне дарог, абмеркаваньне партызанскіх тактык, стома часткі пратэстоўцаў з тае прычыны, што мірны пратэст не прыносіць хуткіх вынікаў, і стома АМАПу, які 2 месяцы на казарменным становішчы.
- Любая запалка можа падняць градус эскаляцыі так, што 9–11 жніўня пададуцца кветачкамі.
- Іншы шлях расьсяканьня вузла, выхаду з тупіку — гэта затуханьне пратэстаў, якое дасьць магчымасьць Лукашэнку правесьці канстытуцыйную рэформу.
- Гэтая сыстэма асуджаная на тое, каб спатыкнуцца на сваёй уласнай рэформе, гэта будзе нешта падобнае да перабудовы ў СССР, калі спрабавалі падфарбаваць, а атрымалася тое, што атрымалася.
- У выпадку затуханьня пратэстаў палітвязьні будуць сядзець доўга.
Кузьняцоў:
- Пратэставы рух збольшага ня слухае палітыкаў. Ціханоўскую ці каго іншага, хто сказаў бы, што галоўнае — вярнуць выбары, ніхто б не пачуў, а пратэсты працягваліся б пад лёзунгам «Далоў Лукашэнку!».
- Калі Лукашэнка хоча застацца ва ўладзе, гэта павінен быць яго клопат — нешта рабіць з выбарчай працэдурай.
- Любая электаральная кампанія па старых правілах выкліча новы выбух.
- Цяпер сытуацыя тупіковая, і гэта было прадказальна.
- У беларускага пратэсту ёсьць вялікая праблема — у дзяржаве няма легітымных інстытуцыяў, якія б існавалі паралельна Лукашэнку.
- Цяпер не адбываецца палітычнага працэсу. Лукашэнка абапіраецца на сілавікоў, а народ не спыняе пратэсты. Выйсьці магчыма толькі праз палітычны працэс.
- Зьнешнія гульцы падштурхоўваюць да таго, каб уласна палітычны працэс пачаўся. У гэтым рэчышчы — вызваленьне з-пад варты палітвязьняў, найперш Шклярава. Гэта — мілімэтровая адліга.
Панькоўскі:
- Цяперашняя сытуацыя ў пэўным сэнсе патавая.
- Адбыўся локдаўн выбарчай сыстэмы. Улады парушалі нават свае ўласныя правілы выбараў.
- Канстытуцыйныя папраўкі Лукашэнкі, хутчэй за ўсё, ня будуць тычыцца выбарчага заканадаўства.
- Цяперашняя сытуацыя наўрад ці будзе захоўвацца год. Адбудуцца нейкія нечаканыя падзеі, якія могуць перавесьці працэс у іншы пункт раўнавагі.
- У выпадку затуханьня пратэстаў улада будзе абапірацца не на электарат, а на сэлектарат — на нейкі ўсебеларускі сход, які легітымізуе канстытуцыйную рэформу.