61-гадовы Ўладзімер Базанаў на безальтэрнатыўнай аснове абраны кіраўніком Беларускай фэдэрацыі футболу (БФФ). Такое рашэньне прыняла справаздачна-выбарчая канфэрэнцыя арганізацыі 27 сакавіка. Сярод 83 дэлегатаў супраць прагаласаваў адзін чалавек, яшчэ двое ўстрымаліся.
Папярэдні старшыня БФФ прэм’ер-міністар Сяргей Румас заявіў, што фэдэрацыі патрэбна сьвежая кроў, але ён хоча застацца «часткаю беларускае футбольнае сям’і».
Уладзімер Базанаў — дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Берасьцейскай-Памежнай акругі № 4, намесьнік старшыні камісіі нацыянальнай бясьпекі. Мае вайсковае званьне палкоўніка.
Нарадзіўся ў Валагодзкай вобласьці, скончыў Каломенскую вышэйшую артылерыйскую вучэльню і артылерыйскую акадэмію імя Калініна. Служыў у Аўганістане, старшыня Берасьцейскай арганізацыі Саюзу вэтэранаў, сябра прэзыдыюму праўладнай абласной арганізацыі «Белая Русь».
Праходзіў вайсковую службу на пасадах камандзіра ўзводу і батарэі, начальніка штабу дывізыёну, камандзіра дывізыёну, начальніка штабу брыгады, камандзіра артылерыйскага палка і ракетнай брыгады, намесьніка, а потым і вайсковага камісара Берасьцейскай вобласьці.
У 2010–2012 гадах быў старшынём футбольнага клюбу «Дынама» (Берасьце). Пры ім берасьцейцы змагаліся за выжываньне ў найвышэйшай лізе і мелі сур’ёзныя фінансавыя праблемы.
Як нагадвае БелаПАН, канкурэнт Базанава, генэральны сакратар БФФ Юры Вяргейчык, 12 сакавіка заявіў самаадвод. Раней адмовіўся балятавацца журналіст Мікалай Хадасевіч.