Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызвалілі дваіх падпісчыкаў Telegram-каналу «Армія з народам», затрыманых па крымінальнай справе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Затрыманых па крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Сяргея Лук’янава і Алену Колікаву вызвалілі з ізалятара часовага ўтрыманьня ў Менску пад падпіску аб нявыезьдзе, паведамляе «Вясна».

Вядома, што абаім затрыманым не прад’явілі абвінавачаньняў, яны застаюцца ў статусе падазраваных па крымінальнай справе.

У ізалятары застаўся Сяргей Коршун, якога, як і Колікаву з Лук’янавым, затрымалі 21 чэрвеня.

Вядома, што заведзеная супраць іх крымінальная справа зьвязаная з падзеямі 29 траўня ў Горадні, калі на пікеце па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 8 чалавек. Таксама Сяргей Коршун, Алена Колікава і Сяргей Лук’янаў былі ўдзельнікамі Telegram-каналу «Армія з народам».

Цяпер 17 чалавек знаходзяцца пад вартай у межах крымінальных спраў паводле арт. 342 КК, зьвязаных з інцыдэнтам у Горадні 29 траўня (так званая «справа Ціханоўскага»).

Гэта блогеры Сяргей Ціханоўскі, Уладзімер Няронскі, Сяргей Пятрухін, Аляксандар Кабанаў, Уладзімер Цыгановіч, Зьміцер Казлоў, Ігар Лосік, затрыманыя пасьля інцыдэнту ў Горадні Зьміцер Фурманаў, Вяргілій Ушак, Арцём Сакаў, Аляксандар Арановіч, Яўген Разьнічэнка, Уладзімер Кніга, Андрэй Новікаў, палітык Мікалай Статкевіч, Сяргей Спарыш, Дзьмітры Папоў.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG