Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску рыхтуюцца да інфэкцый, якія могуць завезьці госьці Эўрапейскіх гульняў


Сувэніры Эўрапейскіх гульняў у Менску
Сувэніры Эўрапейскіх гульняў у Менску

За 4 месяцы 2019 году захворваньняў на кішэчныя інфэкцыі ў Беларусі стала на 21% меней у параўнаньні зь леташнімі паказчыкамі.

Супрацоўнік Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Дзьмітры Галоцік паведаміў, што ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2018 году сёлета ў студзені — красавіку колькасьць хворых зьменшылася на пятую частку.

Больш чым на 40% скараціліся выпадкі захворваньня самымі распаўсюджанымі відамі інфэкцый — ротавіруснай і энтэравіруснай.

Мэдыкі лічаць гэтыя паказьнікі добрымі, бо апошнія 5-6 гадоў у Беларусі колькасьць кішэчных захворваньняў не зьніжалася. Эпідэмічных захворваньняў у гэты час амаль не назіралася.

Разам з тым дактары заклікаюць ня страчваць пільнасьць, бо пік падобных хвароб звычайна прыпадае на травень — верасень.

Журналісты пацікавіліся ў Дзьмітрыя Галоціка, наколькі рэальная імавернасьць таго, што небясьпечныя інфэкцыі ў Беларусь змогуць завезьці госьці ІІ Эўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Менску ў канцы чэрвеня. Дзьмітры Галоцік адказаў, што тэарэтычна такая пагроза існуе. Аднак, паводле яго, у краіне шмат робіцца для таго, каб выключыць такую магчымасьць:

«Мэдыкі ўжо праводзяць трэнавальныя вучэньні, на якіх адпрацоўваюць дзеяньні ў выяўленьні асобаў з сымптомамі інфэкцыйных захворваньняў. У інфэкцыйных шпіталях створаныя адмысловыя базы і сфармаваныя эпідэміялягічныя брыгады лекараў. Работнікі, якія будуць удзельнічаць у арганізацыі харчаваньня гасьцей і ўдзельнікаў спаборніцтваў, абсьледуюцца і вакцынуюцца. Санітарны кантроль будзе арганізаваны ў аэрапорце, на ўсіх спартовых абʼектах, у гатэлях, у Студэнцкай вёсцы, дзе разьмесьцяцца ўдзельнікі спаборніцтваў».

Простыя правілы бясьпекі

Спадар Галоцік назваў некалькі простых правілаў, якія дазваляюць не захварэць на кішэчныя хваробы.

  1. Не купляць харчы сумнеўнай вытворчасьці, якія прадаюць з рук ля прыпынкаў грамадзкага транспарту.
  2. Падтрымліваць чысьціню ў месцах, дзе захоўваюцца харчы.
  3. Захоўваць сырыя прадукты асобна ад гатовых.
  4. Трымацца тэхналёгіі пры гатаваньні ежы, абавязкова праварваць і прасмажваць стравы.
  5. Не выкарыстоўваць прадукты, у якіх закончыўся тэрмін захоўваньня.
  6. Захоўваць правілы асабістай гігіены, абавязкова мыць рукі з мылам перад гатаваньнем ежы.

Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць

Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.

  • На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
  • За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
  • З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
  • Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.​
  • Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
  • Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG