Расейскі пісьменьнік і журналіст Сяргей Лойка нядаўна апублікаваў кнігу «Аэрапорт», заснаваную на ўласным досьведзе назіраньня за вайной ва Ўкраіне з канца 2013 году да канца 2014-га. Ён прайшоў усе асноўныя стадыі найноўшай украінскай гісторыі, пачынаючы з Майдану, вуліцы Грушэўскага, а потым ужо — Крым і Данбас.
Зь Сяргеем Лойкам гутарыць карэспандэнт расейскай службы Радыё Свабода Сяргей Мядзьведзеў.
Сяргей Мядзьведзеў: Спачатку раскажыце пра кнігу, якая ляжыць перада мной.
Сяргей Лойка: Яна выйшла ў выдавецтве «Брайт Букс» на расейскай і на ўкраінскай адначасова. Першы наклад быў 4000 на расейскай і 6000 на ўкраінскай. Я не хачу хваліцца, але кнігу літаральна зьмялі з паліц. 10 тысяч для Ўкраіны — гіганцкі наклад, ён разышоўся за першыя два дні. Зараз яны дадрукавалі яшчэ 14 тысяч, і, што цікава, попыт на расейскую мову быў значна большы, чым на ўкраінскую, ужо надрукавалі 8000 на расейскай і 6000 на ўкраінскай, таму што людзі казалі: калі мы чытаем на абедзьвюх мовах, то мы будзем чытаць у арыгінале, таму што ўкраінскі — гэта пераклад (я за яго якасьць ня вельмі адказваю, але кажуць, што нядрэнны).
Сяргей Мядзьведзеў: Кніга можа неяк патрапіць на расейскі рынак?
Сяргей Лойка: Я цяпер вяду перамовы з двума выдавецтвамі аб даволі кастрыраваным выданьні гэтай кнігі. Пакуль ня буду называць гэтыя выдавецтвы, каб іх не зачынілі раней часу.
Сяргей Мядзьведзеў: То бок там ёсьць разьдзелы, якія ня могуць публікавацца зь меркаваньняў цэнзуры?
Сяргей Лойка: Я ня ведаю, як гэта будзе. Я вельмі хачу, каб расейскі чытач прачытаў гэтую кнігу, таму што адрасую яе ўсім людзям, якія хочуць даведацца, што адчувае чалавек на вайне. Насамрэч гэтая кніга не пра данецкі аэрапорт. Аэрапорт — гэта галоўны герой кнігі, сымбаль цывілізацыі, якую чалавек будуе гадамі, а потым за 242 дні са зброяй у руках разбурае, яна падае яму на галаву і хавае яго.
Сяргей Мядзьведзеў: Столькі дзён працягвалася бітва за аэрапорт?
Сяргей Лойка: Так. Гэта больш, чым Сталінградзкая бітва.
Сяргей Мядзьведзеў: Сапраўды, вельмі сымбалічная рэч. Гэта адзін з самых мадэрнізаваных аэрапортаў, які быў гатовы прымаць вялікія «Боінгі-747».
Сяргей Лойка: Ён пабудаваны да Чэмпіянату Эўропы па футболе і, вядома, быў адным з найлепшых эўрапейскіх аэрапортаў. Ён быў бліскуча зроблены, з пункту гледжаньня архітэктуры. Нават ня верыцца. Я такой ступені разбурэньняў ня бачыў нават у Сьпілбэрга ў яго найлепшых фільмах, такіх як «Выратаваць радавога Раяна». Проста вельмі шкада, што яны яго зусім разбурылі, бо калі б вайна скончылася трохі раней і яны сышлі б адтуль, то можна было б адразу прыгнаць тэлевізійную каманду і здымаць фільм па матывах.
Сяргей Мядзьведзеў: А вайна, па-вашаму, скончылася?
Сяргей Лойка: Я вельмі спадзяюся, што па вялікім рахунку — так. Бо чалавек, які пачаў вайну, ён жа не дурны чалавек. Гэта ж не вайна ўкраінскага народу супраць расейскага народу, гэта не вайна Расеі супраць Украіны — гэта вайна аднаго чалавека супраць расейцаў, супраць украінцаў. І, я спадзяюся, гэты чалавек зразумеў, што памыліўся. Бо нават галоўны рэдактар «Эха Москвы», які мае доступ у пэўныя колы, казаў у сваім вельмі цікавым нядаўнім інтэрвію, што, па яго зьвестках, рашэньне аб Крыме і гэтак далей прымалася адным-адзіным чалавекам, супраць чаго пярэчыла ўсё ягонае асяродзьдзе.
Сяргей Мядзьведзеў: У чым быў сэнс гэтых 242 дзён? Як я разумею, гэта ж нейкі абсалютна бессэнсоўны сымбалічны аб’ект, які стаў неверагодна інтэнсіўным пунктам супраціву. Быў нейкі стратэгічны сэнс ва ўтрыманьні гэтага аэрапорта?
Сяргей Лойка: На мой погляд, не. Яго нельга было ўтрымаць, наогул, нельга абараняць паветра. Можна абараніць вышыню, дзе ёсьць фартыфікацыйныя збудаваньні, але ў аэрапорце не было нічога. Штурм аэрапорта 26 траўня ўкраінскімі войскамі, мяркуючы па зьвестках, якія я атрымаў... У мяне 43 гадзіны інтэрвію з вайскоўцамі па той і па гэты бок канфлікту, на якіх, акрамя маіх адчуваньняў і ўражаньняў, грунтуецца гэтая кніга ў сваёй ваеннай частцы, але там ёсьць і неваенная частка. Сам аэрапорт быў захоплены даволі кур’ёзна. Загад адбіць аэрапорт у так званых апалчэнцаў не было. Група кіраваградзкіх дэсантнікаў, спэцназаўцаў вяла назіраньне за аэрапортам, і там быў адзін снайпэр. У гэты момант на ўзьлётным полі пачаў прызямляцца ўкраінскі верталёт. Снайпэр заўважыў, што на даху стаіць нешта вялікае ў выглядзе трубы, падобнае на РПГ або ракетны комплекс. Ён паведаміў па рацыі камандзіру. Камандзіра ці то не было, ці то ён у той момант быў ня ў стане прымаць рашэньні, карацей, рашэньне прыняў снайпэр... і забіў апалчэнца на даху (я буду выкарыстоўваць гэтыя эўфэмізмы, хоць усе разумеюць, пра што ідзе гаворка), у адказ пайшоў агонь, у адказ пайшоў другі агонь. Прафэсійныя вайскоўцы выйгралі гэты бой у непрафэсійных вайскоўцаў і захапілі аэрапорт.
Цяпер наогул ніхто з украінскіх вайскоўцаў ня можа дакладна сказаць, хто аддаў загад. Быццам бы існаваў загад: трымайцеся. І яны трымаліся. На мой погляд, яны ў любы момант маглі сысьці і сказаць: мы больш ня можам абараняць тое, што нельга абараніць. Але чамусьці яны не сыходзілі. Гэта быў такі працяг Майдану, такі Майдан на вайне. У гэтым аэрапорце не было выпадковых людзей, туды наогул стаяла чарга з украінскіх вайскоўцаў.
Сяргей Мядзьведзеў: Гэта ўсё афіцэры, як я разумею?
Сяргей Лойка: Не, афіцэраў там было няшмат. Гэта ўсё былі дарослыя людзі, моладзі там амаль не было. Некаторыя былі з ваенным досьведам, некаторыя — не. Самае галоўнае, што іх адрозьнівала — яны былі добраахвотнікамі. Гэта значыць камандзір аддаваў загад, што нейкая брыгада павінна паслаць туды на ратацыю 20 чалавек. Камандзір брыгады шыхтаваў байцоў, казаў: патрэбныя добраахвотнікі. Усе рабілі крок наперад, ён адбіраў 20 чалавек. У Песках стаяла проста чарга з вайскоўцаў, каб патрапіць у аэрапорт, як быццам гэта быў сакрэтны пакой, як у «Сталкеры», у зоне.
Наогул, усё ў аэрапорце было іншае. Там не было пачуцьця голаду. Я ўспомніў, што нічога ня еў, толькі на чацьвёрты дзень, калі мне далі нейкую сушку і я стаў яе смактаць — нешта ў мяне апэтыту не было. Я ўвогуле ня мог успомніць, калі я піў, калі я, прабачце, сікаў. Там усё жылі нейкім сьвятым духам.
Сяргей Мядзьведзеў: А страх там быў? Страх сьмерці, калі ляцела міна...
Сяргей Лойка: Разумееце, баяцца можна адну хвіліну, дзьве хвіліны, тры хвіліны. У мяне ёсьць вельмі цікавая фатаграфія, нават не зразумееш, зь якой яна вайны: дзіўна, калі тры байцы глядзяць у паветра, і ва ўсіх той самы позірк — мая гэта міна ці не? Калі ты чуеш міну — яна не твая, калі ня чуеш — яна твая. Вось яны кожны раз услухоўваюцца. Людзі прывыклі, на вайне наогул хутка прывыкаеш да страляніны. Калі ты ляціш куды-небудзь у Амэрыку, у цябе адаптацыя 5 дзён. Так і тут, калі арганізм ужо так прасякаецца адрэналінам, што ён у цябе цячэ з вушэй, ты перастаеш рэагаваць, як быццам ты пад наркозам: табе ўкалолі анаболік, і ты — кібарг. Яны ператварыліся ў кібаргаў. Тут нічога асабліва легендарнага няма. Яны не баяліся памерці, таму што тое, дзе яны былі — гэта было страшней за сьмерць. Яны былі ў пекле. І сьмерць у нейкім сэнсе была б збавеньнем ад гэтага. Яны змагаліся да самага канца, пакуль аэрапорт ня ўпаў і не пахаваў іх. Памятаеце ў «Трох мушкецёрах», у Партоса пытаюцца: «Чаму вы б’яцеся?» — «Я б’юся, таму што я б’юся». Так і тут, калі спытаць у гэтых хлопцаў, вядома, нехта мог сказаць «за незалежную Ўкраіну» і ўсё такое, але гэта гучала б патасна і няправільна. Кожны зь іх біўся, таму што побач быў таварыш, які біўся.
Там не было ніводнага бясьпечнага месца, нават калі ты ляжаў, цябе магло накрыць, цябе магло забіць. Там не было ніводнага бясьпечнага сантымэтра, там не было ніводнага кубічнага мэтра, не накрытага «Градам», мінамі, асколкамі. Я спытаўся ў аднаго афіцэра: «А што вы так учапіліся ў гэтую справу, чаму вы абараняеце гэты кавалак зямлі, які наскрозь прастрэльваецца з усіх бакоў?» Ён адказаў: «Мы ж павінны нешта абараніць, у рэшце рэшт, мы і абараняем, у нас пакуль атрымліваецца».
Сяргей Мядзьведзеў: Украіна сачыла за імі, ці гэта была абсалютна ізаляваная гісторыя, якая ператварылася ў «рэч у сабе»?
Сяргей Лойка: Усе разумелі, усе адчувалі, што там нешта важнае, але інфармацыі ніякай не было. Вечарам і днём на тэлеэкране зьяўляўся нейкі вайсковец з штабу з рыбінымі вачыма і безуважна чытаў нейкі тэкст па паперцы: нейкія сутыкненьні, столькі параненых, столькі забітых, і ў тым ліку аэрапорт. Толькі пад канец да аэрапорта была прыкаваная ўсеагульная ўвага. Ён ператварыўся ў працяг Майдану, у знак украінскага супраціву, у знак барацьбы за незалежнасьць.
Сяргей Мядзьведзеў: Колькі дзён там вытрымлівалі людзі, колькі максымальна заставаліся?
Сяргей Лойка: Па ратацыі там людзі знаходзіліся ад 7 да 10 дзён. Пад канец ужо не было ратацый, таму што бронетранспарцёры, БМП, якія прывозілі боекамплект, ваду (вада была на вагу золата), ужо перасталі прыбываць, іх усё спальвалі. Гэта было падарожжа ў пекла. Там быў адзін кіроўца (у яго быў пазыўны «Дабэрман»), ён у мяне ў кнізе — адзін з рэальных людзей. Кніга населеная выдуманымі пэрсанажамі з выдуманымі пазыўнымі і ў асноўным выдуманымі імёнамі, а гэты пазыўны я вырашыў пакінуць некранутым, таму што ён быў з самага пачатку да самага канца. І калі ягоны БМП ў рэшце рэшт згарэў, ён адзін-адзіны адтуль вылез, страціў руку, трапіў у палон, але застаўся жывы. Гэта быў сталкер, сапраўдны сталкер.
Сяргей Мядзьведзеў: Яны самі называлі адзін аднаго «кібаргамі»?
Сяргей Лойка: Так. Наогул, вайна дзіўная, такой вайны я раней ня бачыў. Адзін камандзір брыгады распавёў мне ў шчырай гутарцы, што там ёсьць рэгулярныя расейскія вайскоўцы (можа быць, для кагосьці гэта сакрэт або сюрпрыз, але яны там былі і, па-мойму, да гэтага часу застаюцца). Камандзір адной расейскай брыгады тэлефануе яму па мабільніку (яны адзін аднаго ведаюць па нейкім мінулым жыцьці, разам былі дзесьці) — а да гэтага ў іх быў цяжкі зацяжны бой, выведка трапіла ў засаду — і кажа: «Міхалыч, у мяне двое тваіх двухсотых і адзін трохсоты (гэта значыць, двое забітых і адзін паранены) — хочаш забраць?» А той яму кажа: «Саша, у мяне сёньня няма абменнага фонду, я нікога не злавіў». — «Я табе ў доўг дам, потым вернеш». Празь дзень пасьля новага зацяжнога бою гэты Міхалыч тэлефануе гэтаму Сашы: «Саша, я гатовы табе вярнуць, у мяне двое тваіх двухсотых і двое трохсотых». — «Ну, я ж табе аднаго даў». — «А я табе з працэнтамі вяртаю».
Ці яшчэ эпізод. Камандзір расейскіх вайскоўцаў тэлефануе іншаму ўкраінскаму камандзіру, які знаходзіцца за лініяй фронту, і кажа: «Слухай, мне падвезьлі тры тысячы снарадаў, мне іх трэба выпусьціць. Ты там закапайся на ўсялякі выпадак як сьлед». А той адказвае: «Не пасьпею, мы толькі пазыцыі памянялі. Ты можаш два дні пачакаць?» — «Не, я павінен сёньня выпускаць». — Слухай, але ты ж па плошчах будзеш біць, давай я табе дам каардынаты". Ён дае яму каардынаты нейкага сьметніку і пустога лесу. Сьметнік увесь разбураны.
Цалкам інтэрвію чытайце тут.