Сёньня ў Лязане на пазачарговай сэсіі Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) было прынятае рашэньне, якія гарады прымуць летнія Алімпійскія гульні ў 2024 і 2028 гадах. Прычына для скліканьня сэсіі — галасаваньне за зьмену рэглямэнту: кіраўніцтва МАК вырашыла падзяліць Гульні паміж Парыжам і Лос-Анджэлесам і затым ухваліць абедзьве кандыдатуры «адным пакетам». Пра гэта паведамляе міжнароднае францускае радыё.
У Лязану на сэсію МАК прыехаў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.
«Я мяркую, што мы гатовыя, што момант — вельмі зручны для краіны, і што нашыя суайчыньнікі вельмі чакаюць гэтай перамогі, каб паказаць астатняму сьвету, на што мы здольныя... Мы гатовыя да 2024 года» — заявіў прэзыдэнт Макрон.
Сёньняшняе рашэньне МАК падзяліць гульні паміж Парыжам і Лос-Анджэлесам фармальна зьяўляецца папярэднім. Рашэньне яшчэ павіннае быць пацьверджанае 13 верасьня на сэсіі МАК у Ліме, падчас канчатковага галасаваньня адразу за дзьве кандыдатуры — за Парыж-2024 і за Лос-Анджэлес-2028.