Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пачаў сваю выбарчую кампанію з затрыманьня апанэнтаў


Лукашэнка на МТЗ 29 траўня
Лукашэнка на МТЗ 29 траўня

Галоўная выснова з спэцапэрацыі затрыманьня Сяргея Ціханоўскага ў Горадні палягае ў тым, што Лукашэнка ўзяў курс на сілавы сцэнар правядзеньня кампаніі прэвэнтыўна, задоўга да 9 жніўня. Ня стаў чакаць, ува што выльецца народнае абуджэньне. Каб спыніць у зародку ўсялякія надзеі на перамены.

Сьцісла

  • 29 траўня падчас наведваньня МТЗ Лукашэнка акрэсьліў сваю тактыку падчас выбарчай кампаніі.
  • У піяраўскім пляне ягоная тактыка арыентаваная на зьневажэньне, ачарненьне ўсіх апанэнтаў.
  • Лукашэнка адкрытым тэкстам назваў Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыку прарасейскімі кандыдатамі. Упершыню так адкрыта ён разыгрывае «крамлёўскую карту», выстаўляючы сябе абаронцам беларускай незалежнасьці ад падступнай Расеі.
  • Затрыманьне Ціханоўскага адбылося ў выглядзе добра падрыхтаванай спэцапэрацыі, якую Лукашэнка агучыў загадзя.
  • Арышт блогера сьведчыць пра тое, што Лукашэнка ўзяў курс на сілавы сцэнар правядзеньня кампаніі.

З пачаткам выбарчай кампаніі, якая выявіла відавочны крызіс грамадзкай падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі, у экспэртным асяродзьдзі хадзілі прагнозы і здагадкі наконт таго, які ход ён зробіць, якую новую ідэю прапануе, каб хутка і неадкладна вярнуць палітычную ініцыятыву, узяць пад кантроль сытуацыю, якая, здавалася, выпадае зь ягоных рук.

І такі ход быў зроблены 29 траўня падчас наведваньня МТЗ. Лукашэнка адмыслова прыехаў на самы вядомы ў краіне завод, каб тут, а не на нарадзе з чыноўнікамі, нібыта ад імя рабочага клясу, народу паведаміць пра сваю тактыку падчас кампаніі. Яна аказалася да прымітыўнасьці простая. Ніякіх новых ідэй. Ды яны яму і не патрэбныя. Лукашэнка пачаў рэалізаваць усім добра вядомы сцэнар, які выкарыстоўваўся ўсе папярэднія гады і заўсёды даваў патрэбны вынік.

Найперш, гэта «апусканьне», зьневажэньне ўсіх апанэнтаў. Замест таго каб паказаць, які ён добры (тут цяжка нешта новае сказаць), стаўка робіцца на тое, каб замазаць усіх канкурэнтаў. Лукашэнка гэта заўсёды робіць з задавальненьнем, з смакам, нават таленавіта. Ён не хавае, што такая работа яму падабаецца.

Кіраўнік дзяржавы назваў Сяргея Ціханоўскага «шалудзівым», намякнуў, што мае кампрамат на Валера Цапкалу, але пакуль яго не абнародуе. Заадно прынізіў усіх жанчын-кандыдатаў, адзначыўшы, што яны ня здольныя быць прэзыдэнтамі з гендэрнай прычыны.

Была і пэўная навацыя. Лукашэнка адкрытым тэкстам назваў Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыку прарасейскімі кандыдатамі. Упершыню так адкрыта ён разыгрывае «крамлёўскую карту», выстаўляючы сябе абаронцам беларускай незалежнасьці ад падступнай Расеі. Такое пазыцыянаваньне чакалася, аднак, магчыма, не ў такім непрыхаваным выглядзе.

Лукашэнка таксама прапанаваў Бабарыку шукаць працы пасьля 9 жніўня, тым самым адкрытым тэкстам дасылаючы ўсім (грамадзтву, намэнклятуры, апазыцыі) сыгнал, што сваю ўладу ён нікому не аддасьць.

Але самае галоўнае было ня гэта. Калі прагучаў сюжэт пра тое, як Ціханоўскі нібыта «наваліўся» на міліцыянта, то гэта можна было прачытаць як пагрозу, папярэджаньне, каб неяк уціхамірыць, зьнізіць актыўнасьць вядомага блогера. Аднак праз чатыры гадзіны гэты сюжэт быў зрэалізаваны на практыцы ў Горадні.

Такое здараецца ня першы раз. 21 сакавіка 2017 году, імкнучыся зьбіць хвалю пратэстаў «недармаедаў», Лукашэнка заявіў, што «мы літаральна ў гэтыя гадзіны затрымалі пару дзясяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй». 24 сакавіка ён працягваў нагнятаць сытуацыю: «Некаму хочацца падарваць абстаноўку, і яны выкарыстоўваюць нашых адмарозкаў. Дайшлі да таго, што, як партызаны, ямы капалі і хавалі. Хаваюць зброю, арматуру, сякеры, нажы, гранаты і іншае. І ўсё кажуць: гэта мы патрыятызму дзяцей вучым. З баявымі гранатамі дзяцей вучыць?» І тут жа былі арыштаваныя 35 чалавек, якія нібыта належалі да арганізацыі «Белы легіён». БТ пачало паказваць гэтую зброю і баевікоў. А ў канцы таго ж 2017 году справу «Белага легіёну» спынілі з прычыны адсутнасьці складу злачынства.

Так і цяпер. Арышт Ціханоўскага адбыўся ў выглядзе добра падрыхтаванай спэцапэрацыі. Былі жанчына, якая кідалася на блогера, падзеньне міліцыянта (пра якое казаў Лукашэнка за чатыры гадзіны да таго), АМАП, які чамусьці якраз чакаў побач у аўтобусе, апэратыўнае паведамленьне на канале «Беларусь-1».

Тое, што Лукашэнка пэрыядычна выдае дзяржаўныя і асабістыя сакрэты, для дасьледчыкаў беларускай палітыкі не навіна. У дадзеным выпадку ён, верагодна, агучыў той сцэнар, які абмяркоўваўся зь ягоным удзелам ці пра які яго праінфармавалі. І не ўцярпеў пра яго паведаміць загадзя. Такая псыхалягічная асаблівасьць.

Галоўная выснова з спэцапэрацыі па затрыманьні Сяргея Ціханоўскага ў Горадні палягае ў тым, што Лукашэнка ўзяў курс на сілавы сцэнар правядзеньня кампаніі прэвэнтыўна, задоўга да 9 жніўня. Ня стаў чакаць, ува што выльецца народнае абуджэньне. Каб спыніць у зародку ўсялякія надзеі на перамены і загнаць у рэзэрвацыю любы пратэст, вярнуць у грамадзтва страх.

Падаецца, ад пачатку выбарчай кампаніі Лукашэнка атрымаў псыхалягічную траўму. Ён зразумеў, што страціў вобраз «усенароднаабранага прэзыдэнта», які купаецца ў народнай любові. Як казаў Гётэ, «няшчасны чалавек небясьпечны».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG