Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выкінулі на ўскраіне, і зноў накінуліся трое ў цывільным». Як адбыў 45 сутак у ізалятары паплечнік Ціханоўскага


Юры Ўласаў
Юры Ўласаў

З 7 траўня па 21 чэрвеня праседзеў у гомельскім ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) Юры Ўласаў, паплечнік Сяргея Ціханоўскага. У 45 сутак умясьціліся адзіночная камэра, адсутнасьць камунікацый, галадоўка, мэдытацыя, страта 12 кіляграмаў вагі. Пасьля месяца арышту Юрыя вызвалілі. На волі ён прабыў хвіліны паўтары.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«З ізалятара канваіры мяне завезьлі ў бязьлюднае месца, дзе на мяне накінуліся трое, і зноў паводле ілжывага абвінавачаньня я апынуўся ў ізалятары», — кажа Юры.

«Не люблю міліцэйскіх празьмернасьцяў»

7 траўня Юры Ўласаў удзельнічаў у акцыі падтрымкі Ціханоўскага ў Гомлі. 20 чалавек затрымаў АМАП. Некаторыя адправіліся на 15 сутак, у тым ліку і Ўласаў.

«Не скажу, што АМАП браў тады нас жорстка, але даволі энэргічна. Я абураўся такім стаўленьнем да людзей, таму мяне першага і „аформілі“. Суд прайшоў даволі хутка, хвілін дзесяць — і 15 сутак. Мяне пакаралі за тое, што я абураўся. Мусіў моўчкі ўспрымаць міліцэйскія дзеяньні. А я не люблю міліцэйскіх празьмернасьцяў. У нашай краіне забаронена выказваць сваю пазыцыю. Таму мы апынуліся там, дзе апынуліся», — кажа Юры.

Юры Ўласаў
Юры Ўласаў

Пасадзілі яго ў адзіночную камэру.

«У адзіночнай камэры самае цяжкае — адзіночная камэра. Я чалавек камунікабэльны, таму мне было цяжка. Спрабаваў з галубамі размаўляць, але, апроч „гулі-гулі“, яны нічога не разумеюць. „Палітычным“ нават на прагулках забаронена размаўляць, хоць „непалітычным“ можна», — кажа актывіст.

Бібліятэка ў ІЧУ — літаратура 50-х гадоў, пра вайну ды партызан, кажа суразмоўца.

«Але з задавальненьнем прачытаў Гэнрыха Гейнэ, „Унесенные ветром“ перачытаў. Ізаляцыя 24 гадзіны на суткі — цяжка, які і адсутнасьць інфармацыі — што там за плотам. Па змрочных тварах канваіраў я бачыў, што за плотам нешта няладнае — для іх. Меў навыкі мэдытацыі, ёю і займаўся, каб застацца адэкватным», — кажа Юры Ўласаў.

«На волі быў паўтары хвіліны»

Пасьля 30-суткавага арышту Ўласава мусілі выпусьціць.

«Цяпер гомельскае ІЧУ прымяняе новую тактыку пры вызваленьні „палітычных“ — не адпускае іх на волю з брамкі ізалятара, а возіць гадзіну ці дзьве па горадзе, каб потым недзе „выкінуць“, — сказаў актывіст. — Мяне завезьлі на ўскраіну Гомля, у бязьлюднае месца, дзе і выкінулі.

Літаральна паўтары хвіліны я быў на волі. Толькі палез у торбу па тэлефон, як на мяне зьнянацку са сьпіны накінуліся трое ў цывільным, пачалі „вязаць“. Я здаровы, мог бы даць адпор, але заўважыў у аднаго кайданкі. Добра, што не навешаў ім — так бы мяне падвялі пад крымінальны артыкул. Прычым яны накінуліся на мяне і крычалі: „Чаму вы парушаеце?!“. Завезьлі ў Савецкі РАУС, склалі пратаколы — нібыта я мачыўся на вуліцы Барыкіна і яшчэ не падпарадкаваўся міліцыі».

Тэкст прысуду Юрыю Ўласаву
Тэкст прысуду Юрыю Ўласаву

Актывіст дадаў, што ня любіць Лукашэнку, «але гэта не падстава садзіць мяне». Кажа, што ў Савецкім РАУС яму пагражалі, намякалі на крымінальную справу, заклікалі «падумаць пра сям’ю», пра тое, што «ёсьць такі артыкул — 328» (незаконны абарот наркотыкаў. — РС).

«Гэта банда, якая захапіла ўладу: суды, міліцыя, супрацоўнікі ІЧУ, якія адмыслова завезьлі мяне ў пастку, дзе на мяне накінуліся. Начальнік ІЧУ мне казаў пры вызваленьні: «Я не кажу вам „Бывайце“, а кажу „Да сустрэчы“», — дадаў актывіст.

Падчас адбыцьця пакараньня Ўласаў абвяшчаў галадоўку. «Але пачаліся праблемы са здароўем, таму спыніў», — кажа ён.

Актывіст лічыць, што прыйшоў час фіксаваць парушэньні закону з боку міліцыі, агалошваць іх.

«Яны не выконваюць загады, яны выконваюць каманды свайго гаспадара. Я бачу ў іх вачах страх. Нам дапаможа салідарнасьць, паштоўкі, згуртаванасьць. Трэба нечым ахвяраваць, людзі. Калі мы працягнем жыць так, як жылі, і будзем спадзявацца, што само нешта зьменіцца — гэта няпраўда», — лічыць Юры.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG