Скандал з закупліваньнем масак і апаратаў ШВЛ выклікаў урадавы крызіс у Славеніі
Урад Славеніі апынуўся ў палітычным крызісе праз расьсьледаваньне закупак ахоўных сродкаў падчас каранавіруснай пандэміі. Міністар унутраных спраў Алеш Хойс 30 чэрвеня пайшоў у адстаўку.
Міністар эканамічнага разьвіцьця і тэхналёгій Здраўка Пачывалшэк быў у той жа дзень затрыманы на некаторы час праз падазрэньне, што ён рабіў пратэкцыю шэрагу фірмаў, якія выраблялі засьцерагальныя сродкі і апараты штучнай вэнтыляцыі лёгкіх (ШВЛ), хоць гэтыя фірмы пастаўлялі прадукцыю дрэннай якасьці.
Жыхар Гомля дамогся, каб прычынай сьмерці бацькі напісалі пнэўманію і каранавірус, а не анкалёгію
«Яго тры тыдні лячылі ад каранавірусу ў розных шпіталях. Але прычынай сьмерці напісалі анкалёгію. Я не пагадзіўся з гэтым», — сказаў Свабодзе Яўген. Ён упэўнены: каб не каранавірус — бацька быў бы жывы.
Яўген Якавенка-старэйшы трапіў у анкалягічны шпіталь на плянавае лекаваньне. Там заразіўся каранавірусам.
«Нам увесь час, пакуль тата быў у шпіталі, практычна не давалі інфармацыі пра ягоны стан, лекаваньне. Даводзілася патрабаваць, хадзіць да начмэда, галоўнага лекара... 23 траўня таты ня стала, ён толькі паўгадзіны прабыў на ШВЛ», — кажа Яўген.
Навошта сын намагаўся, каб напісалі правільную прычыну сьмерці бацькі >>
Плюс 328 выпадкаў і 5 сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 30 чэрвеня
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 30 чэрвеня ў Беларусі:
- агулам 62 118 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 392 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 46 054 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 328 выпадкаў (апошні раз менш за гэтую лічбу было 11 красавіка) і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 841 чалавека (днём раней выпісалі толькі 186);
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 518, цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 15 672;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 000 785 тэстаў (гэта 8778 на дзень, зь іх станоўчыя 3,74%, хоць 26–28 чэрвеня станоўчых было менш за 2%).
З 1 ліпеня ЭЗ адкрывае межы для турыстаў з 14 краін. Поўны сьпіс
Амбасадары ЭЗ узгаднілі сьпіс 14 «бясьпечных» краін, грамадзяне якіх змогуць уяжджаць у краіны Эўразьвязу. З пераліку выключылі ЗША, Бразылію і Кітай.
У сьпісе Альжыр, Аўстралія, Канада, Грузія, Японія, Чарнагорыя, Марока, Новая Зэляндыя, Руанда, Сэрбія, Паўднёвая Карэя, Тайлянд, Туніс і Ўругвай.
Беларусі сярод «бясьпечных» краін няма. Працэдура ЭЗ у фармалізацыі сьпісу і крытэраў, паводле якіх краіны ацэньваюцца як «бясьпечныя», павінна быць завершана да 12.00 аўторка. Адзначаецца, што пералік ухвалілі мінімум 55% краін ЭЗ.
Турыстычныя краіны блёку, такія як Грэцыя і Партугалія, выступалі за пашыраны сьпіс, бо іхная эканоміка залежыць у асноўным ад турызму. У той жа час найбольш пацярпелыя ад пандэміі краіны — Францыя і Нямеччына — прапанавалі кароткі пералік краін зь нізкім узроўнем захворваньня, а таксама якасным мэдычным абслугоўваньнем і надзейнымі зьвесткамі пра выпадкі інфікаваньня COVID-19.
Лукашэнка спадзяецца прыехаць у Рыгу зь візытам, нягледзячы на каранавірус і выбарчую кампанію
Аляксандар Лукашэнка павіншаваў прэзыдэнта Латвіі Эгілса Лэвітса з 65-годзьдзем.
выказаў спадзяваньне на працяг сумеснай працы дзеля ўмацаваньня добрасуседзкіх стасункаў з Латвіяй.
«Гэтаму будуць спрыяць заплянаваныя кантакты на вышэйшым узроўні. Разьлічваю, што ў хуткім часе мы здолеем сустрэцца ў гасьціннай Рызе для абмеркаваньня шляхоў паглыбленьня ўзаемадзеяньня Беларусі і Латвіі», — падкрэсьліў Лукашэнка.
Дата магчымай сустрэчы не называецца. Візыт Лукашэнкі ў Рыгу быў заплянаваны на 3 красавіка. Гэты дзень назвалі падчас прыезду ў Менск сёлета ў студзені прэм’ер-міністра Латвіі Крышʼяніса Карыньша. Тады бакі дамовіліся «сур’ёзна пашырыць супрацоўніцтва», бо ў часы СССР эканамічныя сувязі дзьвюх краін былі моцнымі. Паводле Лукашэнкі, адрозна ад іншых балтыйскіх дзяржаў, фон супрацоўніцтва паміж Латвіяй і Беларусьсю «вельмі добры».
Аляксандра Лукашэнку ў 2018 і 2019 гадах ужо запрашалі ў Латвію, але ён там так і не пабываў за ўсе свае прэзыдэнцкія тэрміны.
Міністэрства здароўя Беларусі: «COVID адступае», асобныя лякарні вяртаюць звычайны рэжым працы
Міністэрства аховы здароўя Беларусі расказала 29 чэрвеня аб вяртаньні шэрагу лякарняў у звычайны рэжым працы.
Лякарні вяртаюцца да звычайнага рэжыму працы ва ўсіх абласьцях і ў сталіцы, але ў розны час і ў рознай колькасьці. Найбольш вядомых датаў у Берасьцейскай вобласьці.
«З улікам аналізу захворваньня інфэкцыяй, выкліканай COVID-19 (папраўдзе, COVID-19 — гэта інфэкцыйная хвароба, выкліканая вірусам SARS-CoV-2. — РС), у краіне праводзіцца паэтапнае вяртаньне да звычайнай працы арганізацыяў аховы здароўя, якія былі перапрафіляваныя для аказаньня мэддапамогі пацыентам з каранавіруснай інфэкцыяй, — піша міністэрства. — Некаторыя ўстановы вобласьці ўжо вярнуліся да аказаньня мэдычнай дапамогі паводле профілю».
У афіцыйнай беларускай статыстыцы назіраецца паступовы спад колькасьці «актыўных выпадкаў» хваробы (на 29 чэрвеня такіх было афіцыйна прызнана 16 190) і зьмяншэньне тэмпаў выяўленьня COVID-19 на дзень (ужо не пад тысячу штодзень, а толькі тры-чатыры сотні новых выпадкаў).
Гэтым лічбам выказваюць недавер валянтэры і некаторыя мэдыкі, яна зьдзіўляе знаёмых з законамі матэматычнй статыстыкі.
Праз рост новых выпадкаў COVID-19 у некаторых краінах вяртаюць карантын
У ЗША, Індыі і шэрагу іншых краін расьце колькасьць выпадкаў заражэньня каранавірусам, і ўлады аднаўляюць абмежавальныя захады, каб стрымаць распаўсюд вірусу.
У Індыі 29 чэрвеня зафіксавалі чарговы сутачны рэкорд — каля 20 000 новых выпадкаў. Паводле агульнай колькасьці пацьверджаных выпадкаў Індыя саступае толькі ЗША, Бразыліі і Расеі.
У ЗША рэзкі рост колькасьці выпадкаў адзначаны ў такіх штатах, як Флорыда, Тэхас, Каліфорнія і Арызона. Губэрнатар Флорыды Рон Дэсантыс 28 чэрвеня абвясьціў, што ў штаце зноў закрыюцца пляжы. Улады штату таксама абмежавалі спажываньне алькаголю ў барах з прычыны «паўсюднага невыкананьня абмежаваньняў». Губэрнатары Тэхасу і Каліфорніі таксама зачынілі шматлікія бары.
Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў 29 чэрвеня распарадзіўся ў двухдзённы тэрмін прадставіць яму прапановы аб увядзеньні жорсткага карантыну ў краіне. Паводле яго, з 11 траўня (дня зьняцьця карантыну) колькасьць захварэлых на COVID-19 у краіне павялічылася ў сем разоў.
У 39 гадоў ад каранавірусу памёр «Берасьцейскі Зубар», майстар спорту ў паўэрліфтынгу
У 39 гадоў ад каранавірусу памёр майстар спорту ў паўэрліфтынгу
Ад каранавірусу памёр майстар спорту Беларусі ў паўэрліфтынгу, судзьдзя першай катэгорыі Сяргей Кузьняцоў. Яму было 39 гадоў, піша «Брэсцкая газэта».
«Сяргей быў канкурэнтаздольны ва ўсім — у экіпіроўцы і клясыцы, у трохборстве і асобных рухах. Ён падымаў так шмат і так магутна, што за ім замацавалася званьне „Берасьцейскага Зубра“. І чым мацнейшым ён быў, тым больш нечаканы яго адыход. З тэлевізара кажуць, што каранавірус — гэта хвароба старых, на справе ён забраў чэмпіёна ў самым росквіце», — гаворыцца на старонцы супольнасьці «Паўэрліфтынг у Беларусі» сацсеткі «УКантакце». Цалкам чытайце па спасылцы.
Кампанія ByCovid19 сабрала 355 тысяч даляраў і закрылася. Што купілі на гэтыя грошы для мэдыкаў?
Адзін з ініцыятараў збору сродкаў для мэдыкаў ByCovid19 Андрэй Стрыжак расказаў, што за тры месяцы ўдалося сабраць рэкордную суму — 355 тысяч даляраў. На гэтыя сродкі было закуплена для лекараў 450 тысяч сродкаў індвідуальнай абароны і 1500 адзінак мэдычнай апаратуры.
Стрыжак паведаміў Свабодзе, што грошы разьмеркавалі ў шпіталі на набыцьцё неабходнага абсталяваньня і сродкаў індывідуальнай засьцярогі: «Мы ў шпіталі грошы не адпраўлялі. Толькі СІЗ і апаратуру. Бо важна было закупіць і адправіць тое, што было патрэбна мэдыкам». Паводле актывіста, нідзе ў суседзяў такой хвалі салідарнасьці не было — пры тым, што кіраўніцтва Беларусі фармальна не прызнала небясьпекі каранавірусу. Цалкам чытайце па спасылцы.
380 новых выпадкаў і 6 сьмерцяў за дзень. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 28 чэрвеня
- агулам 61 475 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 383 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 45 027 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 380 выпадкаў і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, выпісалі 901 чалавека;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 979 800 тэстаў.
Колькасьць інфікаваных COVID-19 у сьвеце перавысіла 10 мільёнаў, памерлі ўжо паўмільёна чалавек
28 чэрвеня агульная колькасьць інфікаваных каранавірусам COVID-19 у сьвеце перавысіла 10 мільёнаў чалавек. Паводле дадзеных унівэрсытэта Джонса Гопкінса, у сьвеце ўжо 10 мільёнаў і 1,5 тысячы хворых, паводле парталу worldometers.info — 10 мільёнаў 108 тысяч чалавек.
Ад пачатку эпідэміі ад каранавірусу памерлі ўжо каля 500 тысяч чалавек (499 тысяч — паводле ўнівэрсытэта Джонса Гопкінса, 501,8 тысяч — паводле worldometers.info).
Найбольшая колькасьць хворых і памерлых у ЗША (больш за 2,5 мільёна і сама меней 125,5 тысяч адпаведна), далей ідуць Бразылія (больш за 1,3 мільёна і больш за 57 тысяч памерлых) і Расея (каля 634 тысячы хворых і каля 9 тысяч памерлых).
«Працы стала яшчэ больш», — лекарка пра паўторныя шпіталізацыі з пнэўманіяй і «камічныя» даведкі пра сьмерць
Што пішуць у даведках пра сьмерць, каб не фігураваў каранавірус? Што адбываецца, калі пацыентаў выпісваюць пасьля 21 дня лячэньня дадому, як прадугледжана новым загадам Міністэрства аховы здароўя? Чаму не назіраецца спаду пандэміі?
Пра гэта Свабодзе расказала мэдык, якая працуе на менскай хуткай дапамозе і ў шпіталі, дзе лечаць хворых на каранавірусную інфэкцыю. Яна папрасіла захаваць ананімнасьць. Рэдакцыя мае кантакты мэдыка. Суразмоўца, якая працуе з ковіднымі хворымі больш за два месяцы, падсумавала асноўныя праблемы, зь якімі сутыкаюцца беларускія дактары ў часе пандэміі. Прапануем яе аповед.
Сьцісла
- У даведцы пра сьмерць звычайна фігуруе поліарганная недастатковасьць. Мы ведаем, што яна выклікаецца каранавірусам, але могуць напісаць, напрыклад, што артэрыяльнай гіпэртэнзіяй.
- Пацыентаў выпісваюць на 21-ы дзень зь лёгкай і сярэдняй формай цячэньня хваробы. Празь некаторы час у іх зноў дыягнастуюць двухбаковую полісэгмэнтарную пнэўманію, а гэта яшчэ паўторная шпіталізацыя, у лепшым выпадку — два тыдні лячэньня.
- Да сытуацыі з каранавірусам любая, нават дробнаачаговая, пнэўманія заўсёды шпіталізавалася ў Беларусі. Гэта вельмі сур’ёзная хвароба, якая часам прыводзіць да сьмерці.
- Людзі чакаюць вынікі мазкоў тыднямі, іх часам губляюць, але калі мэдыкі здаюць цэнтралізавана ў адным месцы, вынік заўсёды на наступны дзень, і заўсёды адмоўны.
- Мы ведалі, што ў мэдыцыне мала плацяць, і прыйшлі ў мэдыцыну. І гэта ня значыць, што мы цяпер да сьмерці павінны працаваць за капейкі.
«Як кажуць у народзе, спраўдзілася», — Лукашэнка пра свой прагноз наступстваў пандэміі ў сьвеце
Аляксандар Лукашэнка 26 чэрвеня заявіў, што спраўджваюцца ягоныя прагнозы аб разьвіцьці сытуацыі ў сьвеце на фоне прынятых у розных краінах захадаў для супрацьдзеяньня пандэміі каранавірусу, піша БелТА.
«Я вам казаў: усе закрыюцца, а мы ў гэты час павінны ціхенька вырабляць сваю прадукцыю, каб яе потым паставіць», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з чыноўнікамі Менскай вобласьці. Цалкам чытайце тут.
331 новы выпадак і 6 сьмерцяў за дзень. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 26 чэрвеня
Паводле БелТА (Міністэрства аховы здароўя яшчэ не публікавала афіцыйную статыстыку), на 26 чэрвеня ў Беларусі:
- агулам 60 713 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 373 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 42 689 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 331 выпадак (апошні раз менш за гэтую лічбу было 11 красавіка) і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, выпісалі 1241 чалавека;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 916 (самае вялікае падзеньне за ўвесь час), цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 17 651;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 939 524 тэсты (гэта 20 385 на дзень, зь іх станоўчыя 1,62% — рэкордна нізкі адсотак за ўвесь час).
Чарнагорыя паўторна ўводзіць карантын з прычыны COVID-19
Чарнагорыя празь месяц пасьля таго, як улады абвясьцілі краіну свабоднай ад каранавірусу, зноў уводзіць карантынныя захады.
Сярод паўторных абмежаваньняў — забарона на правядзеньне спартовых мерапрыемстваў і палітычных акцый на адкрытым паветры. Чыноўнікі спрабуюць стрымаць новы рост захворваньня на каранавірусную інфэкцыю. За 10 дзён — сто новых выпадкаў. Усяго за час эпідэміі ў Чарнагорыі было зарэгістравана больш за 420 заражэньняў і 9 сьмяротных зыходаў, адзначае агенцтва Reuters.
САЗ: колькасьць новых захворваньняў на COVID-19 у Эўропе пачала зноў расьці
Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) асьцерагла, што ў Эўропе пачаўся рост новых выпадкаў захворваньня на каранавірус.
«На мінулым тыдні ў Эўропе зафіксавалі ўпершыню за апошнія месяцы рост колькасьці выпадкаў (COVID-19 — РС), зарэгістраваных за адзін тыдзень», — сказаў дырэктар Эўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ Ганс Клюге на прэс-канфэрэнцыі 25 чэрвеня.
Паводле Клюге, 30 эўрапейскіх краінаў за апошнія два тыдні выявілі паскарэньне тэмпу прыросту новых выпадкаў захворваньня на каранавірус. На яго думку, гэты ўсплёск выкліканы зьмякчэньнем карантынных абмежаваньняў.
У прыватнасьці, удакладніў Клюге, у 11 краінах Эўропы «паказьнікі перадачы вірусу ўзрасьлі настолькі, што калі ў сувязі з гэтым ня будуць прынятыя неадкладныя захады ў адказ, то сыстэмы аховы здароўя ў рэгіёне зноў апынецца на мяжы каляпсу». Да гэтых краін належаць:
- Украіна (рост 64% за два апошнія тыдні)
- Малдова (71%)
- Азэрбайджан (46%)
- Армэнія (21%)
- Казахстан (44%)
- Кіргізстан (241%)
- Швэцыя (32%)
- Босьнія і Герцэгавіна (149%)
- Паўночная Македонія (57%)
- Альбанія (133%)
- Ізраіль (122%)
Паводле зьвестак САЗ, у Эўропе да гэтага часу зафіксавалі 2,6 мільёна выпадкаў захворваньня на COVID-19 і 195 тысяч сьмерцяў ад інфэкцыі. Гэта чацьвёртая частка глябальных выпадкаў захворваньня і амаль 40% сьмерцяў ад інфэкцыі ў сьвеце.
Палітыкі і праваабаронцы: крызіс ад пандэміі пагражае дэмакратыі
На ініцыятыву Міжнароднага інстытуту дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам і Нацыянальнага фонду дэмакратыі ЗША больш за 500 вядомых палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў, ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі і лідэраў праваабарончых арганізацый падпісалі адкрыты ліст, у якім папярэдзілі, што аўтарытарныя рэжымы могуць выкарыстоўваць пандэмію для ўмацаваньня сваёй улады і задушэньня крытыкі.
У лісьце гаворыцца, што нават некаторыя дэмакратычна выбраныя кіраўнікі сёньня канцэнтруюць у сваіх руках надзвычайныя паўнамоцтвы, абмяжоўваючы правы чалавека і ўзмацняючы дзяржаўны нагляд. На думку аўтараў ліста, пандэмія выклікала да жыцьця палітычны крызіс, які пагражае будучыні лібэральнай дэмакратыі.
«Задушэньне свабоды слова, адпраўка ў турму мірных нязгодных і адмена выбараў на няпэўны час — усё гэта нічым не дапаможа ў ахове здароўя», — гаворыцца ў лісьце.
Другая хваля? Шэраг краін аднаўляюць карантынныя захады
Цэлы шэраг брытанскіх мэдычных экспэртаў папярэджвае аб рызыцы другой хвалі пашырэньня каранавірусу SARS-CoV-2. Наяўныя зьвесткі сьведчаць, што новыя лякальныя ўсплёскі ўсё больш імаверныя, а пагроза другой хвалі рэальная, гаворыцца ў адкрытым лісьце, апублікаваным у штотыднёвым навуковым часопісе The BMJ у аўторак, 23 чэрвеня.
- Лякальныя ўсплёскі ў Нямеччыне прывялі да мясцовага аднаўленьня локдаўну.
- Улады трох амэрыканскіх штатаў увялі карантынныя захады ў сувязі з новай хваляй пашырэньня каранавірусу на поўдні і захадзе ЗША.
- У Казахстане ва ўсіх лякарнях Алматы ўсьлед за Нур-Султанам прыпынілі плянавы прыём і агляд пацыентаў. Працягласьць такіх захадаў будзе залежаць ад эпідэмічнай сытуацыі.
- У Партугаліі карантынныя захады аднавілі ў Лісабоне і прадмесьцях. Паводле ўладаў, 23 чэрвеня ў краіне зафіксавалі 345 новых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі.
- 22 чэрвеня пра пачатак другой хвалі заражэньняў каранавірусам абвясьцілі ў Паўднёвай Карэі.
- У сталіцы Індыі Дэлі зарэгістравана сама больш новых заражэньняў за содні з пачатку пандэміі — амаль 4 тысячаў выпадкаў.
Звыш 60 тысяч выпадкаў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 25 чэрвеня
Паводле афіцыйнай статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, на 25 чэрвеня ў Беларусі:
- агулам 60 382 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 367 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 41 448 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 437 выпадкаў (апошні раз было менш 9 красавіка) і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 1312 чалавек;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 880 (самае вялікае падзеньне за ўвесь час), цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 18 567;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 919 139 тэстаў (гэта 15 656 на дзень, зь іх станоўчыя 2,54% — рэкордна нізкі адсотак за ўвесь час).
Каранавірус у бабруйскім садку: 8 супрацоўнікаў перахварэлі, 4 на бальнічным, 1 група на карантыне
У сацсетках зьявілася інфармацыя пра ўспышку каранавірусу ў бабруйскім садку № 73. Загадчыца садку кажа, што санітарна-эпідэміялягічная абстаноўка пад кантролем і ўстанова працуе ў звычайным рэжыме.