Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве і Менску затрымалі ўдзельнікаў групы, якія займаліся «дамоўленымі» матчамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Удзельнікаў міжнароднай групы, якія займаліся «дамоўленымі» матчамі, затрымалі з доказамі злачынства ў Магілёве і Менску, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Высьветлена, што на працягу доўгага часу яны арганізоўвалі і праводзілі «дамоўленыя» матчы ў розных гульнявых камандных відах спорту, такіх як футбол, валейбол ды інш.

Удзельнікі групы дзейнічалі паводле загадзя агаворанага сцэнару, а зыход гульні вызначаўся каэфіцыентамі на пэўны вынік, якія выстаўлялі букмэкерскія канторы. Незаконны грашовы прыбытак удзельнікі шэрых схемаў атрымлівалі ад букмэкерскіх кантор краін Заходняй Эўропы і Азіі, адзначылі ў ведамстве.

Сьледчы камітэт завёў на іх крымінальную справу за махлярства (ч. 3 арт. 209 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і подкуп удзельнікаў і арганізатараў матчаў (ч. 2 арт. 253 КК).

Траіх падазраваных зьмясьцілі пад варту. Цяпер сьледчыя працуюць над тым, каб знайсьці ўсіх удзельнікаў гэтых схемаў і правяраюць тых, хто раней трапляў у поле зроку праваахоўнікаў за подкуп удзельнікаў прафэсійных спартовых спаборніцтваў.

У лютым 2018 году камітэт кантрольна-дысцыплінарны і этычных пытаньняў Беларускай фэдэрацыі футболу пажыцьцёва дыскваліфікаваў 11 гульцоў і аднаго трэнэра за арганізацыю і ўдзел у дамоўленых матчах, яшчэ некалькі чалавек былі дыскваліфікаваныя на 2 гады.

19 сьнежня 2017 году набыў моц прысуд Першамайскага раённага суду Менску ў першай у краіне справе аб удзельніках дамоўленых футбольных матчаў у дачыненьні да 15 фігурантаў — былых і дзейных футбалістаў, трэнэраў (футбольныя клюбы «Граніт», «Іслач», «Ашмяны», «Прамень»). Дзевяць чалавек абвінавачвалі ў подкупе ўдзельнікаў і арганізатараў прафэсійных спартовых спаборніцтваў і відовішчных камэрцыйных конкурсаў, учыненым паўторна (чч. 1 і 2 арт. 253 Крымінальнага кодэксу ), астатніх — паводле ч. 1 арт. 253 КК (без паўторнасьці).

Найбольшае пакараньне (3 гады абмежаваньня волі, так званай «хіміі») атрымалі былыя футбалісты клюбаў першай футбольнай лігі Беларусі Вячаслаў Замара і Юры Сыраквашка. Ім, а таксама трэнэру з Маладэчна Ўладзімеру Макоўскаму цягам 5 гадоў забаронена ўдзельнічаць у спартовых спаборніцтвах. Астатнія 13 падсудных атрымалі штрафы ад 4 тысяч да 400 базавых велічынь (ад 92 000 да 9200 рублёў).

Паводле сьледзтва, велічыня ставак на дамоўленыя матчы беларускага футболу ў букмэйкерскіх канторах Эўропы і Азіі вымяралася сумамі ад 1 да 4 тысяч у першай лізе і да 18 тысяч у найвышэйшай лізе альбо ў Кубку Беларусі. Даход ад такіх ставак мог быць значна большым, меркавала сьледзтва. Паводле матэрыялаў справы, арганізатары беларускіх матчаў атрымлівалі да некалькіх тысяч даляраў за гульню, шараговым футбалістам плацілі па некалькі соцень даляраў. Часам дамовы зрываліся, сьведчылі футбалісты ў судзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG