Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвійскія заўзятары пакідаюць Менск з крыўдай


Замежныя заўзятары пачынаюць пакідаць Беларусь. Перадусім гэта тычыцца прыхільнікаў камандаў, якія ня здолелі прабіцца ў чвэрцьфінал. У іх ліку — шматтысячная тарсіда аматараў хакею з Латвіі. Шмат хто зь іх перакананы, што латышоў засудзілі, каб «працягнуць» у наступны раўнд гаспадароў — зборную Беларусі.

Фанаты латвійскай каманды ў смутку. Пасьля дзьвюх запар паразаў ад беларусаў і швайцарцаў яны пакуюць чамаданы, хоць разьлічвалі застацца ў Менску да канца тыдня. Многія дагэтуль ня могуць супакоіцца ад незалічанай шайбы ў вароты зборнай Беларусі, якая фактычна каштавала пападаньня ў чвэрцьфінал спаборніцтваў. Алена з Рыгі не хавае расчараваньня:

«Ды канечне, хадзілі, засмуціліся. Як гулялі, так і прайгралі. Але трэба было адразу змагацца, а не наракаць потым на лёс. Хоць па радыё потым слухалі, што гол нібыта быў, праглядалі адмыслоўцы, усё было правільна. А хто там быў на лініі — паўтору ж не паказалі? Звычайна ў вас паўторы паказваюць — выдаленьні, сутычкі, нешта іншае. Але гэтым разам неяк не захацелі, а да інтэрнэту ў нас доступ абмежаваны. Вядома, пасьля былі вялікія спадзяваньні на матч са швайцарцамі, але таксама ня спраўдзіліся. Цяпер вось дадому...»

У дрэнным настроі і іншы заўзятар, Айварс. У сваіх высновах ён больш радыкальны — не выключае, што судзьдзі мэтанакіравана вялі беларусаў у наступную стадыю:

«Натуральна, заўзятары ў шоку, бо зразумела, што ўсе хацелі сваёй камандзе толькі перамогі. Нават калі б скончылася нічыйным вынікам, было б цікавей — авэртайм, буліты. Прэзыдэнт нашай фэдэрацыі мае намер аспрэчваць эпізод зь незалічанай шайбай, і калі ўжо ён так узяўся за гэта, то, мабыць, нешта не зусім чыста. Ён жа меў магчымасьць апэратыўна запатрабаваць прагляду і г.д. Цікава, што ў вас тут любыя моманты ўсю дарогу на „кубіку“ круцілі, паказвалі, а гэты як нажом абсекла, і ўсё. Таму пытаньне сапраўды спрэчнае».

Карэспандэнт: «Ці маглі судзьдзі адмыслова згуляць на карысьць беларусаў?»

«Ну, прынамсі ня выключана, хоць сьцьвярджаць адназначна не магу, бо трэба ўва ўсім добра разабрацца. Але ў любым выпадку нічога ўжо не папішаш, нехта мусіць прайграць».
22 траўня каманда Беларусі згуляе са швэдамі, якія і праз 12 гадоў ня могуць забыць паразу на Алімпійскіх гульнях у Солт-Лэйк-Сіці і на матчы зь беларусамі настройваюцца адмыслова

22 траўня каманда Беларусі згуляе са швэдамі, якія і праз 12 гадоў ня могуць забыць паразу на Алімпійскіх гульнях у Солт-Лэйк-Сіці і на матчы зь беларусамі настройваюцца адмыслова. Швэдзкія камэнтатары спадзяюцца, што іхнія ўлюбёнцы больш не паднясуць заўзятарам падобных сюрпрызаў і беларускі бар’ер пройдуць зь лёгкасьцю.

А ці добра абазнаныя супрацоўнікі СМІ пра краіну Беларусь? Журналіст Пэр Энэруд, які працаваў уласным карэспандэнтам Швэдзкага тэлебачаньня спачатку ў СССР, а потым у Расеі, а цяпер супрацоўнічае з мэдыя-інстытутам FOJO, расказвае, што перад чэмпіянатам сьвету былі наладжаныя адмысловыя курсы для тых, хто зьбіраўся ехаць у Менск:

«Так, мы праводзілі азнаямленчыя заняткі з журналістамі, бо многія вельмі слаба ўяўляюць, што такое Беларусь, ня ведаюць, як што там выглядае, дзе і што можна знайсьці і што рабіць, каб не нарвацца на непрыемнасьці. Таму крыху распавядалі пра гісторыю, пра палітычны лад і г.д.».

Карэспандэнт: «Удакладнялі, што гэта апошняя эўрапейская дыктатура?»

«На гэтым, скажам шчыра, асабліва не засяроджваліся. Беларусь у швэдзкім грамадзтве ўжо 20 гадоў падаецца як прыклад дыктатуры, вельмі дзіўнага месца ў Эўропе. Зь іншага боку, той журналіст, які прыяжджае першы раз у Менск і думае наткнуцца на стомэтровыя партрэты правадыра ці штосьці ў гэтым духу — ён жа іх ня ўбачыць. Ня ў гэтым сэнсе Беларусь дыктатура, таму ў гэтым выпадку гаворка не вялася пра дыктатуру ці не дыктатуру. Мы гаварылі пра тое, што Беларусь — гэта нармальная эўрапейская дзяржава зь вельмі своеасаблівай палітычнай культурай. Але ў першую чаргу гэта краіна, якая нармальна працуе, у якой людзі ня тое што не існуюць у нейкіх жахлівых умовах, а жывуць годна, ідуць у тэатар, глядзяць кіно».

Тым часам для некаторых замежнікаў паездка ў Беларусь стала ў літаральным сэнсе апошняй у жыцьці. Сьледчыя органы паведамілі пра другі выпадак сьмерці заўзятара, які адмыслова прыехаў у Менск на хакей. Спачатку ў нумары гатэля пад Менскам мёртвым быў знойдзены грамадзянін Латвіі, а ў аўторак у найманай кватэры знайшлі труп жыхара Фінляндыі. Паводле афіцыйных зьвестак, пра крымінальны сьлед у абодвух выпадках гаворка не вядзецца. Пры гэтым асобныя назіральнікі зьвяртаюць увагу: заўзеньне, як правіла, суправаджаецца значнай колькасьцю піва ды мацнейшага алькаголю, а для арганізму тыдзень «не прасыхаць» — нагрузка надзвычайная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG