Лёша Чамаданаў за сваё жыцьцё мог бы некалькі разоў абабегчы вакол экватару. Але ён тыя ж кілямэтры накручвае па Горадні. У першай і адзінай у горадзе школе бегу Лёша згуртаваў «нармальных людзей», каб зьбегчы ад «ненармальнасьці» ды стварыць «варушняк» сярод гарадзенцаў. Заадно ён зьбірае грошы для хворых дзяцей, а дарослым дапамагае худзець.
«На прабежцы зьяўляюцца правільныя думкі»
Аляксею Чамаданаву 34 гады. Дваццаць зь іх ён бегае. Цяпер, па ягоных мерках, няшмат — па 70–80 кілямэтраў у тыдзень. Раней бывала і па 200.
Лёша ўстае, сьнедае льняной кашай і бяжыць. Інакш не прачнецца, і дзень будзе млявы. Бег для яго — ня сумны занятак.
«Бег для мяне ўжо філязофія. Я бягу, думаю, у працэсе зьяўляюцца правільныя думкі. Мозг узбагачаны кіслародам. І рашэньні ў праблемных сытуацыях прыходзяць лягчэй».
За ягонымі плячыма — юнацкія спаборніцтвы, настаўніцтва ў школе, зь дзясятак маратонаў, дабрачынныя бегавыя акцыі. Калі стала сумна бегаць аднаму, ён пачаў аб’ядноўваць вакол сябе людзей. Хацелася, да таго ж, дзяліцца досьведам.
«Я вельмі люблю бегаць з кампаніяй. Ніякая музыка не заменіць жывой камунікацыі. Няма нічога лепшага, чым прабежка з разумным чалавекам, у якога ёсьць чаму павучыцца», — мяркуе Лёша.
«Мы цягнемся адзін да аднаго па крытэрах чалавечнасьці»
Ён заўважыў, што спачатку ў клюб Run4Fun, а пасьля і ў школу бегу да яго пачалі прыходзіць людзі, якія думаюць, бізнэсоўцы, праграмісты. Аказалася, што яны «простыя, звычайныя, без празьмернай ганарлівасьці».
«Мы цягнемся адзін да аднаго па крытэрах нармальнасьці, чалавечнасьці. Нос ніхто не задзірае. У сёньняшнім сьвеце столькі нядобрага атачае, што хочацца шукаць нармальную кампанію. Мне хацелася сабраць у клюбе сяброў, каму можна давяраць, хто дапаможа ў цяжкай сытуацыі, з кім весела бавіць час. А бег нас аб’ядноўвае».
Трэнэр называе сваю школу бегу таксама школай бізнэсу. Падчас прабежак прадпрымальнікі абмяркоўваюць справы, дзеляцца парадамі.
Так Лёша пазнаёміўся з дырэктарам буйной горадзенскай IT-кампаніі і прыйшоў да яго працаваць. Хоць па працоўнай кніжцы ён мэнэджэр, але негалосна мае заданьне разварушыць калектыў. Ужо некалькі айцішнікаў ён выцягнуў на бег, яшчэ для 40 супрацоўнікаў кампаніі ладзіць сэкцыі па футболе, валейболе, баскетболе, тэнісе.
Цяпер вольны час я прысьвячаю людзям, і зь імі ідзе абмен жыцьцёвым досьведам
«Раней я ўвесь час прысьвячаў бегу, бо гнаўся за вынікам. Цяпер вольны час я прысьвячаю людзям, і зь імі ідзе абмен жыцьцёвым досьведам. Яны мне могуць падказаць у нейкіх справах, а я іх вучу бегаць», — кажа Лёша.
«Калі гэтую нішу займу ня я, то прыйдуць іншыя»
Клюб Run4Fun бегае штонядзелі ранкам па гарадзкім лесапарку Пышкі. Школа Run4Fun зьбіраецца па вечарах у спартовай залі цэнтральнага стадыёна. Адрозьненьне клюбу ад школы ў тым, што першыя проста супольна бегаюць, другія — вучацца, як гэта рабіць правільна, шмат часу аддаюць іншым фізычным практыкаваньням.
У спартовай залі больш за трыццаць чалавек. Маладыя дзяўчаты і хлопцы, людзі сярэдняга і сталага ўзросту зь дзецьмі, падлеткі.
Пад лічэньне ідзе разьмінка. На бегавых дарожках усе паселі на кукішкі і пайшлі, як качкі, пасьля паскакалі, як вераб’і. Наступнае заданьне — падлятаць ледзьве не пад столь, як кенгуру.
«Валера, ты махлюеш, падцягні калена», «Пачалі — і не спыняйцеся, так лягчэй», — чуваць голас трэнэра.
— Лёша, ты адмыслова сабраў усіх дзеля рэпартажу? Вас жа было менш, — пытаюся ў Чамаданава.
— Ты што, я нават не папярэджваў, што будуць журналісты. Не люблю паказухі. Проста апошнім часам людзей стала значна больш.
Клюб пачынаўся з трох вучняў. Дзеля іх Лёша езьдзіў на трэніроўкі з другога канца гораду.
«Было цяжка, але некалі гэта павінна было стрэліць. Я разумеў, што паўсюль ёсьць школы бегу. І калі гэтую нішу не займу я, то прыйдуць іншыя. Наш горад варты такіх трэніровак. Думаў раней: чаму ў Менску ўжо ёсьць, а ў нас няма?» — кажа Чамаданаў.
Жаданьня кінуць заняткі не было. Найбольш матывавалі ўсё лепшыя вынікі вучняў, іх захапленьне самім працэсам і яго плёнам. Нядаўна і клюб, і школу зарэгістравалі афіцыйна, а колькасьць удзельнікаў вырасла да 30–40 чалавек.
Прыйшоў з вагой 145 кіляграмаў
Сярод бегуноў — 37-гадовы Віктар Бяляеў. Мужчына прыйшоў бегаць у верасьні. Тады ён важыў 145 кіляграмаў. Раптам вырашыў, што трэба худзець, і скінуў ужо 13. У маладосьці ён нават бегаў за ўнівэрсытэт, але з прычыны сядзячай працы папаўнеў. На першай трэніроўцы прабег з горкі 500 мэтраў і болей ня здолеў. Праз два месяцы бег ужо 10 кілямэтраў. Бліжэйшая мэта — абагнаць мясцовых чэмпіёнаў і прабегчы паўмаратон.
«Гэта ня цяжка — быць ня першым. Проста трэба ставіць сабе мэту. Усё не атрымліваецца ў адзін дзень», — кажа гарадзенец.
Віктару падабаецца атмасфэра на занятках, прафэсіяналізм трэнэраў і людзкае стаўленьне да вучняў: «Лёша малайчына. У яго такі характар, які матывуе займацца. Ён да кожнага чалавека ставіцца як да сябра. У яго ніколі няма прэтэнзій да сваіх вучняў, у яго ёсьць парады».
Віктар заахвоціў прыйсьці ў школу бегу больш за дзесяць чалавек: бацьку, братоў, сына, пляменьнікаў, сяброў. Так яны могуць больш часу праводзіць разам.
Школа патрэбная, каб правільна ставіць нагу, каб не нашкодзіць здароўю
«Дастаткова адзін раз прыйсьці на трэніроўку, якую ладзіць наш трэнэр, каб зразумець, што хочаш гэтым займацца. Самому на стадыёне не атрымаецца так добра сябе матываваць. Школа патрэбная, каб правільна ставіць нагу, каб не нашкодзіць здароўю. З маёй вагой вялікая нагрузка ідзе на сьпіну, калені. Парады трэнэраў дапамагалі згладзіць дыскамфорт», — кажа Віктар Бяляеў.
«Тут зьяўляецца тонус»
Бацьку Віктара Вячаславу 60 год. Ён ужо на пэнсіі. Заўсёды любіў рух, бегаў у маладосьці разам зь дзецьмі па лесе. Цяпер прыйшоў, каб больш часу актыўна праводзіць разам з сынамі і ўнукамі. Схуднеў толькі на 3 кіляграмы, бо і так у добрай форме.
Ірына зарумянілася падчас практыкаваньняў. Яна ўсьміхаецца ды вохкае: «Я заўтра ня ўстану». Ёй 38 год. Прыйшла на трэніроўку ўпершыню. Хоча скінуць 10 кіляграмаў, што набрала пасьля родаў.
«Адчуваю сябе бадзёра. Цэлы дзень было адчуваньне, што хочацца спаць. А тут зьяўляецца тонус. Мне хоць сьпіна ня так баліць. Тут столькі знаёмых, што няма нагоды прапускаць трэніроўкі. Усе адзін аднаго падбадзёрваюць», — кажа Ірына.
Разам з татам на трэніроўкі ходзіць 7-гадовы Максім. Ён паслухмяна качае прэс, робіць практыкаваньні на турніку.
«Тата казаў, што займацца спортам вельмі карысна. Мне падабаецца бегаць і качаць прэс. Хоць крыху цяжка. Сябры ў школе нармальна ставяцца, кажуць, што гэта добра. Я стаў крышку хутчэй бегаць на фізкультуры. Хачу прабегчы 5 кілямэтраў. Думаю, да вясны атрымаецца», — дзеліцца Максім.
Вучацца бегаць ня толькі навічкі, але і дасьведчаныя спартоўцы. Павел Красько — бронзавы прызёр чэмпіянату сьвету па спартовым арыентаваньні. Школа бегу дапамагае зь фізычнай падрыхтоўкай.
«Дысцыплінаваць сябе цяжка, а з трэнэрам эфэктыўней атрымліваецца. Лёша дае больш, чым я б адзін займаўся. У камандзе ты падцягваесься, хутчэй бегаеш. У мяне сталі лепшымі вынікі на кароткія дыстанцыі. Цяпер рыхтуюся да чарговага чэмпіянату».
Праграмісту Ігару на працы не хапае фізычнай актыўнасьці, таму ён бегае і езьдзіць на ровары. Свой маратон ён ужо прабег раней. Цяпер такой мэты няма, проста падтрымлівае форму.
«Тут шмат маіх сяброў. Але я раней знаходзіў адгаворкі. Прыйшоў, убачыў, што заняткі сыстэматызаваныя, спадабалася. Так атрымліваецца займацца спортам рэгулярна. Хатняе заданьне трэба выконваць», — кажа Ігар.
Run4Fun стаў для многіх колам сяброў. Пасьля кожнай трэніроўкі яшчэ 10-—15 хвілін бегуны не разыходзяцца, каб нагаварыцца. Увечары чат у Viber разрываецца ад паведамленьняў. Па нядзелях прыносяць з сабой тэрмасы з гарбатай і печыва. Падтрымліваюць адно аднаго ў цяжкіх сытуацыях: згарэў дом або пазбавілі бацькоўскіх правоў. Дапамагаюць іншым: далучаюцца да ўсіх бегавых дабрачынных акцый па зборы грошаў для хворых дзяцей.
Як пачаць бегаць?
«Калі вам прысьпічыла бегчы, абувайцеся ў што ёсьць і бяжыце. Не адкладайце сваё жаданьне на далёкія часы: мне спачатку трэба набыць красоўкі, падабраць экіпіроўку. Не — бяжыце», — матывуе трэнэр.
Адначасова ён рэкамэндуе сур’ёзна ставіцца да красовак. Гэта самае дарагое ўкладаньне ў бег. Добры абутак каштуе ад 100 даляраў. Інакш могуць пацярпець калені. Лепш набываць абутак на паўпамера большы, чым звычайна. З адзеньнем прасьцей, яго можна выбраць нават у крамах second-hand. Лепш, каб цішотка і нагавіцы былі з сынтэтыкі, шчыльна прылягалі да тулава. Тады вільгаць лепш выводзіцца са скуры і менш шансаў прастудзіцца.
Лёша ўпэўнены, што да бегу трэба прыйсьці. Гэта больш спакойны спорт. Да яго матывуе супольнасьць.
«Адзін знойдзеш у сабе слабіну: вецер, кепскае надвор’е, ня выспаўся, стаміўся. Калі прыходзіш у кампанію, проста стартуеш зь іншым чалавекам і бяжыш. Калі бачыш, як бяжыць наш Вячаслаў, як стараецца Віктар і не пераходзіць на крок, то як ты будзеш халтурыць?»