Radio Free Europe / Radio Liberty афіцыйна абвясьцілі аб адкрыцьці новага бюро і аднаўленьні Баўгарскай службы ў Сафіі.
Радыё Свабода працавала ў Баўгарыі да і пасля «халоднай вайны» і спыніла сваю дзейнасьць у 2004 годзе. Па словах віцэ-прэзыдэнта мэдыякарпарацыі Ненада Пэіча, тады кіраўніцтва радыё прызнала, што з падзеньнем камуністычнага рэжыму заходнія каштоўнасьці перамаглі.
«Як мы бачым сёньня, гэта ня так у многіх краінах. Для фармаваньня свабоды СМІ патрэбна шмат часу », — заявіў Пэіч на цырымоніі адкрыцьця бюро. У пачатку году ў Бухарэсьце адкрылася таксама бюро. Румынія і Баўгарыя ўступілі ў Эўрапейскі Зьвяз у 2007 годзе. Гэтыя краіны часта сутыкаюцца з карупцыяй.
Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода — некамэрцыйная мэдыякарпарацыя, якая распаўсюджвае інфармацыю на розных плятформах (інтэрнэт, радыё, тэлевізія, відэа) у 22 краінах Усходняй і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы, Каўказу, Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі на 26 мовах.
Карпарацыя як прыватны атрымальнік грантаў фінансуецца за кошт сродкаў, якія дае Кангрэс ЗША праз Агенцтва ЗША па глябальных мэдыя. Амэрыканскім афіцыйным, урадавым і партыйным асобам не дазваляецца ўмешвацца ў рэдакцыйную палітыку.
Агульная аўдыторыя Radio Free Europe / Radio Liberty ацэньваецца ў дзясяткі мільёнаў гледачоў, чытачоў і слухачоў. Штаб-кватэра мэдыякарпарацыі знаходзіцца ў Празе.