Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат расказаў, за што Ціханоўскаму двойчы далі карцэр


Сяргей Ціханоўскі на выбарчым пікеце
Сяргей Ціханоўскі на выбарчым пікеце

Блогеру Сяргею Ціханоўскаму працягнулі тэрмін знаходжаньня ў карцэры за павуціньне ў камэры, расказаў TUT.BY адвакат Віктар Мацкевіч.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў карцэры ўжо 10 дзён. Паводле адваката, ён атрымаў два спагнаньні, кожнае — па сем сутак. Першае далі за парушэньне рэжыму. Другое — ужо ў карцэры, за дрэнную прыборку: паводле Ціханоўскага, у камэры пад трохмэтровай стольлю супрацоўнікі СІЗА ўбачылі павуціньне.

Сёньня Ціханоўскі падаў скаргі на зьмяшчэньне ў карцэр у суд Маскоўскага раёну, у пракуратуру гораду і Ўпраўленьне дэпартаменту выкананьня пакараньняў па Менску і Менскай вобласьці.

Адвакат блогера падаў зварот начальніку Сьледчага ізалятару № 1: ён просіць правесьці мэдычны агляд Ціханоўскага і скараціць тэрмін ягонага знаходжаньня ў карцэры. А таксама зьвярнуўся ў пракуратуру Менску з просьбай аб неадкладным разглядзе ўсіх пададзеных скаргаў.

Ніякіх працэсуальных дзеяньняў зь Ціханоўскім, пакуль ён у карцэры, не праводзілася.

Ціханоўскі ад 29 траўня знаходзіцца ў менскім СІЗА-1 як абвінавачаны па справе на падставе ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Паводле гэтага абвінавачваньня, яму пагражае да трох гадоў зьняволеньня. На мінулым тыдні стала вядома, што ў дачыненьні да яго таксама распачатая новая крымінальная справа — за перашкоду выбарам.

Сяргея Ціханоўскага зьмясьцілі ў карцэр 13 чэрвеня, а праз тыдзень працягнулі знаходжаньне ў карцэры да 26 чэрвеня.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG