Ад каранавірусу памёр 39-гадовы выкладчык Вайсковай акадэміі. У яго засталося трое дзяцей
У Менску ад каранавірусу памёр 39-гадовы падпалкоўнік Аляксей Смародзін. Ён выкладаў на катэдры тылавога забесьпячэньня Вайсковай акадэміі. Сьмерць наступіла ў панядзелак, 22 чэрвеня, пасьля двух месяцаў у бальніцы, піша «Наша Ніва».
«Заразіцца мог паўсюль... Аналізы на каранавірус узялі 25 красавіка, 2 траўня зрабілі пераліваньне плязмы з антыцеламі, каб выратаваць, хоць вынік тэсту яшчэ быў невядомы. 5 траўня прыйшоў станоўчы вынік. Увесь гэты час муж быў у рэанімацыі і ў кіслароднай масцы», — успамінае жонка Тацяна. Чытайце цалкам па спасылцы.
Мінус тысяча «актыўных выпадкаў» за дзень. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 24 чэрвеня
Паводле афіцыйнай статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, на 24 чэрвеня ў Беларусі:
- агулам 59 945 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 362 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 40 136 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 458 выпадкаў (апошні раз было менш 21 красавіка) і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 1448 чалавек;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 995 (самае вялікае падзеньне за ўвесь час), цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 19 447;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 901 904 тэсты (гэта 15 656 на дзень, зь іх станоўчыя 2,93%).
Прэзыдэнт Кіргізстану не пайшоў на парад у Маскве праз каранавірус у яго дэлегацыі. Але ён пасьпеў наведаць Крэмль
Прэзыдэнт Кіргізстану Сааранбай Джээнбекаў не прымаў удзел у парадзе ў Маскве 24 чэрвеня праз два выпадкі каранавірусу, выяўленых у яго дэлегацыі. Пра гэта паведамляе кіргіская служба Радыё Свабода са спасылкай на апарат прэзыдэнта. Але раніцай ён наведваў Крэмль. Цалкам чытайце тут.
Прэм’ер-міністра Баўгарыі аштрафуюць за парушэньне масачнага рэжыму
Прэмʼер-міністар Баўгарыі Бойка Барысаў будзе аштрафаваны на 300 леваў (каля 150 эўраў) за зьяўленьне бяз маскі ў царкве, паведаміла міністэрства аховы здароўя краіны.
Міністар аховы здароўя Кірыл Ананіеў у панядзелак выдаў распараджэньне аб паўторным увядзеньні масачнага рэжыму ў закрытых грамадзкіх памяшканьнях, пасьля таго як на мінулым тыдні ў краіне быў зафіксаваны рэкордны рост захворваньня на каранавірус.
Каранавірус: ці правільна мы дэзынфікуем паверхні
З таго часу, як каранаваірус стаў пагрозай, многія з нас займаюцца прыборкай дому, распырскваючы ачышчальныя сродкі і праціраючы амаль усе паверхні, асабліва дзьвярныя ручкі і краны, піша амэрыканская The New York Times. Як правільна трэба дэзынфікаваць розныя паверхні, чытайце па спасылцы.
Галоўны інфэкцыяніст ЗША: каранавірус пакуль не пад кантролем
Паводле Энтані Фаўчы, бліжэйшыя два тыдні «будуць крытычнымі, калі вызначыцца наша здольнасьць адказаць на скачок ліку заражаных у Флорыдзе, Тэхасе, Арызоне ды іншых штатах».
У апошнія дні ў сямі штатах, у тым ліку Каліфорніі, Арызоне, Тэхасе рэгіструюць найвышэйшыя штодзённыя лічбы выяўленых заражэньняў. Спэцыялісты тлумачаць іх скасаваньнем пэўных абмежаваньняў і аднаўленьнем эканамічнай актыўнасьці, адкрыцьцём рэстаранаў, бараў і крамаў. Масавыя пратэсты супраць расізму ў многіх гарадах краіны таксама маглі спрыяць пашырэньню вірусу.
Доктар Фаўчы заклікае амэрыканцаў надалей зьвяртацца да мераў засьцярогі:
«Плян А: ня зьяўляйцеся ў месцах збору людзей. Плян Б: калі вы зьявіліся, насіце маску».
«У нас зьявілася надзея, а потым мамы ня стала...» Гісторыя мэдсястры з Клімавічаў, якую забраў COVID-19
50-гадовая мэдсястра Сьвятлана Зарубская з 16-тысячнага райцэнтру Клімавічы, што на ўсходзе Магілёўшчыны, стала чарговай ахвярай каранавірусу.
Старшая мэдсястра Клімавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы памерла 10 чэрвеня. У пасьведчаньні аб сьмерці пазначана хвароба сэрца. Паводле яе дзяцей, у гісторыі хваробы фігуруе і COVID-19. Гісторыю Сьвятланы Зарубскай і яе сям'і чытайце па спасылцы.
Опэрны тэатр Барсэлёны пасьля карантыну зайграў канцэрт кветкам. ВІДЭА
Опэрны тэатр Барсэлёны Liceu пачаў свой сэзон пасьля карантыннага перапынку канцэртам перад кветакамі. 2292 гаршчкоў з расьлінамі запоўнілі ўсе крэслы глядацкай залі. Так тэатар адзначыў канец карантыну. Пасьля канцэрту кветкі падораць мэдработнікам.
«Дапамогу мала хто атрымлівае, і яна нязначная». Як дзяржава падтрымала бізнэс ва ўмовах пандэміі
У Мінэканомікі паведамілі, што ў Беларусі падтрымку дзяржавы ва ўмовах пандэміі адчулі на сабе 2,5 тысячы кампаній.
Свабода паглядзела, каму дапамагла дзяржава. Чытайце па спасылцы.
Ва Ўкраіне пачалі расьсьледаваць гібель лекараў ад COVID-19, каб выплаціць страхоўкі іх сем'ям
Ва Ўкраіне пачаліся эпідэміялягічныя дасьледаваньні гібелі лекараў, якія працавалі з хворымі на COVID-19. Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Зяленскага прайшла канфэрэнцыя, прысьвечаная спыненьню распаўсюду каранавірусу, на якой абмеркавалі пытаньне страхавых выплат сем’ям мэдыкаў, якія памерлі, працуючы з пацыентамі, хворымі на COVID-19.
«Мы павінны рухацца хутчэй са страхавымі выплатамі, чым COVID-19. І гэта тычыцца ня толькі тых, хто страціў блізкіх у барацьбе з пандэміяй, але і лекараў, якія ахвяравалі сваім здароўем», — сказаў Зяленскі.
У заяве пасьля канфэрэнцыі гаворыцца, што страхавыя выплаты іх сем’ям мэдыкаў можна будзе зрабіць пасьля таго, як будзе ўстаноўлена прычына іх сьмерці.
Менш за 500 новых выпадкаў за дзень. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 23 чэрвеня
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 23 чэрвеня ў Беларусі:
- агулам 59 487 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 357 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 38 688 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 464 выпадкі (апошні раз было менш 21 красавіка) і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, выпісалі 765 чалавек;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 307 — цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 20 442;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 886 248 тэстаў (гэта 9607 на дзень, зь іх станоўчыя 4,83%, апошні раз менш за 10 тысяч было 21 дзень таму, а даходзіла да 21,5 тысячы тэстаў на дзень). Цалкам чытайце тут.
«Хварэюць калі людзі, то мы іх вучым у лякарні дыхаць», «аблянелі ўжо», — Лукашэнка пра барацьбу з каранавірусам
Падчас наведваньня Сьветлагорску 21 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка ў размове зь мясцовымі жыхарамі заклікаў іх «ні ў якім разе не сядзець на канапе» і «дыхаць», каб не было атрафіі лёгкіх і не атакаваў каранавірус.
«Бяда, мне нават сорамна пра гэта казаць: хварэюць калі людзі, то мы іх вучым у лякарні дыхаць. Чаму вучым? Таму што руху мала: абленаваліся ўжо — гэта ня тое, што раней. У Сьветлагорску яшчэ, можа, варушацца, а ў Менску — праблема», — сказаў Лукашэнка ў эфіры АНТ. Цалкам чытайце па спасылцы.
Рост «актыўных выпадкаў» аднавіўся. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 22 чэрвеня
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 22 чэрвеня ў Беларусі:
- агулам 59 023 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 351 памёр, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 37 923 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 518 выпадкаў (апошні раз было менш 22 красавіка) і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі толькі 257 чалавек;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» павялічылася на 256 чалавек (хоць да таго спадала 6 дзён запар) — цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 20 749;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 876 639 тэстаў (гэта 14 936 на дзень, зь іх станоўчыя 3,47%).
«І трывожна, і без турыстаў — ніяк». Што адбываецца на Браслаўшчыне, дзе хворых на COVID-19 паболела ўтрая і ўвялі масачны рэжым
У самым пачатку лета эпідэмічная сытуацыя на Браслаўшчыне пагоршылася. Гэтым галоўны санітарны доктар Браслаўскага раёну Вольга Рудакова патлумачыла ўвод з 8 чэрвеня дадатковых захадаў засьцярогі, у тым ліку — абавязковага масачнага рэжыму ў грамадзкіх месцах.
Паводле статыстыкі на 17 чэрвеня, у раёне зафіксавалі 89 выпадкаў інфікаваньня каранавірусам, 45 чалавек ачунялі. У раённай лякарні цяпер знаходзяцца 7 чалавек з дыягназам «пнэўманія». Што адбываецца ў Браслаўскім раёне, дзе за месяц колькасьць выпадкаў заражэньня каранавірусам вырасла больш чым утрая — у рэпартажы Свабоды. Чытайце і глядзіце фота па спасылцы.
САЗ паведаміла пра рэкордны прырост інфікаваных каранавірусам
Сусьветная арганізацыя аховы здароўя паведаміла пра найбольшы за суткі прырост інфікаваных каранавірусам — больш за 183 тысяч.
Найбольшая колькасьць заражэньняў, па дадзеных за нядзелю, адзначана ў Бразыліі, ЗША і Індыі. Памерлі за той жа пэрыяд 4743 чалавекі. У Бразыліі напярэдадні колькасьць памерлых ад каранавіруснай інфэкцыі перавысіла 50 тысяч. Апярэджваюць па гэтым паказчыку Бразылію толькі Злучаныя Штаты. Там з пачатку эпідэміі амаль 120 тысяч сьмерцяў. Усяго ахвярамі пандэміі ў розных краінах сталі звыш 468 тысяч чалавек. Цалкам чытайце па спасылцы.
«Мы ведалі, куды ішлі». Беларускія мэдыкі масава адказалі Качанавай у сацыяльных сетках
Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава 18 чэрвеня сустрэлася з чальцамі ініцыятыўных групаў альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у кандыдаты. На пытаньне аб нізкіх заробках мэдыкаў яна адказала: «Калі вы ішлі ў мэдычны ўнівэрсытэт, вы ведалі пра заробкі». Мэдыкі адказалі на гэта публікацыямі пад хэштэгам #мызналикудашли, зьвязалі свае выказваньні з Днём мэдычнага працаўніка.
Самая папулярная публікацыя:
Лукашэнка пра каранавірус: «Самае страшнае, каб пад гэты шумок нас не прыбралі»
Аляксандар Лукашэнка 22 чэрвеня ўзяў удзел у цырымоніі, прысьвечанай гадавіне пачатку Вялікай айчыннай вайны — нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз у 1941 годзе ў працяг Другой усясьветнай вайны. Урачыстасьць пачалася ў Берасьцейскай крэпасьці ў 4 раніцы.
У прамове Лукашэнка, як перадае ягоная прэс-служба, сярод іншага заявіў:
«Не напружвайцеся. Нас і так напружылі з гэтым каронапсыхозам. Але самае страшнае для нас, каб пад гэты шумок нас не прыбралі. Вось гэта для нас галоўнае».
Гішпанія адкрыла межы для турыстаў з Эўропы, у штабе Трампа захварэлі шэсьць супрацоўнікаў
Гішпанія зноў адкрыла свае межы для эўрапейскіх турыстаў на фоне паслабленьня карантынных мер на кантынэнце, уведзеных для барацьбы з каранавірусам. Раней Гішпанія займала трэцяе месца ў сьвеце паводле колькасьці пацьверджаных выпадкаў COVID-19, цяпер яна апусьцілася на сёмае месца. Паводле дадзеных Рэсурснага цэнтру Унівэрсытэту Джонса Гопкінса, у краіне зарэгістравана каля 246 тысяч інфікаваных.
Пакуль у Эўропе сытуацыя павольна мяняецца да лепшага, у Бразыліі, Паўднёваафрыканскай рэспубліцы, Індыі і ЗША назіраецца рост колькасьці інфікаваных.
ЗША займаюць першае месца ў сьвеце паводле колькасьці выяўленых інфікаваных — больш за 2,2 мільёна чалавек. За імі ідуць Бразылія (больш за мільён інфікаваных) і Расея (больш за 576 тысяч). ЗША таксама лідзіруюць паводле колькасьці памерлых ад COVID-19 (больш за 120 тысяч).
Шэсьць супрацоўнікаў перадвыбарчага штабу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа заразіліся каранавірусам. Пра гэта было абвешчана ў суботу толькі за некалькі гадзін да перадвыбарчага мітынгу прэзыдэнта ў Талсе, штат Аклахома, — першым падобным мерапрыемстве з пачатку пандэміі.
Менш за 600 новых выпадкаў за дзень. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 21 чэрвеня
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 21 чэрвеня ў Беларусі:
- агулам 58 505 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 346 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 37 666 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 569 выпадкаў (апошні раз было менш 22 красавіка) і прызналі яшчэ 3 сьмерці, выпісалі 917 чалавек;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 351 — цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 20 493;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 861 703 тэсты (гэта 19 530 на дзень, зь іх станоўчыя 2,91% — самы нізкі адсотак за ўвесь час, калі паведамлялася колькасьць тэстаў);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляюць.
Увесь травень і пачатак чэрвеня штодня давалі практычна аднолькавую статыстыку: плюс восем-дзевяць сотняў новых выпадкаў, 4–6 прызнаных сьмерцяў за содні. У другой дэкадзе чэрвеня афіцыйная статыстыка стала часам паказваць спад колькасьці «актыўных выпадкаў» (за кошт вялікай колькасьці выпісаных) і меншую колькасьць новых выяўленых выпадкаў на дзень.
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.
На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства аховы здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства аховы здароўя пачало заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».
У Латвіі і Эстоніі за дзень ня выявілі новых выпадкаў COVID-19
Нуль новых выпадкаў COVID-19 за дзень выявілі ў Латвіі і Эстоніі, паведамілі мэдычныя ведамствы краінаў 21 чэрвеня. Сьмерцяў ад каранавірусу таксама не фіксавалі. У Літве за дзень выявілі тры новыя выпадкі, ніводнага памерлага.
За ўвесь час ад пачатку эпідэміі ў Літве выявілі 1798 выпадкаў COVID-19 і прызналі 76 сьмерцяў ад каранавірусу, у Латвіі — 1111 выпадкаў і 30 сьмерцяў, у Эстоніі — 1981 выпадак і 69 сьмерцяў.
У іншых суседніх зь Беларусьсю краінах сытуацыя больш цяжкая. У Расеі за дзень выявілі 7728 новых выпадкаў і 109 сьмерцяў, ва Ўкраіне — 735 выпадкаў і 8 сьмерцяў, у Польшчы — 311 выпадкаў і 10 сьмерцяў. Расея цяпер на трэцім месцы ў сьвеце паводле агульнай колькасьці выпадкаў — там COVID-19 выявілі ў 584 680 чалавек, прызнаныя сьмерці ад каранавірусу агулам 8111 пацыентаў.
Тое, што ў Латвіі і Эстоніі не было новых выпадкаў за дзень, яшчэ ня значыць, што краіны цалкам перамаглі каранавірус. Напрыклад, у Чарнагорыі новыя выпадкі COVID-19 не фіксавалі ад 7 траўня да 13 чэрвеня ўключна, ды за тыдзень ужо выявілі 35 новых выпадкаў. Новыя выпадкі таксама час ад часу фіксуюць у Ісьляндыі — цяпер там 7 хворых.