У сеціве працягваецца збор подпісаў за ўшанаваньне памятных мясьцінаў, зьвязаных зь Беларускай Народнай Рэспублікай у розных гарадах Беларусі. Гарадзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч называе дзясяткі такіх месцаў у сваім горадзе.
Аўтары звароту ўключылі ў сьпіс адрасоў, якія прапануецца ўшанаваць да 100-годзьдзя БНР, толькі дом купца Мураўёва на Савецкай плошчы, у якім засядала Рада БНР пасьля ад’езду зь Менску.
Паводле Андрэя Чарнякевіча, такіх мясьцінаў нашмат болей.
«Насамрэч такіх адрасоў шмат, і гэта ня дзіўна. Горадня стала другой сталіцай БНР пасьля таго, як урад пераехаў сюды зь Менску, — расказвае гісторык Свабодзе. — Таксама знойдзена шмат месцаў, зьвязаных зь дзеячамі БНР, якія таксама варта ўшанаваць. Дагэтуль захавалася камяніца, дзе знаходзілася камэндатура беларускага палка, месца, дзе працавала Беларуская вайсковая камісія. Знойдзеныя адрасы, дзе жылі Аркадзь Смоліч, Рак-Міхайлоўскі. Ёсьць і сымбалічныя мясьціны кшталту абласнога тэатру, на месцы якога ў тыя часы быў Барысаглебскі манастыр, дзе месьціўся Цэнтар беларускага руху».
Паводле Андрэя Чарнякевіча, цяпер ён працуе над кніжкай, у якой плянуе зьмясьціць усе гарадзенскія адрасы БНР.
«Пасьля таго, як урад БНР пераехаў у Горадню, хоць і на кароткі час, але адбылася канцэнтрацыя беларускіх арганізацый. Тут пачынаюць фармавацца беларускія выданьні, была спроба арганізацыі беларускага войска. Тут, урэшце, апошняе месца, дзе знаходзіўся ўрад БНР на беларускіх землях. І ўсё гэта варта ўшаноўваць», — кажа суразмоўца.
Калектыўны зварот пра ўшанаваньне памятных мясьцінаў Беларускай Народнай Рэспублікі, пад якім цяпер зьбіраюць подпісы ў сеціве, будзе накіраваны ў Міністэрства культуры Беларусі.