Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк замест слова «дэвальвацыя» ўжывае тэрмін «валацільнасьць»


Упраўленьне інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Нацбанку Беларусі апублікавала афіцыйную заяву, у якой пракамэнтавала бягучую сытуацыю на валютным рынку.

У заяве Нацбанку ні разу не выкарыстоўваецца слова «дэвальвацыя» — яго фактычна замянілі словам «валацільнасьць». Пры гэтым цяперашняя курсавая дынаміка называецца «фактарам макраэканамічнай стабільнасьці», а віна за абясцэньваньне рубля ўскладзена выключна на зьнешнія фактары.

У Нацбанку спасылаюцца на заяву кіраўніка Нацбанку Паўла Калаўра ад 4 жніўня, дзе ён сказаў пра «адсутнасьць унутраных фактараў, якія б узьдзейнічалі на курс беларускага рубля і істотным чынам зьмянялі яго дынаміку». Пры гэтым ён адзначыў, што курс нацыянальнай валюты шмат у чым будзе залежаць ад зьмены зьнешніх фактараў, перш за ўсё цаны на нафту і дынамікі курсаў валют у краінах-асноўных гандлёвых партнэрах Рэспублікі Беларусь.

«За мінулы пэрыяд на сусьветных фінансавых рынках адбыліся сур’ёзныя зьмены, якія прывялі да істотнага павышэньня валацільнасьці шэрагу ключавых эканамічных паказьнікаў. Такія кан’юнктурныя фактары, як рэзкае зьніжэньне сусьветных коштаў на нафту, значнае паслабленьне курсаў расейскага рубля, кітайскага юаню і казахстанскага тэнге, у значнай ступені зрабілі ўплыў на ўнутраны валютны рынак нашай краіны, узмацніўшы валацільнасьць абменнага курсу беларускага рубля да асобных валют», — адзначаецца ў сёньняшняй заяве галоўнага банку Беларусі.

Пры гэтым у Нацбанку запэўніваюць, што бягучая дынаміка абменнага курсу беларускага рубля «дазваляе падтрымліваць канкурэнтаздольнасьць эканомікі і дзелавую актыўнасьць, выступаць фактарам макраэканамічнай стабільнасьці».

Уплыў зьнешніх кан’юнктурных фактараў можа прыводзіць да рознанакіраванага руху курсу, узмацняючы тым самым яго валацільнасьць.

«Уплыў зьнешніх кан’юнктурных фактараў можа прыводзіць да рознанакіраванага руху курсу, узмацняючы тым самым яго валацільнасьць. Па меры зьніжэння турбулентнасьці на зьнешніх рынках і аслабленьня кан’юнктурных фактараў будзе зьніжацца і валацільнасьць абменнага курсу беларускага рубля. Дзеяньні Нацыянальнага банку накіраваны на зьніжэнне празьмерных кан’юнктурных ваганьняў курсу, не перашкаджаючы дзеяньню фундаментальных фактараў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Валацільнасьць (англ. volatility) — гэта тэрмін з сфэры фінансаў, які характарызуе зьменлівасьць цаны. Адносна курсу валюты экспэрты карыстаюцца гэтым тэрмінам у выпадках, калі курс вагаецца ў розныя бакі, а падвышэньне хутка зьмяняецца падзеньнем ці наадварот.

Між тым за апошнія 16 дзён курс эўра вырас на 1 473 рублі, а курса даляра на 1 152 рублі. Пры гэтым даляр узяў 10 гістарычных рэкордаў, а эўра — 5.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG