Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усходняе партнэрства», куды ўваходзіць і Беларусь, плянуюць рэфармаваць


У сувязі з 10-годзьдзем «Усходняга партнэрства» плянуецца правесьці рэформы ініцыятывы і рэклямную кампанію. Пра гэта Польскаму агенцтву друку заявіў міністар замежных справаў Польшчы Яцак Чапутовіч.

Сярод іншага, плянуецца стварыць сакратарыят «Усходняга партнэрства», а таксама інструмэнт назіраньня за посьпехамі краінаў ва ўвядзеньне рэформаў.

«Мы хочам выкарыстаць 10-ю гадавіну „Усходняга партнэрства“, якое мы ініцыявалі разам са Швэцыяй, каб узмацніць сьвядомасьць у рамках ЭЗ адносна шасьці краінаў, якія таксама зьяўляюцца часткай Эўропы. Гэта таксама нагода для ўзмацненьня сыгналу, што Эўразьвяз адкрыты, а таксама гатовы падтрымаць іх разьвіцьцё новымі праграмамі, напрыклад, абменам моладзі», — заявіў галава зьнешнепалітычнага ведамства Польшчы.

Як паведаміў Чапутовіч, у працэсе павышэньня статусу «Усходняга партнэрства» Польшча хоча выкарыстаць досьвед эўрапейскай інтэграцыі балканскіх краінаў.

«Мы хочам інстытуцыяналізаваць супрацу, каб краіны „Усходняга партнэрства“ лепш супрацоўнічалі паміж сабою, будзем імкнуцца да арганізацыі сустрэчаў ЭЗ-дзяржавы „УП“ на ўзроўні міністраў», — сказаў палітык.

Апрача сакратарыяту, плянуецца ўвесьці так званы інстытут прэзыдэнцтва, у рамках якога краіны «УП» супрацоўнічалі б з Эўразьвязам. Сярод прапановаў Чапутовіча ёсьць таксама дапушчэньне партнэраў да ўдзелу ў некаторых сустрэчах ЭЗ: па гандлёвых пытаньнях, фінансаваньня праектаў або свабодным гандлі краінамі «УП».


«Усходняе партнэрства» — гэта польска-швэдзкая ініцыятыва, якая ўзьнікла ў 2009 годзе і ёсьць часткай эўрапейскай палітыкі суседзтва адносна ўсходніх суседзяў Эўразьвязу. Мэтай «Усходняга партнэрства» зьяўляецца паглыбленьне палітычных сувязяў і эканамічнай інтэграцыі паміж ЭЗ і шасьцю краінамі: Армэніяй, Азэрбайджанам, Малдовай, Украінай, Грузіяй і Беларусьсю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG