20-гадовага Сяргея Калмыкова выпусьцілі зь СІЗА КДБ. Пра гэта Свабодзе паведаміла ягоная дзяўчына Ірына Федарэнка.
Хлопец патэлефанаваў ёй з тэлефона адваката і паведаміў, што ён на волі. Ірына пагаварыла зь Сяргеем літаральна пару сэкундаў. Як ён сябе адчувае, яна яшчэ ня ведае.
«Ён пазваніў, сказаў, што засумаваў і што сёньня прыедзе», — пераказала дзяўчына.
Сяргей прыяжджае ў Горадню ў ноч зь пятніцы на суботу (з 5 на 6 чэрвеня).
Сяргей Калмыкоў разам са сваёй дзяўчынай Ірынай Федарэнкай былі 29 траўня на Савецкай плошчы ў Горадні, дзе адбываўся збор подпісаў за жонку блогера Сяргея Ціханоўскага Сьвятлану. Гэта была іхная першая ў жыцьці палітычная акцыя. Раней яны не цікавіліся палітыкай, нават не хадзілі на імпрэзы кшталту сьвяткаваньня #БНР-100. Прыйшлі літаральна за 10 хвілін да таго, як пачаліся затрыманьні.
Пасьля затрыманьня Калмыкоў стаў падазраваным у крымінальнай справе па ч. 3 арт. 364 Крымінальнага кодэксу. Яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага.
Увечары каля 19.00 1 чэрвеня ў горадзенскай найманай кватэры, дзе жылі Сяргей і Ірына, адбыўся ператрус. Прыйшлі адзін сьледчы, два амапаўцы, двое панятых не з суседзяў і «чалавек, які праводзіў ператрус».
Паводле Ірыны, у хаце ператрэсьлі ўсе шафы на кухні, у пакоі, нават сьметніцу. Шукалі тэхніку, дакумэнты і ўлёткі, зьвязаныя зь Ціханоўскім. Пасьля таго як дзяўчына пачала весьці відэаздымку, яна заўважыла, што да рэчаў сталі ставіцца больш ашчадна, класьці іх назад у шафы. Забралі старыя кнопачныя тэлефоны і флэшку Ірыны. Іншай тэхнікі дома не было. У той жа дзень прайшоў ператрус у Сяргеевай бабулі ў вёсцы ў Мастоўскім раёне, дзе хлопец прапісаны. У жанчыны хворае сэрца.
Дапаўняецца.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.